Skip to main content

Са Смаргоні выйшла салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка ў Будслаў

photo 2026 07 01 13 04 0228 чэрвеня са смаргонскай парафіі св. Арханёла Міхала, дзе служаць салезіяне, выйшла на ліпеньскія ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 25-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка.

У ёй удзельнічае моладзь парафій, у якіх служаць салезіяне. Святары гэтай супольнасці і сёстры салезіянкі суправаджаюць маладых людзей, агульная колькасць удзельнікаў – 146. Працягласць пілігрымкі – шэсць дзён, даўжыня шляху складае 105 км.

Сёлета ўдзельнікам гэтай пілігрымкі прапануецца паразважаць на сваім шляху аб веры, надзеі і любові па рэцэпце заснавальніка салезіянскай супольнасці Яна Боско, па такіх тэмах, як “Твой шлях да шчасця”, “Езус – твой найлепшы сябра”, “Касцёл – твая сям’я”, “Без Марыі будзе складана”, “Memento mori – памятай аб смерці”, “Усміхніся і наперад”.

У Будслаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе пройдуць традыцыйныя ўрачыстасці з удзелам вернікаў розных дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне, пілігрымы прыбудуць 4 ліпеня. Гэтыя ўрачыстасці сёлета пройдуць пад дэвізам “Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць”. З нагоды 35-годдзя з часу адраджэння структур Касцёла ў Беларусі на ўрачыстасцях адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі Крыві Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі