Skip to main content

Біскуп Гродзенскі на адкрыцці дыяцэзіяльнай парафіяды дзяцей і моладзі: “Хрыстус хоча бачыць вас святымі”

photo 2026 06 18 15 54 41 217 чэрвеня пачалася XIV Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Форум адкрыўся ў гродзенскай парафіі св. Піо Імшой, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Парафіяда – праект, заснаваны на старажытнагрэчаскай трыядзе “святыня – тэатр – стадыён”. Мерапрыемства па традыцыі праводзіцца для дзяцей і моладзі ў летні час. Элемент “святыня” ўключае біблійны конкурс, конкурс рэлігійнай песні “Sacro song”, конкурс ведаў “Жыццё і гісторыя Касцёла”; элемент “тэатр” – конкурс малюнка і конкурс “Музыка – маё жыццё”; элемент “cтадыён” – бег на розныя адлегласці, скачкі, кіданне мяча, бадмінтон, тэніс, шашкі, валейбол, футбол.

Дэвіз сёлетняй парафіяды – “Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца”. Агульная колькасць удзельнікаў парафіяды склала 185 чалавек, злучаных у 19 каманд.

Памочнікамі адказнага за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артура Малафея сталі на парафіядзе 15 валанцёраў.

Біскуп у гаміліі сказаў, што ўдзельнікі парафіяды сабраліся “як адна вялікая сям’я Касцёла на Гродзеншчыне”, назваў дэвіз парафіяды “прыгожым і вельмі глыбокім”. Таксама ён назваў сімвалічным, што форум пачаўся ў парафіі св. Піо, якая будуе свой касцёл: “Немагчыма ўзвесці моцны храм без трывалага фундаменту. Але сёння Пан Бог хоча нагадаць нам, што ёсць яшчэ больш важнае будаўніцтва – будаўніцтва чалавечага сэрца. Кожны з вас – дзіця, падлетак, малады чалавек – таксама будуе свой унутраны храм”. “Таму наша парафіяда пачынаецца са святой Імшы, бо без Бога нават самыя прыгожыя чалавечыя планы могуць аказацца нетрывалымі. Сёння мы таксама асвячаем абраз Маці Божай Вастрабрамскай – Апякункі нашай Гродзенскай дыяцэзіі, – адзначыў біскуп. – Гэта знак таго, што ўсю нашу парафіяду, усе спаборніцтвы, сустрэчы, размовы, перамогі і цяжкасці мы хочам даручыць Той, якую ўжо шмат стагоддзяў называем Маці Міласэрнасці”.

photo 2026 06 18 15 54 39

Па словах іерарха, элементы “святыня”, “тэатр”, “стадыён” на першы погляд “належаць да розных светаў”, але на самой справе “вельмі цесна звязаныя”:

“Пачынаецца ўсё са святыні. Бо чалавек не можа быць сапраўды шчаслівым, калі забывае пра Бога. Святыня нагадвае пра тое, кім мы з’яўляемся. Свет часта кажа чалавеку: ты варты столькі, колькі маеш. Бог кажа інакш: ты варты таму, што Я цябе люблю. (…) Без Бога ўсё астатняе губляе свой сапраўдны сэнс. Тэатр вучыць чалавека адкрываць прыгажосць, творчасць і таленты. Кожны чалавек атрымаў ад Бога пэўныя здольнасці. (…) Але талент дадзены не дзеля ганарыстасці, а дзеля служэння. Менавіта таму сапраўднае мастацтва заўсёды вядзе чалавека да праўды, да дабра і прыгажосці. Стадыён вучыць нас сумленнай барацьбе і дысцыпліне, цярпенню і павазе да суперніка, вучыць перажываць не толькі перамогі, але і паразы. А гэта вельмі важныя жыццёвыя ўрокі. Бо ўсё жыццё чалавека ў пэўным сэнсе таксама нагадвае спартыўныя спаборніцтвы. Святы Павел параўноўваў хрысціянскае жыццё з бегам. Ён казаў, што неабходна бегчы так, каб атрымаць узнагароду. Але ўзнагародай хрысціяніна з’яўляецца не медаль і не кубак, а вечнае жыццё”.

Біскуп адзначыў, што на парафіядзе “будуць пераможцы і тыя, хто не зойме прызавых месцаў, але ў Божых вачах сапраўдным пераможцам з’яўляецца не той, хто атрымаў залаты медаль, а той, хто застаўся добрым чалавекам”. “Ужо сёння вы павінны памятаць, што самае галоўнае пытанне жыцця – не «кім я буду?», а «якім чалавекам я буду?» – сказаў іерарх, звяртаючыся да дзяцей і моладзі. – Бо можна быць вельмі багатым і несумленным. Можна быць вельмі вядомым і няшчасным.

Можна быць вельмі адукаваным і далёкім ад Бога. А можна быць простым чалавекам і сапраўдным святым. Менавіта святымі хоча бачыць вас Хрыстус”.

“Таму сёння я хачу даручыць Маці Божай Вастрабрамскай усіх дзяцей і моладзь нашай дыяцэзіі”, – дадаў біскуп.

У першы дзень парафіяды на тэрыторыі гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля прайшлі конкурсы музыкі, малюнка, ведання Бібліі і конкурс “Жыццё і гісторыя Касцёла”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Ангеліна Целеш