17 чэрвеня пробашч парафіі св. Арханёла Міхала ў Гнезне (Ваўкавыскі дэканат) кс. Раман Ялоўчык адзначыў сваё 50-годдзе.
На Імшы падзякі Богу, якую цэлебраваў у старадаўнім гнезненскім касцёле біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, прысутнічалі шматлікія запрошаныя госці: духавенства дэканату, знаёмыя юбіляру святары, вялікая колькасць парафіян, для якіх літургія была магчымасцю выказаць свайму душпастыру падзяку.
Біскуп у гаміліі сказаў, што дзень юбілею з’яўляецца для ксяндза Рамана “днём удзячнасці, але і глыбокага духоўнага роздуму над тым, як Бог дзейнічаў у яго жыцці і праз яго жыццё”.
“Бог выбірае людзей, пасылае іх, благаслаўляе іх служэнне, а потым праз іншых працягвае будаваць сваё Валадарства. Кожны чалавек атрымлівае ад Бога нейкую місію, каб перадаць яе далей. Так адбываецца ў сем’ях, калі бацькі перадаюць дзецям веру. Так адбываецца ў Касцёле, калі адно пакаленне святароў перадае наступнаму любоў да Хрыста і Евангелля, – адзначыў біскуп. – У гэтым святле мы адкрываем праўду, што святар ніколі не належыць сам сабе. З моманту пасвячэння ён становіцца чалавекам Божай місіі. Ён пакліканы быць тым, хто будзе перадаваць людзям не сябе, а Хрыста; не свае думкі, а Евангелле; не сваю волю, а Божую”. Гэтак жа, дадаў іерарх, рабіў у сваім служэнні і ксёндз Раман.

Па словах біскупа, гэтая праца не заўсёды бачная, але мае вялікую каштоўнасць у Божых вачах. Евангельскі выраз “Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе” іерарх назваў “своеасаблівым ключом для разумення жыцця святара”: “Колькі ў святарскім жыцці ёсць таго, чаго ніхто не бачыць! Людзі бачаць казанне, але не бачаць гадзін падрыхтоўкі і малітвы. Людзі бачаць усмешку святара, але не заўсёды ведаюць пра яго клопаты. Бачаць вынікі працы, але не заўсёды ведаюць пра ахвяры, якія стаяць за імі. І таму асаблівую каштоўнасць мае тое служэнне, якое здзяйсняецца не дзеля пахвалы, не дзеля прызнання, а выключна дзеля праслаўлення Божага Імя”.
Біскуп выказаў юбіляру падзяку “за ўсе гады ціхай і вернай працы, усе добрыя справы, пра якія ведае толькі Пан Бог, усе ахвяры”. Іерарх дадаў, што святар павінен быць, “як хлеб, даступным для іншых”, павінен быць “чалавекам, які не замыкаецца ў сабе, а выходзіць насустрач людзям, умее слухаць, разумець, прабачаць і падтрымліваць, у кожным чалавеку стараецца ўбачыць вобраз Божы”.
“Пяцьдзясят гадоў – узрост мудрасці, вопыту і сталасці. Гэта той час, калі чалавек ужо добра ведае, што ў жыцці сапраўды важнае, а што з’яўляецца толькі часовым і другарадным. Таму калі сёння мы дзякуем за мінулыя гады, то адначасова молімся і за будучыню. Верым, што Бог яшчэ не сказаў апошняга слова ў жыцці свайго слугі. Перад табой, дарагі ксёндз Раман, яшчэ шмат магчымасцяў рабіць дабро, яшчэ шмат людзей чакае твайго святарскага служэння, яшчэ шмат сэрцаў патрабуе суцяшэння, яшчэ шмат душаў шукае дарогі да Бога. Таму сёння мы жадаем табе не столькі новых поспехаў або чалавечай славы, колькі таго, каб ты заўсёды захоўваў жывую радасць служэння Богу. Каб не згасаў у табе агонь святарскага сэрца. Каб ніколі не аслабла твая любоў да Эўхарыстыі. Каб заўсёды заставалася моцнай вера ў тое, што Пан вядзе цябе нават тады, калі жыццёвыя дарогі становяцца складанымі”, – сказаў біскуп.
Словы рэфрэна псальма літургіі гэтага дня “Будзьце адважнымі, давяраючы Пану, няхай будзе моцным сэрца вашае” іерарх назваў “праграмай жыцця кожнага хрысціяніна і асабліва святара”. Ён адзначыў таксама, што “святарства патрабуе мужнасці абвяшчаць праўду тады, калі свет не хоча яе слухаць, заставацца верным Евангеллю тады, калі прасцей было б ісці на кампрамісы, несці адказнасць за людзей, якіх Бог даручыў апецы святара, уставаць пасля ўласных слабасцяў і зноў давяраць Божай міласэрнасці”.

Вернікі выказалі юбіляру віншаванні, падзякаваўшы за прысутнасць сярод іх, ахвярнае служэнне і добрае сэрца. Таксама яны падзякавалі біскупу за тое, што ў гэты важны для ксяндза Рамана дзень ён наведаў іх супольнасць, каб падтрымаць юбіляра і парафіян малітвай і добрым словам, умацаваць на далейшы шлях пастырскім благаслаўленнем.
Ксёндз Раман выказаў усім падзяку за прысутнасць, папрасіў аб далейшай малітоўнай падтрымцы, каб ён мог працягваць служыць Богу і людзям, да якіх быў пасланы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Юрый Чупрэта






