27 чэрвеня парафія св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла.
На адпустовай Імшы сабраліся парафіяне, госці, запрошаныя святары. Пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч прывітаў прысутных і нагадаў гісторыю касцёла, ахвярадаўцам пабудовы якога быў граф Уладзіслаў Умястоўскі.
Літургію цэлебраваў дэкан Іўеўскага дэканату кс. Павел Калеснік. Гамілію прамовіў пробашч парафіі ў Ліпнішках а. Віталій Юркевіч OFMCap. Ён засяродзіў увагу на постаці святога Уладзіслава, узгадаў яго біяграфію. Святар адзначыў, што Уладзіслаў, які быў венгерскім каралём, – незвычайны заступнік, магутны кіраўнік, бліскучы стратэг і адначасова чалавек з вельмі чулым хрысціянскім сэрцам; ён рос у атмасферы глыбокай пабожнасці, якая пазней стала падмуркам яго праўлення, увайшоў у гісторыю пад тытулам “рыцар Хрыста”, бо быў дзяржаўным дзеячам, бліскучым камандзірам, адважным воінам, але сапраўдная яго мужнасць праяўлялася ў пакоры і жаданні міру.
Айцец Віталій нагадаў вернікам, што святыя існуюць не для таго, каб змяшчацца ў прыгожых абразах ці фрэсках, а ў першую чаргу каб падштурхнуць людзей да роздуму над сваім жыццём. Па яго словах, святы Уладзіслаў вучыць вернасці свайму пакліканню – “незалежна ад таго, хто ты, якую пасаду займаеш”, заахвочвае падумаць над пытаннем, “практыкуем мы гэтае пакліканне ў духу служэння ці, наадварот, панавання”. Гэты святы, як дадаў айцец Віталій, паказвае, што можна быць паспяховым і ў той жа час заставацца чалавекам Божым, верным Евангеллю, што не трэба ісці на кампраміс са злом, каб дасягнуць сваіх мэтаў; ён вучыць чуласці да іншых, да чалавечай бяды, вучыць ганарыцца верай, не саромецца крыжа.

“Няхай святы Уладзіслаў заступаецца за нас, каб мы мелі сілу вызнаваць веру і пераадольваць штодзённыя цяжкасці, каб праз яго заступніцтва мы таксама маглі стаць адважнымі рыцарамі Хрыста ў нашым асяроддзі”, – пажадаў святар.
Перад літургіяй была магчымасць прыступіць да споведзі. Урачыстасць аздабляў спевам парафіяльны хор. Пасля Імшы ўдзельнікі памаліліся Літаніяй да Сэрца Езуса і атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пробашч падзякаваў духавенству і свецкім вернікам за прысутнасць і супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






