З Гродна ідзе пешая пілігрымка на штогадовыя ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Пра тое, як прайшоў адзін дзень у пілігрымцы, распавядае кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, галоўны рэдактар дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця” і пробашч гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай.
Стала традыцыяй, што кожны год я на адзін дзень далучаюся да пешай пілігрымкі з Гродна, якая ідзе ў санктуарый у Тракелях. Правесці ў ёй больш часу не дазваляюць душпастырскія і рэдакцыйныя абавязкі.
З таго часу, як я стаў пробашчам гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, бяру з сабой на гэты дзень моладзь са сваёй парафіі.
У гэтым годзе традыцыя была падтрымана. 7 ліпеня з самага ранку мы групай у адзінаццаць чалавек вырушылі з Гродна, каб далучыцца да больш чым трох соцень пілігрымаў, за плячыма ў якіх было ўжо два дні дарогі.
У апошнюю хвіліну мы далучыліся да Імшы ў прыгожым старадаўнім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары. У гэтым касцёле адчуваецца пах даўніны, ён бачыў малітвы многіх пакаленняў людзей.

Асмелюся сказаць, што Імша ў пілігрымцы іншая, выключная, бо на ёй збіраюцца тыя, якія не толькі накіроўваюцца да вечнасці, але і разам ідуць на зямлі да месца, напоўненага асаблівай прысутнасцю Бога.
Пасля Імшы пілігрымы вырушылі ў дарогу. У гэты дзень яна была не надта доўгай – складала толькі 21 км да Забалаці.
Надвор’е ў гэты дзень было не вельмі цікавым, бо нейкі час ішоў дожджык, пастаянна трэба было вымаць і надзяваць дажджавік. Пан Бог цудоўна благаславіў зямлю струменямі мяккага дажджу. Праз нейкі час з’яўлялася сонца, а вецер хутка сушыў мокрую вопратку.
Нягледзячы на надвор’е, дарога была няцяжкай. Добра ішлося, лёгка малілася. Прыемна было ўбачыць столькі знаёмых твараў.
Але хацеў бы спыніцца на адным моманце сёлетняга шляху.
Не толькі я, але, напэўна, кожны пілігрым звярнуў увагу на пажылую жанчыну са спрацаванымі рукамі, у зялёнай хустцы і фіялетавым швэдары. Яна выйшла сустрэць пілігрымаў у сваёй вёсцы Грамкі. Спадарыня Марыся была з вялікай торбай, у якой было шмат печыва – хрушчоў. Яна даставала печыва і раздавала пілігрымам.
Напэўна, кожны год гэтая энергічная жанчына дзеліцца з пілігрымамі сваім сэрцам. Дзеліцца не толькі тым, што мае, але і тым, што можа зрабіць.
Таксама і мне ўдалося праціснуцца праз натоўп і ўзяць адно пячэнне. Хрушч быў сапраўды як у дзяцінстве, у мамы ў родным доме, выпечаны ад усяго сэрца.
Потым у мяне з’яўляецца магчымасць паразмаўляць з гэтай жанчынай, якая пазнае мяне і кажа, што рэгулярна бярэ ў касцёле газету “Слова Жыцця”. Як прыемна чуць, што яна жыве нашым “Словам”!
У размове яна прызнаецца, што для яе сустрэць у пілігрымцы столькі маладых людзей – вялікая падзея, радасць і свята. “Дзякуй Богу, што да Бога горнуцца дзеці.
Дзякуй Богу, што можаце разам ісці”, – дадае спадарыня Марыся.
Пілігрымы, развітваючыся з бабуляй, спрабуюць разам абняць яе. Яна цешыцца, як маленькае дзіця: “Ах вы мае міленькія!” Пілігрымы абяцаюць ёй сваю малітву, кажучы, што такім чынам хочуць падзякаваць за яе дабрыню і гасціннасць.

На развітанне яна кажа: “Да пабачэння ў наступным годзе”. А праз хвіліну, памаўчаўшы, дадае: “А як я буду ўжо на могілках, то таксама за мяне памоліцеся?” Адказу не трэба было доўга чакаць, бо нехта з натоўпу пачаў спяваць ёй “Sto lat” (“Сто гадоў”), і да гэтых пажаданняў далучыліся дзясяткі галасоў.
Наша пілігрымка скончылася ў прыгожа адрамантаваным касцёле ў Забалаці. Вечарам мы вярнуліся дадому, да сваіх абавязкаў.
На зваротным шляху ў мікрааўтобусе мы з моладдзю ўспаміналі цікавыя моманты дарогі. Усе захапляліся гэтай простай жанчынай, якая нас так многаму навучыла.
Навучыла звычайнай бескарыслівасці. Навучыла дзяліцца Богам з іншым чалавекам. Навучыла ставіць на першае месца Божае і святое.
Дай Божа праз год зноў сустрэцца з гэтай жанчынай, у вачах якой было столькі радасці, хараства і цеплыні!
Кс. Юрый Марціновіч






