Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Ашмяны - Тракелі: дзень першы

photo 2026 07 08 21 18 21 28 ліпеня на адпустовыя ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем'яў у Тракелях выйшла пешая пілігрымка з Ашмянаў. Пра першы дзень пілігрымкі распавядае Вераніка Патрэпка.

Прайшоў адзін дзень нашай пілігрымкі. Пасля святой Імшы і благаслаўлення мы з песняй выйшлі з горада.

Імшу перад выхадам пілігрымкі цэлебраваў пробашч ашмянскай парафіі св. Арханёла Міхала кс. Віталій Вайцяхоўскі, гамілію прамовіў кс. Андрэй Юхнік, які таксама выступіў з канферэнцыяй у дарозе.

Першыя кіламетры да перавалу даваліся лёгка, але потым, з-за дажджлівага сырога надвор'я, ісці станавілася цяжэй, бо адзенне і абутак змакалі і іх не ратаваў нават дажджавік.

Калі мы прайшлі большую палову шляху, нас душэўна і клапатліва сустрэлі і накармілі жыхары вёскі. Пасля мы зноў выйшлі ў шлях, а дождж толькі ўзмацняўся. Але, дзякуючы адчуванню побач Бога і людзей, якія імкнуцца да Яго, з'явілася другое дыханне і новыя сілы.

Прайшоўшы апошнія кіламетры сённяшняй дыстанцыі і ўбачыўшы гальшанскі касцёл, мы радасна, з песнямі і крычалкамі, увайшлі ў яго. Мы зразумелі: пакідаючы бытавыя клопаты ззаду, мы атрымліваем магчымасць пабыць сам-насам з сабой і Богам. Пры ўваходзе ў святыню надыходзіць неверагодны стан радасці і ўсведамлення пераадоленага шляху.



Вераніка Патрэпка