10 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) пачаліся дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці. Сёлета яны праходзяць пад дэвізам “Маці Міласэрнасці – наша Апякунка”, маюць характар падзякі за 35-гадовае існаванне Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзельнікі ўрачыстасцяў маюць магчымасць падзякаваць Панне Марыі за апеку над усімі, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, і даручыць Яе заступніцтву яго далейшы лёс.
У час гэтых святкаванняў санктуарый звычайна наведваюць шматлікія пілігрымы з розных месцаў. Сёлета ў першы дзень урачыстасцяў апоўдні ў Тракелі пачалі прыбываць пешыя пілігрымкі. Сярод іх самая вялікая група – з Гродна, у складзе якой больш 400 чалавек і якая за шэсць дзён пераадолела больш за 150 км. У пілігрымках прыйшлі таксама вернікі парафій Іўеўскага дэканату, Навагрудка, Дзятлава, Ашмянаў, Воранава, Германішак, Ліды i іншых месцаў. Многія прыбылі пяшком у індывідуальным парадку, маючы магчымасць на працягу некалькіх гадзін дарогі пабыць сам-насам з Богам.

Калі ў гэтай духоўнай сталіцы дыяцэзіі, тракельскім санктуарыі, дзе ў старадаўняй драўлянай святыні захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, ля якой схіляе калені святы каралевіч Казімір, пачынаюцца штогадовыя ўрачыстасці, гэты невялікі аграгарадок Воранаўскага раёна ажывае. Там збіраюцца тысячы людзей, выстрайваецца доўгая чарга вернікаў, якія доўга чакаюць, каб увайсці ў невялікі касцёл, дзе можна будзе прывітаць Маці Божую, выказаць свае просьбы, падзякі, радасць, смутак. Такім чынам, гэтыя ўрачыстасці з’яўляюцца сапраўдным святам для Касцёла на Гродзеншчыне, які хоча ўшанаваць сваю нябесную Маці ў тракельскім абразе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






