5 ліпеня з Гродна выйшла 25-я пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Пілігрымка доўжыцца шэсць дзён, у ёй удзельнічае каля 400 чалавек. Яе дэвіз – “Маці Міласэрнасці – наша Апякунка”. Маршрут наступны: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.
Перад выхадам пілігрымкі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У пачатку Імшы, узгадваючы пра нядаўнія ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), на якія па традыцыі таксама прыбываюць пілігрымы, іерарх сказаў, што пасля гэтых урачыстасцяў Касцёл на Гродзеншчыне “прымае эстафету пілігрымкі”. “Няхай гэтая пілігрымка пераменіць нас. Мы вырушваем з Богам і Марыяй”, – дадаў біскуп.
У гаміліі іерарх адзначыў, што ў тракельскім санктуарыі “многія пакаленні вернікаў знаходзілі суцяшэнне, падтрымку, надзею і асаблівую прысутнасць Божай ласкі”. Па яго словах, кожная пілігрымка – “вобраз усяго чалавечага жыцця”: “З дня нашага нараджэння і да апошняга ўздыху кожны чалавек знаходзіцца ў дарозе.
Мы ўсе з’яўляемся пілігрымамі, якія крочаць да свайго сапраўднага Айчыннага Дому — Валадарства Божага”. Дэвіз гэтай пілігрымкі біскуп назваў “вызнаннем веры ў тое, што Марыя сапраўды не пакідае сваіх дзяцей”.
“Чалавек, які выходзіць у дарогу, павінен пакінуць дома не толькі цяжкія рэчы, але таксама сваю пыху, самаўпэўненасць, эгаізм, крыўды, нежаданне дараваць. Немагчыма ісці да Маці Міласэрнасці, калі сэрца застаецца закрытым для міласэрнасці адносна іншых людзей. Пілігрымка заўсёды вучыць пакоры. Пасля некалькіх кіламетраў чалавек ужо не думае пра сваю выключнасць. Ён разумее, што ўсе аднолькава стамляюцца, усім патрэбна вада, падтрымка, добрае слова, усмешка і дапамога. Менавіта ў гэтай простай штодзённасці Бог вельмі часта вучыць нас сапраўднаму братэрству”, – сказаў біскуп.
“Колькі разоў у пілігрымцы чалавек адчувае, што фізічна ўжо не мае сіл ісці далей, але менавіта тады адкрываецца іншая сіла — Божая, – адзначыў іерарх. – Так адбываецца і ва ўсім нашым жыцці. Калі чалавек абапіраецца выключна на сябе, вельмі хутка расчароўваецца. Калі ж дазваляе дзейнічаць Божаму Духу, адкрывае, што для Бога няма нічога немагчымага”.

“Хіба ёсць больш прыгожыя словы для людзей, якія ўжо праз некалькі хвілін выйдуць у дарогу, чым гэтыя словы Евангелля? – дадаў біскуп, маючы на ўвазе словы літургічнага чытання гэтага дня: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28). – Езус не кажа: “Прыйдзіце толькі моцныя”, “толькі бездакорныя”, “толькі тыя, хто ніколі не грашыў”. Ён звяртаецца да ўсіх стомленых. А хто сёння не носіць у сваім сэрцы нейкай цяжкасці? Адны нясуць хваробу, другія — сямейныя праблемы, трэція — адзіноту, чацвёртыя — страх перад будучыняй, іншыя — боль страты, няпэўнасць, унутраныя сумненні або цяжар асабістых грахоў. Пілігрымка становіцца тым месцам, дзе чалавек можа скласці ўсе гэтыя цяжары каля ног Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці”.
Закранаючы пытанне, навошта патрэбна менавіта пешая пілігрымка, чаму, напрыклад, не прыехаць у санктуарый на транспарце, біскуп сказаў: “Можна прыехаць. Але ёсць такія рэчы, якія адкрываюцца чалавеку толькі ў дарозе. Калі баляць ногі, калі пячэ сонца, калі пачынаецца дождж, калі хочацца адпачыць, калі трэба падтрымаць таго, хто ідзе побач, чалавек пачынае разумець, што вера — гэта не толькі словы, але жыццё. Менавіта таму пілігрымка ўжо шмат стагоддзяў застаецца адной з найпрыгажэйшых школ духоўнага выхавання”.

Іерарх заклікаў пілігрымаў не забывацца ў дарозе пра “галоўную мэту”: “Не галоўнае – дайсці фізічна. Значна важней дайсці духоўна. Можна прайсці ўсе кіламетры і не змяніць сэрца. Але можна прайсці гэты шлях так, што пасля вяртання дадому чалавек ужо ніколі не будзе ранейшым”. Таксама ён заклікаў памятаць, што “кожны крок можа быць малітвай, кожная цяжкасць – ахвярай, кожны мазоль можа быць прынесены Богу за сваіх дзяцей, бацькоў, мужа, жонку, святароў, законныя ўлады, за мір, за Беларусь, за новых святароў і кансэкраваныя пакліканні, за адзінства сем’яў і за ўсіх, хто просіць нашай малітвы”. Асабліва заахвоціў ён даручаць Маці Божай Гродзенскую дыяцэзію, якая сёлета святкуе 35-годдзе. Біскуп заклікаў памятаць і пра тое, што “сапраўдны плён гэтай пілігрымкі павінен пачацца пасля вяртання, бо сапраўднае пілігрымаванне не заканчваецца перад цудатворным абразом – яно працягваецца кожны дзень у нашых дамах, сем’ях, месцах працы, парафіяльных супольнасцях, там, дзе неабходна быць сведкамі Евангелля”.
Біскуп удзяліў пілігрымам благаслаўленне і акрапіў асвячанай вадой.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






