3-4 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці з удзелам тысяч вернікаў розных дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку Гродзенскай.
На ўрачыстасцях па ініцыятыве старшыні беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адбылося прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста – з нагоды 35-годдзя з часу аднаўлення каталіцкіх структур у Беларусі. Акрамя таго, адбылася прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка “Божа, мы Цябе ўслаўляем” – ён ухвалены Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і прызначаны для абавязковага выкарыстання ва ўсіх літургіях на беларускай мове.
З Гродзенскай дыяцэзіі ў санктуарый прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі: з Ліды (у цэлым 101 чалавек, ішлі дзевяць дзён, пераадолелі 250 км) і салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка са Смаргоні (146 чалавек пад кіраўніцтвам салезіянаў, пераадолелі 105 км). Таксама ва ўрачыстасцях узялі ўдзел іерархі з Гродна – біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які прамовіў гамілію на начной Імшы.
У гаміліі біскуп назваў будслаўскі санктуарый “месцам, асвячаным малітвай і верай многіх пакаленняў нашых папярэднікаў”, а ў цэнтры сваіх разважанняў паставіў евангельскі фрагмент сустрэчы Панны Марыі са святой Альжбетай – тое, што называецца адведзінамі Марыі.

Іерарх звярнуў увагу, што пры гэтай сустрэчы “Дух Святы даў Альжбеце спазнаць тое, што здарылася ў час звеставання: што Марыя з верай прыняла Божае слова і што гэтае Слова ва ўлонні Марыі стала Сынам Божым”. “Такім чынам, Марыя не павінна распавядаць, што здарылася ў хвіліну звеставання, не павінна тлумачыць Божых планаў, якіх, верагодна, сама да канца не разумее, – адзначыў біскуп. – Дух Святы здзяйсняе астатняе – і ўсё становіцца ясным без усялякіх слоў і блытаных тлумачэнняў”.
У гімне падзякі Марыі Богу біскуп вылучыў два матывы, першы з якіх – “кантраст паміж тым, як Пан ацэньвае чалавека, і тым, як гэта робіць чалавек”. “Марыя праслаўляе Бога за тое, што Ён з любоўю схіляецца над людзьмі простымі, убогімі, пакорнымі, усімі, хто Яго баіцца і давярае Яму. На першы погляд, такія людзі знаходзяцца на ўскраіне грамадства. Аднак у вачах Бога яны маюць асаблівую каштоўнасць, цешацца Яго асаблівай любоўю, клопатам і апекай. Людзі магутныя, багатыя, якія займаюць высокае становішча ці пасаду ў грамадстве, рызыкуюць быць прыніжанымі і адкінутымі Богам. Бо чалавек глядзіць на тое, што бачнае для вачэй, а Бог чытае ў сэрцы. У людзей, якія маюць уладу, уплыў, багацце, часта зацвярдзелыя, далёкія ад Бога сэрцы. Яны больш давяраюць сваім матэрыяльным дабротам, знаёмствам, уплывам, чым Божай любові і Провіду”, – патлумачыў біскуп.
“Папросім Марыю вымаліць для нас у Езуса менавіта простую, пакорную, дзіцячую веру. Няхай навучыць нас адрываць сэрца ад матэрыяльных рэчаў, не прывязвацца да спраў і дабротаў гэтага свету, не разлічваць на ўласныя сілы, а прасіць аб усім Бога і ўсё прымаць з Яго айцоўскай рукі”, – заахвоціў іерарх.
Другім матывам гімну Марыі біскуп назваў “перакананасць, што Бог верны сваім абяцанням”. “Мы нярэдка думаем, што Бог нас не бачыць, не разумее, не хоча ці не можа нам дапамагчы, што Ён абыякавы да нашых цяжкасцяў, пакутаў і патрэбаў. Аднак Марыя і Альжбета – узор пакорнага даверу Пану. Нават калі Яго планы і задумы для нас незразумелыя і таямнічыя, Ён рэалізуе свае намеры, выкарыстоўваючы нас, простых, звычайных людзей”, – дадаў біскуп.

“Сёлетнюю пілігрымку мы здзяйсняем у духу падзякі Богу за 35 гадоў з часу адраджэння касцёльных структур на нашых землях, – сказаў іерарх пілігрымам, якія прыбылі ў Будслаў. – Ці не знак Божай моцы і магутнасці, што пасля паловы стагоддзя пераследу за веру і сістэматычнай барацьбы з рэлігіяй атэістычная ідэалогія аказалася бяссільнай перад простай, пакорнай верай звычайных людзей? З аднаго боку была цэлая дзяржаўная сістэма, якая змагалася з рэлігіяй, з іншага – нашы любыя маці і бабулі, якія рабілі ўсё магчымае, каб захаваць і перадаць сваім дзецям і ўнукам скарб веры”. “У апошнія дзесяцігоддзі кожны з нас на ўласныя вочы ўбачыў, што тое, што з чалавечага пункту гледжання магло здавацца немагчымым, для Бога аказалася магчымым, – адзначыў біскуп. – Падзякуем за дар нашай нябеснай Маці, якая сваім прыкладам жыцця вучыць нас веры і даверу Пану, надзеі і аптымізму, любові і павазе да кожнага чалавека”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






