Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Іўеўскага дэканату ў Тракелі: Іўе - Суботнікі - Геранёны

DSC 0281 88 ліпеня пачалася 29-я пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату на штогадовыя ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем'яў у Тракелях. Паліна Манулік распавядае пра другі дзень пілігрымкі.

Раніца. Дожджык. Ветрык. Менавіта так нас сустрэў другі дзень пілігрымкі да Маці Божай Тракельскай!

Святая Імша адбылася ў касцёле апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. Цэлебраваў яе, як і ў мінулы раз, кіраўнік пілігрымкі ксёндз Віталій. Гамілію прамовіў ксёндз Дзмітрый Малец, які далучыўся да нас і ўвесь дзень радаваў сваёй прысутнасцю. У сваіх разважаннях ён нагадаў, што Бог заўсёды з намі і што мы павінны праз усё жыццё сведчыць аб Хрысце. У канцы Імшы мы прынялі ў сваю невялічкую супольнасць ксяндза Дзмітрыя і айца Анатолія, а пасля хуценька сабраліся і выйшлі, бо нас чакаў нялёгкі і доўгі шлях.

Усе пілігрымчыкі аднавілі сілы, таму вельмі гучна і весела абуджалі Іўе так, што ўсе дамы трэсліся! Мы падымалі сваімі ручкамі паветра, а нашыя прыгожыя яркія хустачкі было відаць за некалькі кіламетраў! У самым канцы горада нас чакаў прыемны падарунак. Жыхары пачаставалі нас печывам, якога было шмат і якім мы з задавальненнем частаваліся на перапынках. Дзякуем гэтым людзям!

Першыя сем кіламетраў мы праслаўлялі Бога і Панну Марыю спевамі, а пасля прасілі заступніцтва Маці праз Гадзінкі. Пад Урцішкамі нас напаткаў невялікі дожджык, які ахаладзіў пілігрымаў.

Адразу пасля перапынку мы прывіталі ксяндза Вячаслава, пробашча з Дудаў, і паслухалі вельмі насычаную і цікавую канферэнцыю, у межах якой разважалі над жыццём першага Папы Рымскага - святога апостала Пятра. Святар прапанаваў нам наступныя пытанні: Ці сумняемся мы ў Пану Богу? Ці давяраем Яму? Што адчуваем пасля споведзі? Таксама ён падкрэсліў, што людзі і пакаленні змяняюцца, а пакуль чалавек верыць і спадзяецца - ён жыве. У канцы ксёндз Вячаслаў заахвоціў нас вельмі шмат маліцца за навяртанне грэшнікаў.
Насыціўшыся духоўна, мы вырашылі пагуляць у "хлопчыкі-дзяўчынкі", дзе, пасля доўгай барацьбы, перамагла пілігрымка (дзяўчынкі). А пасля было пілігрымкавае радыё, з якога мы шмат даведаліся пра "агентаў у чорных сукенках". Радыё было вымушана спыніць сваю дзейнасць, бо ў нас быў перапынак. Але мы вырашылі доўга не мокнуць і амаль адразу пайшлі далей.

Да Суботнікаў заставалася шэсць кіламетраў. На гэтай частцы дарогі мы маліліся на ружанцы, быў час для брата і сястры, а пасля спявалі. Усе ўжо стаміліся, усім хацелася хутчэй дайсці да месца абеду і адпачыць. Крок за крокам - і ўрэшце дайшлі!

DSC 0458 7

Спачатку ксёндз Аляксандр не хацеў нас пускаць і зачыніў брамы (з любові да нас, канешне), але пасля гасцінна запрасіў на сала з цыбуляй (якімі нават не пахла...). Але абед усё ж такі быў смачны! Было яшчэ крыху часу для адпачынку і праколаў мазалёў. Мы падзякавалі ксяндзу Аляксандру і ўручылі наш "афіцыйны камплект".
Не паспелі мы выйсці з Суботнікаў, як пачулі радасную навіну: да нас далучыўся біскуп Уладзімір Гуляй! Усе пілігрымы былі вельмі рады бачыць Яго Эксцэленцыю. Ксёндз Віталій задаваў біскупу шмат розных цікавых пытанняў, і мы мелі магчымасць паслухаць пра жыццё пастыра нашай дыяцэзіі. Мы даведаліся, што Яго Эксцэленцыя ў дзяцінстве марыў стаць ваенным, таму мы падарылі яму адпаведны сухпаёк і воінскія статуты, чым здзівілі. А пасля атрымалі вельмі важную думку: "Наша мэта - не дайсці ў Тракелі, мэта - жывы Езус, які ідзе разам з намі!"

Усе мы заслухаліся і не заўважылі, як зайшлі ў Ёдзінцы, дзе жыхары пачаставалі нас. Мы зрабілі агульны фотаздымак і развіталіся з біскупам. Атрымаўшы новыя сілы, з увагай паслухалі канферэнцыю ад ксяндза Дзмітрыя. У яе межах разважалі над жыццём апостала Тамаша і глядзелі на сваё жыццё. Вельмі важныя думкі канферэнцыі: "Пан не прымае толькі за зачыненае сэрца", "Калі шукаць Бога, абавязкова знойдзеш Яго". Пасля разважанняў мы зноў спявалі і праслаўлялі нашага Пана і Яго Маці.

Калі праходзілі вёску Меляхі, нас зноў напаткаў дождж. Таксама прывіталі людзі, якія сабраліся, нягледзячы на дрэннае надвор’е. Засталіся апошнія кіламетры, кожны пілігрымчык збіраўся з сіламі. Было добрае надвор’е, але раптам усе надзелі дажджавікі: пачалася вельмі вялікая навальніца...

Апошнія кіламетры нашыя пілігрымы даплывалі. Усе прамоклі да апошняй нітачкі. Але колькі ж воклічаў было, калі ўбачылі геранёнскі касцёл! Кожны зразумеў: мы прайшлі самы цяжкі дзень! Мы змаглі! Мы дайшлі (даплылі)! Пару хвілін удзячнасці Богу і Марыі - і мы разышліся па дамах. На жаль, надвор’е не дазволіла правесці вечар разам. Можа, гэта і добра, у нас ёсць час адпачыць. Дарагія, вы вялікія малайчынкі! Адпачніце, набярыцеся сіл, і да сустрэчы заўтра!



Паліна Манулік