Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў крыжы і звон у гродзенскай парафіі Мар’яны Бярнацкай

photo 2026 06 29 08 37 3828 чэрвеня біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч здзейсніў абрад благаслаўлення крыжоў і звана ў гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.

У парафіяльнай супольнасці адзначаюць, што гэтая падзея была важнай для маладой парафіі, у якой будуецца касцёл: два крыжы і звон, якія з’яўляюцца падарункамі сем’яў, у хуткім часе будуць усталяваны на касцёльнай вежы і будуць для вернікаў напамінам, што Бог захацеў прызначыць гэтае месца для сустрэчы з людзьмі на малітве.

Біскуп цэлебраваў на палявым алтары Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць і падтрымлівае яе малітвай і ахвяраваннямі ў будаўніцтве касцёла.

У гаміліі, разважаючы над евангельскім чытаннем гэтага дня, біскуп адзначыў, што важная правільная чарговасць у любові да Бога і бліжняга: Езус Хрыстус не забараняе любоў да бацькоў, мужа, жонкі і ўвогуле да людзей, Ён сам казаў, што трэба любіць Бога і бліжняга, але пры гэтым “Бога, нашага Створцу, заўсёды трэба ставіць на першае і найважнейшае месца, а чалавека трэба любіць таму, што мы любім Бога”. Іерарх дадаў, што “толькі тая любоў да Бога, якая разумеецца правільна, здольная аздаравіць хворы і згублены свет”.

photo 2026 06 29 08 37 43

Па словах біскупа, благаслаўленне крыжоў і звана ўпісваецца ў гісторыю гэтай маладой парафіяльнай супольнасці, якой дае прыклад ахвярнай любові яе нябесная апякунка благаслаўлёная Мар’яна, мучаніца часоў Вялікай Айчыннай вайны. На зване змешчана выява Мар’яны Бярнацкай і словы: “Я пайду замест яе”, якімі яна выказала рашэнне аддаць жыццё за цяжарную нявестку.

“Крыж – знак нашай веры і перамогі. Звон – бронзавае сэрца кожнага касцёла”, – сказаў біскуп і дадаў, што гэта “не толькі ўпрыгажэнне святыні, але і прылады, якія Бог выкарыстоўвае, каб звяртацца да нас, нагадваючы пра сваю прысутнасць і заклікаючы нас будаваць супольнасць”.

Іерарх пажадаў парафіянам, каб крыж вучыў іх той любові, якая не ставіць умоваў і імкнецца прабачаць тым, хто нас параніў. Звон, як адзначыў біскуп, у хуткім часе прагучыць у шуме штодзённых спраў, працы і клопатаў мікрараёна, дзе знаходзіцца парафія.

“Калі мы будзем чуць гэты звон – гэта нібы сам Бог кажа нам: “Спыніся на хвіліну. Прыйдзі ў Мой дом, бо там знойдзеш супакой”. Звон будзе клікаць нас на святую Імшу – на сустрэчу з Жывым Богам”, – дадаў іерарх.

Біскуп назваў крыжы і звон “пасланнем для вернікаў”: “Знак крыжа абавязвае нас кожны дзень жыць Евангеллем. Гук звана павінен нагадваць, што мы адна сям’я і мусім клапавіцца аб нашым адзінстве”.

Іерарх пажадаў, каб “голас звана благаслаўлёнай Мар’яны ніколі не знікаў у гэтай парафіі, абуджаў сумленне і нагадваў пра Бога, а моц святога Крыжа ахоўвала парафію і яе сем’і”.

У канцы літургіі пробашч кс. канонік Юрый Марціновіч падзякаваў сем’ям, якія падарылі парафіі крыжы і звон і ахвяравалі сродкі на будаўніцтва палявога алтара.

Святар назваў гэты дзень вельмі важным для парафіі, якая з ліпеня 2022 года будуе касцёл – першы ў свеце пад тытулам Мар’яны Бярнацкай. Прадстаўнікі сем’яў падзякавалі біскупу за клопат аб іх парафіі, дэкрэт аб заснаванні якой ён выдаў у 2019 годзе, за малітву і абрад благаслаўлення.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч