У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю ліпеня. Гэтыя матэрыялы знаёмяць з працай сінадальнай камісіі па пытаннях медыя і сродкаў масавай інфармацыі.
Старшыня камісіі па пытаннях медыя і сродкаў масавай інфармацыі – кс. канонік Юрый Марціновіч.
Малітва ў інтэнцыі Сіноду:
Духу Святы, Божа,
Ты вядзеш і ажыўляеш Касцёл, Абранніцу Хрыста.
Просім Цябе праз Першы Сінод нашай дыяцэзіі аднавіць і асвяціць Касцёл на Гродзеншчыне.
Просім Твайго святла. Прыйдзі і заставайся з намі.
Умацоўвай нашага біскупа Уладзіміра,
прэзбітэраў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, адказных за справу Сіноду.
Марыя, Маці Міласэрнасці, святы Казімір, святы Максіміліян, усе святыя і благаслаўлёныя гродзенскай зямлі – маліцеся за нас.
Што такое Сінод?
Дыяцэзіяльны Сінод — гэта дарадчы сход біскупа, група абраных членаў дыяцэзіі, якія, працуючы ў камісіях, дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў прыняцці рашэнняў, якія тычацца Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп заахвочвае ўсіх вернікаў выслухаць прапановы сінадальных камісій па важных для нашай дыяцэзіі пытаннях, а таксама падзяліцца сваім меркаваннем на хвалюючыя тэмы.
Мы верым, што праз Сінод Святы Дух звяртаецца да нашага мясцовага Касцёла і кіруе ім.
Камісія па пытаннях медыя і сродкаў масавай інфармацыі
Рэалізуючы Хрыстовы місіянерскі наказ: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19), Касцёл да сканчэння свету нястомна абвяшчае Евангелле. Ён робіць гэта з пачатку свайго існавання, выкарыстоўваючы даступныя сродкі і спосабы, вусна, а потым пісьмова. Сёння Божае слова можа перадавацца ўжо не толькі асабіста, але і з дапамогай розных сучасных тэхнічных сродкаў, каб дасягнуць вялікай колькасці людзей незалежна ад часу і месца іх прабывання.
У пачатку гісторыі хрысціянства апостал Павел абвяшчаў Евангелле на Арэапагу (пар. Дз 17, 16-34) i ў многіх іншых месцах. Сёння “першым сучасным “арэапагам” становіцца свет сродкаў масавай інфармацыі, які яднае чалавецтва і робіць з яго, як гаворыцца, “сусветную вёску”. Сродкі масавай інфармацыі атрымалі такое значэнне, што для многіх з’яўляюцца галоўнай інфармацыйнай і фармацыйнай прыладай, правадніком і натхненнем у асабістым, сямейным, грамадскім жыцці.
Асабліва новыя пакаленні растуць у свеце, сфарміраваным мас-медыя” (Redemptoris missio, 37).
Навуковыя даследванні паказваюць, што чалавек звычайна можа засвоіць каля 30% зместу пачутага, а калі ў перадачы інфармацыі злучаюцца слова і вобраз – 80% зместу. Гэта сведчыць, што мы, сучасныя сведкі Евангелля, стаім перад новым выклікам.
Сёння перадачы чалавечай думкі служаць не толькі прэса, тэатр, фільм ці радыё. Да ліку сродкаў камунікацыі далучыліся тэлебачанне, інтэрнэт, а ў апошнія гады лічбавыя медыя.
“Сапраўды дзіўныя тэхнічныя вынаходніцтвы, якімі ганарыцца сучаснае чалавецтва і якія хоць і з’яўляюцца вынікам намагання чалавечай думкі і працы, аднак на самой справе – дарам нашага Бога Створцы, ад якога паходзяць усе добрыя справы (...). Толькі рашучая і салідарная зацікаўленасць новымі сродкамі тэхнікі з боку як Касцёла, так і дзяржавы і прафесійных колаў паспрыяе таму, каб яны прычыніліся да духоўнага развіцця тых, хто імі карыстаецца. Аднак калі яны пакінуты без кантролю і пільнага кіраўніцтва, то садзейнічаюць паніжэнню культурнага і маральнага ўзроўню мас” (Пій XII, Miranda prorsus 1, 45). Таму новыя вынаходніцтвы, у тым ліку новыя мас-медыя, прымаюцца і ўхваляюцца Касцёлам, хоць у іх адрас не бракуе і крытычных заўваг, якія ўказваюць на амбівалентнасць гэтых сродкаў. Тое, добра ці дрэнна яны будуць выкарыстоўвацца, залежыць ад сфарміраванага сумлення стваральніка, адпраўшчыка і адрасата.
Тэхнічныя сродкі, якія даступныя сёння і якія з’яўляюцца, павінны служыць дапамогай у абвяшчэнні Божага слова. “Аднак удзел у сферы сацыяльнай камунікацыі накіраваны не толькі на пашырэнне прапаведвання. Гаворка ідзе пра глыбейшы факт, бо сама евангелізацыя сучаснай культуры ў вялікай меры залежыць ад іх уплыву. Таму не дастаткова выкарыстоўваць іх для пашырэння хрысціянскага паслання і вучэння Касцёла, але трэба ўключыць само пасланне ў гэтую “новую культуру”, створаную сучаснымі сродкамі камунікацыі” (Redemptoris missio, 37).
Сінод Гродзенскай дыяцэзіі рэкамендуе распаўсюджванне каталіцкай прэсы, найперш дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця”, у парафіях і заахвочвае духавенства і свецкіх людзей да супрацоўніцтва ў стварэнні гэтай прэсы. Роляй і задачай каталіцкай прэсы, акрамя інфармацыйнай функцыі, з’яўляецца таксама будаўніцтва мясцовай касцёльнай супольнасці і духоўная фармацыя вернікаў. Прэса распаўсюджвае каштоўнасці, якія паходзяць з Евангелля. Праз абвяшчэнне хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў яна дапамагае прымаць правільныя жыццёвыя рашэнні. Таксама з гэтай прычыны яна павінна ўспрымацца не як тавар, а як агульнае дабро, якое служыць будаўніцтву парафіяльнай і дыяцэзіяльнай супольнасці.
Рэкамендуецца распаўсюджванне ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі яе афіцыйнага сайта, даступнага па адрасе www.grodnensis.by. Сайт з’яўляецца крыніцай інфармацыі аб нашым мясцовым Касцёле.
Сінод заахвочвае парафіі выдаваць свае бюлетэні, дзе будзе змяшчацца інфармацыя пра парафіяльныя падзеі ці пра жыццё мясцовай супольнасці.
Сінадальная камісія звяртае ўвагу, што парафіяльным супольнасцям варта прысутнічаць у мас-медыя. Гэтая прысутнасць з’яўляецца для парафіяльнай супольнасці ключавой прыладай евангелізацыі і будаўніцтва зносін. Яна дазваляе выйсці насустрач вернікам, дасягнуць маладога пакалення і аператыўна інфармаваць пра жыццё парафіі, становячыся натуральным працягам душпастырскай дзейнасці па-за сценамі касцёла.
Сярод каштоўнасцяў, якія прыносіць правядзенне інфармацыйных каналаў праз парафію, наступныя:
паспяховая і аператыўная камунікацыя: своечасовае інфармаванне пра змены ў парадку набажэнстваў, інтэнцыі, споведзі, пахаванні ці пілігрымкі;
зварот да маладых: гэта асноўная сфера функцыянавання моладзі, якая такім чынам можа лягчэй уключыцца ў жыццё Касцёла;
сучасная евангелізацыя: магчымасць публікаваць фрагменты казанняў, сведчанні, разважанні над Божым словам ці здымкі з фармацыйных падзей;
актывізацыя супольнасці: развіццё адчування прыналежнасці і будаўніцтва зносін сярод парафіян, у тым ліку тых, якія не могуць удзельнічаць у Імшах у святыні па фізічных прычынах ці з-за аддаленасці.
У душпастырскай працы належыць як мага шырэй выкарыстоўваць сродкі, даступныя ў сферы мас-медыя і камунікацыі. Хоць тыя мас-медыя, якія вядомыя нам сёння, заўтра ўжо могуць змяніцца, аднак яны заўсёды могуць служыць справе евангелізацыі і асабістага хрысціянскага сведчання.
“Развіццё новых тэхналогій і ўвогуле ўвесь лічбавы свет становяцца вялікім багаццем для ўсіх людзей у цэлым і для чалавека як індывідуальнай істоты, а таксама з’яўляюцца штуршком да сустрэчы і дыялогу. Таксама яны даюць вялікі шанс вернікам. Бо ніякі шлях не можа і не павінен быць закрыты для тых, хто ў імя Хрыста Уваскрослага стараецца ва ўсё большай ступені набліжацца да іншага чалавека. Таму новыя мас-медыя ствараюць найперш для святароў усё новыя і неабмежаваныя з душпастырскага пункту гледжання перспектывы, што заахвочвае іх выкарыстоўваць паўсюдны маштаб Касцёла ў будаўніцтве вялікай і аўтэнтычнай супольнасці; даваць у сённяшнім свеце сведчанне новага жыцця, якое нараджаецца са слухання Евангелля Езуса, спрадвечнага Сына, які прыйшоў, каб збавіць нас. Аднак нельга забываць, што крыніца паспяховасці служэння – найперш Хрыстус, якога святар сустракае і слухае ў малітве, абвяшчае праз прапаведванне і сведчанне ўласнага жыцця, пазнае, любіць і цэлебруе ў сакрамэнтах, перш за ўсё ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі і сакрамэнце паяднання.
Зноў заахвочваю вас, дарагія святары, мудра карыстацца гэтымі выключнымі магчымасцямі, якія дае сучасная камунікацыя. Няхай Пан зробіць вас руплівымі вестунамі Добрай Навіны таксама на новай “агоры”, якую стварылі сённяшнія сродкі камунікацыі” (Бэнэдыкт XVI, Пасланне на 44-ы Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі).






