Skip to main content

У Ваўкавыску адбылося пахаванне кс. Андрэя Зайко

photo 2026 07 07 08 15 096 ліпеня ў Ваўкавыску адбылося пахаванне кс. Андрэя Зайко, які адышоў у вечнасць чатырма днямі раней.

На пахавальнай Імшы ў ваўкавыскай парафіі св. Вацлава – роднай парафіі спачылага – прысутнічала вялікая колькасць духавенства, у тым ліку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі бацькі і сястра спачылага, вернікі парафій, дзе ён служыў.

Біскуп Гродзенскі, выказваючы спачуванні родным ксяндза Андрэя, сказаў: “Няма такіх чалавечых слоў, якія маглі б цалкам суцешыць сэрцы бацькоў, што развітваюцца са сваім сынам, або родных, якія страцілі дарагога чалавека. Аднак мы верым, што там, дзе заканчваюцца чалавечыя словы, пачынае дзейнічаць Божая ласка, якая дорыць надзею, супакой і святло вечнага жыцця”.

“Яшчэ зусім нядаўна ксёндз Андрэй разам з братамі ў святарстве дзякаваў Пану за дар дваццаці пяці гадоў святарскага служэння, – нагадаў біскуп. – А сёння мы ўжо стаім каля яго труны. Гэта яшчэ раз нагадвае нам, што чалавечае жыццё знаходзіцца ў руках Бога і што ніхто з нас не ведае дня і гадзіны, калі Пан пакліча нас да сябе. Асаблівым знакам Божага Провіду стала і тое, што Пан паклікаў свайго слугу ў літургічны ўспамін Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Той, якая спяшаецца з любоўю да чалавека і вядзе сваіх дзяцей да сустрэчы са сваім Сынам. Верым, што і цяпер Маці Божая суправаджае свайго вернага сына на шляху ў вечнасць”.

photo 2026 07 07 08 14 41

Біскуп заклікаў маліцца аб тым, каб “Бог дараваў свайму слузе ўсе чалавечыя слабасці, узнагародзіў яго за ахвярнае святарскае служэнне і прыняў у радасць свайго Валадарства, дзе няма ўжо ні болю, ні пакутаў, ні смерці, але ёсць вечнае жыццё ў святле Божай хвалы”.

Біскуп Алег Буткевіч, які вучыўся з ксяндзом Андрэем на адным курсе ў семінарыі, у гаміліі казаў пра спачылага і пра вечнае жыццё. Іерарх адзначыў, што да вечнага жыцця чалавек рыхтуецца праз зямное вандраванне.

Пасля Імшы адбылася ля труны апошняя малітва, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. Затым на могілках прайшло пахаванне.

photo 2026 07 07 08 15 32

Ксёндз Андрэй Зайко нарадзіўся 17 лютага 1977 г., паходзіў з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.

Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 19 мая 2001 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя біскуп Аляксандр Кашкевіч. Быў вікарыем гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа, потым пробашчам парафій Маці Божай Ружанцовай у Граўжышках (Ашмянскі дэканат) і Найсвяцейшага Імя Марыі ў Рэплі (Ваўкавыскі дэканат).

Шмат гадоў быў суддзёй касцёльнага суда Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама рэзідэнтам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі