Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Ашмяны - Тракелі: дзень другі

photo 2026 07 09 17 30 228 ліпеня пачалася пілігрымка з Ашмянаў на штогадовыя ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем'яў у Тракелях. Пра другі дзень пілігрымкі распавядае кс. Раман Вайцяховіч.
 
Другі дзень нашай пілігрымкі распачаўся з самай галоўнай часткі кожнага дня - святой Імшы, цэлебраваць якую выпала магчымасць мне. У гаміліі я падзяліўся думкамі пра місію, даручаную кожнаму з нас - пілігрымаў сённяшняга часу: “Езус адпраўляе нас, як калісьці апосталаў. Наша місія — несці вестку аб Валадарстве, служыць і давяраць Богу. Можа, мы не ўваскрашаем памерлых у літаральным сэнсе. Але кожны дзень мы можам уваскрашаць надзею ў тых, хто страціў сэнс жыцця. Можа, мы не выганяем дэманаў. Але мы можам выганяць злосць, нянавісць, роспач — сваім словам, сваім прыкладам”.

На шляху ў Доргішках нас чакалі парафіяне і смачны пачастунак. А ў Трабах быў час не толькі на абед, каб мець сілы фізічныя, але і на малітву, каб духоўна ўмацавацца.
photo 2026 07 09 17 30 25

З канферэнцыяй да нас у пілігрымку прыехаў прэфект семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Скамарошка. Разважаў святар пра Марыю - Каралеву нашых сем’яў. Асаблівую ўвагу звярнуў ён на святасць сем’яў, адзначыўшы, што “святасць сямʼі залежыць ад таго, ці ёсць у ёй Бог”. Таксама ксёндз Андрэй закрануў пытанні, ці ўмеем мы прабачаць адзін аднаму і ці змагаемся да канца. Кожны пілігрым крочыць да Марыі, якая першая выходзіць да нашых сем’яў. Таму варта даручыць Ёй кожную сям’ю нашай дыяцэзіі.

Таксама ў нашай пілігрымцы былі госці: нас наведаў пробашч ашмянскай парафіі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі, а пасля абеду да нас завітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй - ён некаторы час ішоў з намі.

Скончыўся другі дзень пілігрымкі ў Суботніках, дзе нас чакалі парафіяне з добрымі сэрцамі і адчыненымі дзвярыма.
 
Кс. Раман Вайцяховіч