Skip to main content

У Парэччы ў адпустовую ўрачыстасць адбылася канфірмацыя

photo 2026 06 29 20 49 0727 чэрвеня ў парафіі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход) біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Урачыстасць праходзіла ў час місій, якія праводзілі ў парафіі айцы рэдэмптарысты Андрэй Врублеўскі і Віктар Бохан.

Пробашч кс. Павел Урбан, вітаючы прысутных, сказаў, што для парафіі гэта асаблівы час, калі супольнасць аднаўляе сваё рэлігійнае жыццё, нанова вучыцца любіць Бога і чалавека.

Да канфірмацыі прыступіў у агульнай колькасці 31 парафіянін.

У гаміліі на Імшы біскуп адзначыў, што парафіяльныя місіі – “час Божага наведвання, бо праз іх Касцёл, як добрая маці, яшчэ раз звяртаецца да сваіх дзяцей, каб сказаць, што Бог не забыўся пра іх, што Хрыстус не перастаў клікаць іх да навяртання, што Дух Святы не перастаў дзейнічаць у сэрцах людзей і што нават той, хто аддаліўся ад малітвы, аслабеў у веры, занядбаў сакрамэнты, заблытаўся ў грахах або проста стаміўся ад жыццёвых цяжкасцяў, усё яшчэ можа вярнуцца да Айца, бо дзверы Божай міласэрнасці не зачыненыя”. Маці Божая Нястомнай Дапамогі, па словах іерарха, “не замяняе сабою Хрыста, а заўсёды вядзе да Яго, не засланяе Евангелле, а дапамагае яго лепш зразумець”.

Тлумачачы літургічныя чытанні гэтага дня, біскуп сказаў: “Хрысціянскае жыццё ніколі не было і не будзе толькі спакойнай дарогай без супраціву, бо там, дзе Бог дзейнічае, заўсёды з’яўляецца і спакуса, там, дзе чалавек хоча жыць паводле Евангелля, заўсёды знойдуцца сілы, якія будуць прапаноўваць яму іншы шлях, больш лёгкі, выгадны, модны, але які не вядзе да збаўлення, і таму сёння нам вельмі патрэбна Марыя, якая вучыць духоўнай чуйнасці, вернасці і мужнасці”.

“Маці Божая асабліва блізкая тым, хто пакутуе, плача, носіць у сэрцы цяжар, не разумее Божых шляхоў, стаіць каля свайго жыццёвага крыжа і не ведае, адкуль узяць сілы. Мы называем Яе Нястомнай Дапамогай не таму, што Яна вызваляе чалавека ад усялякіх цяжкасцяў, абяцае жыццё без крыжа ці замяняе сабою Бога, а таму, што нястомна стаіць побач з чалавекам, моліцца за яго, вядзе яго да Хрыста і вучыць, што нават самы цяжкі крыж, калі ён злучаны з крыжам Езуса, можа стаць дарогай да ўваскрасення”, – звярнуў увагу біскуп.

Па яго словах, на абразе Маці Божай Нястомнай Дапамогі позірк Марыі “не халодны або далёкі, а поўны мацярынскай увагі, нібы Яна хоча сказаць кожнаму, хто становіцца перад Ёю: “Я бачу тваё жыццё, бачу твае радасці і твае страхі, бачу твае добрыя намеры і твае падзенні, бачу тое, што ты паказваеш іншым, і тое, што хаваеш у глыбіні сэрца, але не прыходжу для таго, каб асудзіць цябе, а для таго, каб прывесці цябе да майго Сына”. У тым, што маленькі Езус Хрыстус на абразе “нібыта спалохана прыціскаецца да сваёй Маці”, бачная “дзіўная блізкасць Бога да чалавека, бо Сын Божы, які з’яўляецца Усемагутным Панам, сапраўды стаў чалавекам і не саромеўся чалавечай слабасці, страху перад пакутамі, не саромеўся шукаць мацярынскай блізкасці, каб паказаць, што і мы не павінны саромецца прыходзіць да Бога са сваёй слабасцю”. Тое, што на абразе сандалік нібы саслізгвае з нагі Езуса, азначае, што “Бог у Хрысце сапраўды выбраў шлях, на якім Ён будзе бегчы насустрач чалавеку”.

photo 2026 06 29 20 49 10

У час парафіяльных місій, па словах біскупа, варта падумаць над пытаннем: “Што Бог хоча змяніць у маім жыцці?” “Місіі павінны стаць пачаткам духоўнага абнаўлення, каб у сем’ях стала больш малітвы, у сэрцах – больш супакою, у парафіі – больш адзінства, у моладзі – больш адвагі верыць, у старэйшых – больш надзеі, а ва ўсіх нас – больш любові да Бога і да бліжняга”, – сказаў іерарх.

Ён нагадаў тым, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, што для іх гэта пачатак “больш дарослай адказнасці” за сваю веру: Дух Святы, які, паводле вучэння Касцёла, сыходзіць на іх у гэтым сакрамэнце, дапаможа “стаць мацнейшымі, мудрэйшымі, больш вернымі і больш здольнымі любіць”. “Не ўсё, што здаецца свабодай, сапраўды робіць чалавека свабодным, таму вам вельмі патрэбны Дух Святы, каб вы не згубіліся ў гэтым свеце, не страцілі сумлення, не сталі абыякавымі да Бога і не дазволілі, каб вера стала толькі ўспамінам з дзяцінства, – дадаў біскуп. – Вучыцеся ад Маці Божай Нястомнай Дапамогі: калі будзе страшна – шукайце Хрыста; калі будзе цяжка – не ўцякайце ад малітвы; калі ўпадзеце – не саромейцеся падымацца праз споведзь; калі свет будзе смяяцца з вашай веры – памятайце, што пад крыжам таксама было мала тых, хто застаўся верным, але менавіта яны былі найбліжэй да таямніцы збаўлення”.

Маці Божая Нястомнай Дапамогі, па словах біскупа, заклікае ўсе сем’і парафіі, каб у іх “знайшлося месца для крыжа, малітвы, Божага слова, прабачэння, нядзельнай Імшы, размовы пра веру і той хрысціянскай атмасферы, у якой дзіця і малады чалавек могуць убачыць, што Бог не дадатак да жыцця, а яго цэнтр”.

“Ласка, якую дае Бог, заўсёды патрабуе адказу, таму пасля гэтых дзён нельга проста вярнуцца да старога жыцця, нібы нічога не адбылося, – адзначыў іерарх, маючы на ўвазе дні місій і адпустовую ўрачыстасць. – Трэба захаваць у сэрцы Божае слова, працягнуць малітву, прыступаць да сакрамэнтаў і будаваць парафіяльную супольнасць як сапраўдную сям’ю дзяцей Божых”.

У канцы літургіі канфірмаваныя атрымалі на памяць крыжы. Яны выказалі падзяку біскупу, свайму душпастыру, прысутным святарам і тым, хто рыхтаваў іх да сакрамэнту.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі