Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Іўеўскага дэканату ў Тракелі: Геранёны – Тракелі

DSC 0646 38 ліпеня пачалася 29-я пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату на штогадовыя ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Паліна Манулік распавядае пра апошні дзень пілігрымкі.

Вось і настаў той самы доўгачаканы дзень! Сёння мы скончым шлях да нашай Панны! Пройдзем апошнія кіламетры! Трошкі сумна, бо пілігрымка ўжо стала для нас родным асяроддзем, а людзі – сям’ёю. Але ёсць месца і для радасці, бо мы амаль дасягнулі сваёй мэты!

Раніцай мы падзякавалі парафіянам і пробашчу з Геранён, дзе нас так гасцінна прынялі. Уручылі ксяндзу Віталію наш традыцыйны “пакет пілігрыма”, прывіталі ксяндза Рамана Вайцяховіча, які пачаставаў печывам, і вырушылі далей.

Геранёны настолькі не хацелі нас адпускаць, што палілі дажджом, як мы выходзілі, але мы не пакрыўдзіліся і спявалі яшчэ мацней.
Мы доўга праслаўлялі сваімі спевамі нашага Пана, а пасля праславілі і Яго Маці праз Гадзінкі. У гэты час вельмі прыемна прыпякала сонейка. Але нядоўга мы грэліся – у хуткім часе пілігрымы ўбачылі лінію дажджу. Ісці туды не хацелася, але і назад для нас дарогі няма!

DSC 0722 2

У такіх умовах мы вырашылі прайсці цяжкі шлях Хрыста. Чатырнаццаць прыпынкаў, чатырнаццаць разважанняў, тры падзенні… На Крыжовым шляху кожны нёс камень – як сімвал сваіх грахоў. Часам несці яго было цяжка, але Езус ішоў з намі, дапамагаў нам, як калісьці Яму дапамог Сымон Кірынеец. Пасля дажджу ізноў выглянула сонейка, якое перамагло чорныя хмары, як Езус на крыжы перамог смерць.

Мы падышлі да месца, дзе штогод ставім крыж, і пакінулі ля яго камяні – як сімвал перамогі над грахамі. А пасля мы падыходзілі адзін да аднаго, прасілі прабачэння за ўчыненае зло і дзякавалі за зробленае дабро. Гэта, напэўна, самы неверагодны момант пілігрымкі!

Пасля такой добрай хвіліны была магчымасць смачна паесці і трошкі адпачыць. У час адпачынку мы атрымалі майкі дэканату, сфатаграфаваліся і падрыхтаваліся да апошняга рыўку.

Гэты адрэзак дарогі быў самы цудоўны! Свяціла сонейка, было вельмі цёпла, нават пара падымалася з дарог! У гэты добры момант мы памаліліся на ружанцы, паспявалі песенькі, прамовілі Вяночак да Божай Міласэрнасці.

А пасля заставалася зусім крыху. Мы амаль прыйшлі! У кожнага пілігрымчыка запалала сэрца, загарэліся вочы. Апошнія кіламетры амаль не адчуваліся. Усе ўбачылі знаёмы паварот, таблічку “Тракелі”. Так, як зараз, мы не спявалі ніколі! Кожны быў задаволены, сэрца нарэшце суцешылася, мы прыйшлі! Урэшце, мы першыя!!!

Нас прывітаў кусташ санктуарыя Маці Божай Тракельскай ксёндз Вадзім разам з семінарыстамі. Яму мы таксама падарылі нашу майку. Пасля зайшлі ў дом Маці, занеслі Ёй свае інтэнцыі, напоўніліся Яе прысутнасцю.

Дайшло нас 147, прайшлі мы 66 кіламетраў, шлі тры дні. Дзякуй усім за ўдзел! З Богам!

Паліна Манулік