Skip to main content

У Вішневе з удзелам біскупа Гродзенскага адбыліся парафіяльная ўрачыстасць і канфірмацыя

Vishneva1200 32 cbs21 чэрвеня парафія св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) Гродзенскай дыяцэзіі адзначыла адпустовую ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля. У межах фэсту сямёра парафіян прынялі сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Гэтая адпустовая ўрачыстасць у вішнеўскай парафіі заўсёды пераносіцца на бліжэйшую да 24 чэрвеня нядзелю, каб у ёй магло ўдзельнічаць як мага больш людзей, у тым ліку з-за мяжы, пераважна з Літвы. Сёлета святкаванне адбылася каля прыдарожнай дзевяціметровай капліцы св. Яна Хрысціцеля з нагоды пяцігоддзя з часу яе рэстаўрацыі і асвячэння, здзейсненага тагачасным біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Да канфірмацыі парафіянам дапамагла падрыхтавацца катэхетка Жанна Гацко. Таксама яны прайшлі духоўную падрыхтоўку: на працягу катэхетычнага года ўдзельнічалі ў катэхетычных занятках, набажэнствах, штомесяц прыступалі да споведзі.

Асаблівай падрыхтоўкай сталі парафіяльныя святыя місіі, аднаўленне якіх прайшло непасрэдна перад адпустовай урачыстасцю – з 14 па 20 чэрвеня. Аднаўленне місій правялі айцы рэдэмптарысты Андрэй Врублеўскі і Віктар Бохан. Як і год назад, місіянеры наведалі кожную сям’ю парафіі і нават кожны хутар. Пробашч кс. канонік Антон Казлоўскі падрыхтаваў расклад наведвання сем’яў так, што ў першыя чатыры дні місіянеры маглі пабываць у кожным доме парафіі.

Для місіянераў гэта быў першы падобны вопыт у абвяшчэнні Божага слова. На думку а. Віктара Бохана CSsR, гэтая магчымасць сустрэчы з кожнай сям’ёй у межах аднаўлення місій дазволіла не толькі яшчэ раз запрасіць на місіі, але і стварыць духоўнае адзінства паміж удзельнікамі і тымі, хто не змог у іх удзельнічаць (напрыклад, пажылыя і хворыя парафіяне), якія такім чынам далучаліся да місійных падзей праз сваю малітву. Айцец Андрэй Врублеўскі CSsR вельмі ўдзячны за магчымасць паўторнай асабістай сустрэчы з кожнай сям’ёй і адзначае, што такія сустрэчы дазволілі не толькі паглыбіць знаёмства парафіян з місіянерамі, але і глыбей дакрануцца да асабістых справаў. Місіянеры дадаюць, што мелі магчымасць пачуць шчырыя сведчанні пра асабістую малітву і ўбачыць плёны леташніх місій.

Vishneva1200 11 cbs

Візіту на ўрачыстасць біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які наведаў вішнеўскую парафію ўпершыню, былі рады шматлікія вернікі.

У гаміліі на Імшы біскуп звярнуў увагу, што святы Ян Хрысціцель усё сваё жыццё прысвяціў таму, каб указваць на Езуса Хрыста, а не на самога сябе. Іерарх падкрэсліў, што сапраўдная веліч заключаецца не ў чалавечай славе і прызнанні, а ў здольнасці быць прыладай Бога і весці іншых да сустрэчы з Езусам. Таксама біскуп нагадаў пра святасць кожнага чалавечага жыцця, пакліканага Богам яшчэ ва ўлонні маці, асаблівую ролю сям’і ў перадачы веры і значэнне парафіяльных місій як часу навяртання і духоўнага аднаўлення.

Тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, біскуп заклікаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, які паводле вучэння Касцёла сыходзіць на верніка ў гэтым сакрамэнце, мужна сведчыць пра веру ў сучасным свеце і будаваць сваё жыццё на Евангеллі.

У канцы гаміліі біскуп пажадаў парафіянам, каб прыклад Яна Хрысціцеля дапамагаў ім жыць у праўдзе, веры, надзеі і любові, быць жывымі сведкамі Божай прысутнасці ў свеце.

Vishneva1200 21 cbs

Пробашч ад імя ўсіх парафіян падарыў ганароваму госцю лімітаваны гадзіннік завода “Луч”, на якім змешчана рэпліка цыферблата вежавага гадзінніка гродзенскай катэдры, а з адваротнага боку – выява Фары Вітаўта, іншай старадаўняй гродзенскай святыні, цяпер знішчанай. З 2019 года, калі быў выпушчаны гэты рэдкі гадзіннік, такі падарунак атрымлівае кожны іерарх, які наведвае вішнеўскую парафію. Цяперашні гродзенскі ардынарый атрымаў гадзіннік пад нумарам 36, паколькі з 13 красавіка 2026 года Гродзенскай дыяцэзіі пайшоў 36-ы год.

Прадпрымальнік з Мінска Францішак Жылка, які пяць гадоў таму аднавіў вішнеўскую капліцу, падарыў біскупу сваю кнігу “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аляксандра Шчыглінская