Skip to main content

У Начы адбыліся адпустовая ўрачыстасць і канфірмацыя

photo 2026 06 30 16 39 14 229 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы (Радунскі дэканат) біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў адпустовую ўрачыстасць і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Урачыстасць святкавалася ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, якія ў гэты дзень узгадваюцца ў літургічным календары.

Традыцыйна на малітве ў старадаўнім парафіяльным касцёле сабраліся шматлікія вернікі парафіі і госці. Прысутнічалі святары дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Станіславам Лабанам.

Імшу біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію на чале з яе пробашчам кс. Аляксандрам Адамовічам.

У гаміліі біскуп адзначыў, што апосталы Пётр і Павел – стаўпы Касцёла, яны засноўвалі супольнасці вернікаў і, устанаўліваючы там старэйшых, стваралі фундамент сённяшняй касцёльнай іерархіі. Ён дадаў, што гэтыя святыя, якіх ушаноўваюць у парафіі ў Начы, з’яўляюцца для сучаснага чалавека прыкладам будаўніцтва праўдзівых адносін з Езусам Хрыстом. Па словах біскупа, сустрэча з жывым Хрыстом цалкам перамяняе жыццё чалавека, надае яму сэнс.

photo 2026 06 30 16 39 12 2

Тых, хто прыступаў да канфірмацыі, іерарх заахвоціў не баяцца знайсці сябе ў гісторыі гэтых апосталаў, натхняцца іх жыццём, у малітве прасіць Езуса аб тым, каб станавіцца ўсё больш руплівымі вестунамі Евангелля.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, падчас якой вернікі дзякавалі Хрысту за штодзённыя дары. Пробашч і канфірмаваныя выказалі біскупу ўдзячнасць за візіт, супольную малітву і ўдзяленне сакрамэнту.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі