11 ліпеня ў межах двухдзённых дыяцэзіяльных урачыстасцяў у санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.
Тракельскі санктуарый – месца асаблівай малітвы за сем’і. Абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў можна назваць адным з самых маляўнічых мерапрыемстваў у межах штогадовых адпустовых урачыстасцяў, якія праходзяць там. У час абраду сужэнцы, гледзячы ў вочы адно аднаму, аднаўляюць свае любоў, вернасць, павагу і абяцаюць быць разам да канца жыцця. Гэтым парам, якіх у санктуарыі збіраюцца дзясяткі, абрад дае магчымасць аднавіць сваю сувязь і падзякаваць Богу за Яго ласкі.

Абрад узначаліў пробашч гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. канонік Валерый Быкоўскі. Ён заахвоціў сужэнцаў узгадаць, як яны перад алтаром у прысутнасці святара і парафіяльнай супольнасці прыносілі прысягу. Святар адзначыў, што тады ў іх жыццё ўвайшоў Езус Хрыстус, які хоча ўмацоўваць чалавечую любоў.
"Для вас гэта было найважнейшае "так", сказанае адно аднаму, Касцёлу і Хрысту. Сёння мы дзякуем Богу за ваша сакрамэнтальнае сужэнства, за тое, што вы ў ім прабываеце. Гэтае прабыванне - важны знак веры для іншых сённяшніх сужэнстваў", - дадаў ксёндз Валерый.
Святар заклікаў сужэнцаў даваць штодзённае сведчанне сапраўднага хрысціянскага жыцця сваім дзецям і ўнукам, заставацца надзеяй Касцёла і нашай краіны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






