У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю чэрвеня. Гэтыя матэрыялы знаёмяць з працай сінадальнай камісіі па справах пакліканняў да святарства і фарміравання прэзбітэрату, а таксама змяшчаюць казанне, падрыхтаванае камісіяй па справах моладзі.
Старшыня камісіі па справах пакліканняў да святарства і фарміравання прэзбітэрату – кс. Ян Раманоўскі
Старшыня камісіі па справах моладзі – кс. Яўген Амасёнак.
Малітва ў інтэнцыі Сіноду:
Духу Святы, Божа,
Ты вядзеш і ажыўляеш Касцёл, Абранніцу Хрыста.
Просім Цябе праз Першы Сінод нашай дыяцэзіі аднавіць і асвяціць Касцёл на Гродзеншчыне.
Просім Твайго святла. Прыйдзі і заставайся з намі.
Умацоўвай нашага біскупа Уладзіміра,
прэзбітэраў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, адказных за справу Сіноду.
Марыя, Маці Міласэрнасці, святы Казімір, святы Максіміліян, усе святыя і благаслаўлёныя гродзенскай зямлі – маліцеся за нас.
Што такое Сінод?
Дыяцэзіяльны Сінод — гэта дарадчы сход біскупа, група абраных членаў дыяцэзіі, якія, працуючы ў камісіях, дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў прыняцці рашэнняў, якія тычацца Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп заахвочвае ўсіх вернікаў выслухаць прапановы сінадальных камісій па важных для нашай дыяцэзіі пытаннях, а таксама падзяліцца сваім меркаваннем на хвалюючыя тэмы.
Мы верым, што праз Сінод Святы Дух звяртаецца да нашага мясцовага Касцёла і кіруе ім.
Камісія па справах пакліканняў да святарства і фарміравання прэзбітэрату
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі ў лучнасці з усім паўсюдным Касцёлам жадае падкрэсліць важнасць і значэнне справы пакліканняў да святарскага і манаскага служэння ў нашым лакальным Касцёле на Гродзеншчыне. Таму задачай сінадальнай камісіі па справах душпастырства пакліканняў да святарства і фарміравання прэзбітэрату быў пошук розных магчымасцей і спосабаў развіцця душпастырства пакліканняў і падкрэсліванне таго, што гэта наша агульная справа, справа ўсяго нашага Касцёла на Гродзеншчыне.
Разважаючы на тэму паклікання да святарскага служэння, на самым пачатку трэба сцвердзіць, што святарскае пакліканне мае свае біблейскія асновы.
Паказальнымі з’яўляюцца прыклады пакліканняў у Старым Запавеце: Аарона (Зых 4, 14-16; 27-31), Самуэля (1 Сам 3, 1-20), Давіда (1 Сам 16, 1-13), Елісея (1 Вал 19, 19-21). Ва ўсіх гэтых прыкладах ёсць відавочнае дзеянне Духа Божага, які заклікае чалавека да асаблівай місіі і асаблівага задання.
Новы Запавет дае нам, перш за ўсё, апісанне паклікання апосталаў і вучняў самім Настаўнікам. Езус асабіста выбіраў, заклікаў, фармаваў і пасылаў. Евангелле змяшчае адзін надзвычай важны прыклад для душпастырства пакліканняў. Размова ідзе пра пакліканне Сымона Пятра. Няма сумненняў у тым, што менавіта Езус выбраў яго і прысвяціў асабліваму служэнню, што азнаменавала змяненне яго імя. Менавіта яго брат Андрэй упершыню прывёў яго да Настаўніка (Ян 1, 42). Таму ў гэтым фрагменце змяшчаецца не толькі мадэль, але і ўся сутнасць душпастырства пакліканняў (PDV 38).
Мы можам таксама знайсці мноства прыкладаў пакліканняў у іншых новазапаветных месцах, дзе іншыя людзі адыгралі значную ролю ў распазнанні Божай волі. У прыватнасці, святы Павел паказаў сябе аніматарам новых пакліканняў. Побач з ім раслі ў пакліканні евангелісты Марк і Лука, а таксама біскупы Цімафей і Ціт.
Гэтыя біблейскія перадумовы дазваляюць зрабіць выснову, што пакліканне, якое зыходзіць ад Бога, заўсёды ажыццяўляецца ў Касцёле. Такім чынам, нельга выпускаць з-пад увагі ролю супольнасці ў абуджэнні, адрозніванні і фарміраванні пакліканняў.
Можна паказаць тры дактрынальныя асновы душпастырства пакліканняў. Першая і фундаментальная з іх заключаецца ў тым, што кожнае пакліканне зыходзіць ад Бога. Па-другое, ласка паклікання сустракаецца з чалавекам; гэта азначае, што ў межах гэтай дзейнасці неабходна ведаць яго знешні і ўнутраны свет, а менавіта сямейнае і школьнае асяроддзе, месца жыхарства, культурныя і сацыяльныя фактары. Трэцяя аснова для душпастырства пакліканняў заключаецца ў тым, што ласка паклікання мае патрэбу ў супольнасці Касцёла, якая з’яўляецца асяроддзем для адкрыцця паклікання і ўзрастання ў ім.
Касцёл – гэта статак, адзінымі і неабходнымі брамамі якога з’яўляецца сам Хрыстус. Гэта статак, які сам Бог абвясціў сваім і авечкі якога, хоць і кіруюцца людзьмі, тым не менш пастаянна кіруюцца і сілкуюцца самім Хрыстом, добрым Пастырам, які аддаў сваё жыццё за гэтых авечак (KKK 754).
У эклезіяльным служэнні пасвячанага святара прысутнічае ў сваім Касцёле Сам Хрыстус як Кіраўнік свайго цела, як Пастыр сваёй паствы, Першасвятар адкупленчай ахвяры, Настаўнік ісціны. Менавіта гэта выказвае Касцёл, кажучы, што святар у сілу сакрамэнту пасвячэння дзейнічае “ў асобе Хрыста-Кіраўніка” (ККК 1548).
Таму клопат пра абуджэнне пакліканняў да святарства і манаскага жыцця не можа ўспрымацца па сваёй сутнасці як нейкая прапаганда. Не трэба забываць, што тым, хто кліча, з’яўляецца Бог, а не чалавек. У сваю чаргу намаганні, якія маюць месца ў Касцёле, накіраваны на абуджэнне святарскіх і манаскіх пакліканняў і дапамогу ў іх распазнанні.
Адказнасць за душпастырства святарскіх пакліканняў ляжыць перш за ўсё на біскупе, ён першым у сумленні і перад Богам нясе адказнасць за абуджэнне пакліканняў. Біскупы шмат увагі надаюць гэтаму пытанню, выдаючы пастырскія лісты або пасланні з нагоды Тыдня малітваў аб новых і шматлікіх пакліканнях да святарскага стану.
Важным элементам для біскупа ў душпастырстве пакліканняў з’яўляецца супрацоўніцтва з іншымі святарамі. Біскуп – айцец і сябар святароў, і, такім чынам, на ім перш за ўсё ляжыць клопат аб “захаванні пераемнасці” харызмы і святарскага служэння. Ён павінен клапаціцца аб тым, каб вернікі заўсёды мелі пастыраў. Праца біскупа заключаецца ў каардынацыі розных ініцыятыў і спрыянні ім.
У сваю чаргу абавязкам кожнага святара ў сумленні і перад Богам з’яўляецца пастаянны клопат пра абуджэнне пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця, бо кожны святар – гэта пастыр, айцец і ўзор для маладога пакалення.
Сінод заахвочвае парафіяльных святароў распаўсюджваць інфармацыю аб ініцыятывах у справе пакліканняў, у прыватнасці тых, якія праводзяцца духоўнай семінарыяй, каб дапамагчы ўсім зацікаўленым у паступленні. Таксама задачай кожнага святара з’яўляецца клопат аб правядзенні сістэматычнай катэхізацыі на тэму паклікання, напрыклад, удзел моладзі ва ўрачыстасцях пасвячэння будзе добрай магчымасцю адкрыцця ўласнага шляху або ўмацавання ўжо распазнанага паклікання.
Абавязак клапаціцца пра наступнікаў вынікае з сутнасці святарства і дзеяння ў Асобе Хрыста (КК 28). Само сведчанне святарскага жыцця і адпаведнае святарскае служэнне можа прыцягваць маладых людзей, якія думаюць аб святарстве.
Першым месцам абуджэння пакліканняў павінна быць хрысціянская сям’я.
Сінадальная камісія па пакліканнях падкрэслівае важнасць сям’і як асяроддзя хрысціянскага жыцця, дзе пакліканне павінна развівацца і расці. Сінод заклікае бацькоў маліцца аб тым, каб хтосьці з іх дзяцей быў пакліканы да святарскага ці манаскага жыцця. Задача бацькоў – стварыць такую сям’ю, у якой евангельскія каштоўнасці паважаюцца, развіваюцца і пражываюцца, а сапраўднае хрысціянскае жыццё можа абудзіць у іх дзіцяці жаданне даручыць сваё жыццё Езусу.
Несумненна, сям’я – гэта калыска паклікання. Часта кажуць, што гэта першая семінарыя. Такім чынам, роля духоўных асоб разам з бацькамі заключаецца ў тым, каб не столькі паказваць шлях маладому чалавеку, колькі ісці побач з ім гэтым шляхам распазнання свайго жыццёвага паклікання.
Клопат аб пакліканнях – адказнасць, ускладзеная на ўсіх без выключэння членаў Касцёла на Гродзеншчыне. Парафіяльныя супольнасці павінны служыць святарскаму пакліканню, клапаціцца пра яго развіццё і, такім чынам, сачыць за яго нараджэннем, распазнаваць і суправаджаць яго. У працы па абуджэнні святарскіх пакліканняў прамую адказнасць нясе парафіяльны святар. Вопыт паказвае, што, перш за ўсё, прыклад святара ўносіць вырашальны ўклад у выбар маладога чалавека, які, дзякуючы вернасці, паслядоўнасці і радасці святара, мог бы адкрыць для сябе ідэал хрысціянскага жыцця.
Найважнейшымі момантамі душпастырства пакліканняў з’яўляюцца малітва і цэлебрацыя Літургіі. Малітва стварае ідэальныя ўмовы для таго, каб кожны мог адкрыць ісціну свайго існавання і сутнасць унікальнага жыццёвага плана, даверанага яму Айцом. Кожны парафіяльны святар мае задачу арганізаваць у парафіі набажэнства ў першы чацвер месяца ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і манаскага жыцця, выкарыстоўваючы фармуляры Імшы “Аб пакліканнях да святарства” і
“Аб пакліканнях да манаскага жыцця”. Рэкамендуецца, каб у парафіяльнай літургіі пастаянна прысутнічалі заклікі і малітвы аб новых пакліканнях у духоўную семінарыю і ў інтэнцыях супольнасці семінарыі.
У абуджэнні пакліканняў важным з’яўляецца служэнне катэхетаў, настаўнікаў, педагогаў, а таксама свецкіх аніматараў моладзевых груп, рухаў і рэлігійных аб’яднанняў. Яны дапамагаюць глыбей зразумець сэнс асобных пакліканняў у Касцёле і паказваюць канкрэтныя шляхі іх рэалізацыі. Дух супольнасці і братэрства, які пануе ў розных групах свецкіх, дазваляе веры ўзрастаць і спрыяе паглыбленню духоўнага жыцця. Таму свецкія аб’яднанні самі па сабе з’яўляюцца “глебай для зараджэння пакліканняў” (PDV 41).
У парафіях вельмі шмат розных магчымасцей, асабліва дзякуючы даволі цеснаму кантакту з дзецьмі і моладдзю. З дапамогай катэхізацыі і шматлікіх пастырскіх груп можна распаўсюджваць ідэю адказнасці за ўзрастанне святарскіх пакліканняў. Пра гэта павінен памятаць кожны святар: “Святар павінен праяўляць асаблівы клопат аб пакліканнях да святарства, не забываючы заахвочваць да малітвы аб пакліканнях, прысвячаць сябе катэхізацыі, клапаціцца пра фармацыю міністрантаў і лектараў, а таксама прадпрымаць адпаведныя ініцыятывы з дапамогай асабістых сустрэч, якія дапамаглі б раскрыць таленты і зразумець волю Бога, каб смела выбраць шлях ісці за Хрыстом” (Дырэкторый аб служэнні і жыцці святароў 32).
“Душпастырства пакліканняў павінна быць прынята з новай адказнасцю, большай энергіяй і рашучасцю асабліва сёння ўсімі, хто належыць да Касцёла. Усе павінны ўсведамляць, што клопат аб святарскіх пакліканнях не з’яўляецца другараднай справай ці чымсьці асобным, што датычыць толькі пэўнай групы людзей у Касцёле. Клопат аб новых пакліканнях з’яўляецца натуральным і фундаментальным вымярэннем усёй супольнасці Касцёла, яе жыцця і місіі” (PDV 93-95).
Паколькі ў пакліканні ініцыятыва належыць Богу, першай формай гэтага душпастырства з’яўляецца малітва, да якой заклікаў сам Езус (пар. Мц 9, 38). Сярод многіх відаў малітвы вялікае значэнне мае медытацыя, заснаваная на Божым слове, якая можа дапамагчы маладым людзям пачуць голас Бога. Задача душпастырства пакліканняў уключае таксама выхаванне вернікаў, асабліва дзяцей і моладзі, да настойлівай, даверлівай і пакорнай малітвы ў інтэнцыі пакліканняў.
Літургічныя цэлебрацыі, асабліва Эўхарыстыя, адыгрываюць важную ролю ў душпастырстве пакліканняў. Прыгожа і добра падрыхтаваная літургія можа мець незвычайную сілу ўздзеяння.
Тэма паклікання павінна быць трывала замацавана ў касцёльным вучэнні. Божае слова валодае творчай сілай. Яно таксама дае сілу выканаць Божы заклік. Таму неабходна дакладна прапаведаваць пра Божыя ісціны збаўлення чалавека. Сёння ва ўмовах рэлятывізацыі каштоўнасцей, асабліва сцірання адрозненняў паміж усеагульным святарствам вернікаў і іерархічным святарствам, неабходна моцна падкрэсліць важнасць святарства як служэння.
Варта адзначыць, што з’яўляюцца неабходнымі розныя ініцыятывы ў інтэнцыі пакліканняў, прапанаваныя маладым людзям духоўнай семінарыяй або манаскімі супольнасцямі. Напрыклад, арганізацыя сустрэч для юнакоў у семінарыі, так званыя “дні адчыненых дзвярэй”, штогадовыя сустрэчы, прысвечаныя распазнанню паклікання, а таксама ўдзел у розных дыяцэзіяльных акцыях і ўрачыстасцях, якія могуць натхніць на разважанне аб уласным пакліканні. Сярод святароў ёсць шмат тых, якія адрозніваюцца харызмай асаблівага кантакту з маладымі; неабходна выкарыстоўваць гэты дар як дапамогу ў распазнанні паклікання да святарства.
Сінадальная камісія па пакліканнях заахвочвае да “духоўнага ўсынаўлення кандыдатаў”, што азначае прыняцце духоўнага клопату за канкрэтнага кандыдата да святарства. Гэтая ініцыятыва можа рэалізоўвацца ў такіх супольнасцях, як “Жывы Ружанец”, “Маці ў малітве” і г. д.
Сінадальная камісія па пакліканнях настойліва рэкамендуе, каб важным элементам, які дапамагае ў душпастырстве пакліканняў, было эфектыўнае выкарыстанне прасторы сучасных сродкаў масавай інфармацыі.
Сённяшняе грамадства, асабліва моладзь, актыўна выкарыстоўвае сродкі масавай інфармацыі. Гэта “сучасная кафедра”, з якой можна звярнуцца да многіх маладых людзей. Таму няма сумненняў у тым, што ў душпастырстве пакліканняў неабходна карыстацца гэтымі сродкамі. Яны могуць станоўча паўплываць на фарміраванне і адкрыццё пакліканняў.
Інфармацыя пра пакліканні ў Касцёле павінна быць праўдзівай і пазітыўнай і, акрамя таго, падавацца з энтузіязмам. Слова павінна быць адрасавана не толькі патэнцыйным кандыдатам, але і ўсім вернікам, якія могуць актыўна ўдзельнічаць у душпастырстве пакліканняў.
Душпастырства пакліканняў не павінна абмяжоўвацца прызначанымі для гэтага асобамі ці асобнымі акцыямі. Уся супольнасць Касцёла павінна быць прасякнута клопатам аб пакліканнях. Да гэтага клопату трэба далучыць сем’і, парафіі, касцёльныя рухі, бацькоў, святароў, катэхетаў, усіх вернікаў. Адной з умоў якаснага развіцця душпастырства пакліканняў з’яўляецца супрацоўніцтва вернікаў, якія прадстаўляюць розныя формы паклікання ў Касцёле: сужэнцаў, святароў, кансэкраваных асобаў. Гэта больш, чым проста ўзаемнае супрацоўніцтва.
Педагогіка пакліканняў пачынаецца з пытання: як ажыццяўляецца ў чалавеку прыняцце прапановы паклікання да святарства? Важна зразумець, што можна зрабіць для больш свядомага, свабоднага і адказнага адказу чалавека на прапанову Бога.
Задача педагогаў заключаецца ў тым, каб цярпліва і смела сеяць добрае насенне Евангелля ў сэрцы кожнага з маладых людзей і ў той жа час паважаць іх свабоду і іх асабісты спосаб адкрыцця Бога і Яго планаў. Як і два вучні з Эмаўса ці як Самуэль уначы, наша моладзь часта не мае вачэй, каб бачыць, і вушэй, каб чуць Таго, Хто крочыць побач з кожным і прамаўляе яго імя. Задача тых, хто суправаджае, – дапамагчы распазнаць паходжанне таямнічага закліку. Суправаджаць пакліканні – гэта пакорнае служэнне, якое нараджаецца са свабоды ў духу і выяўляецца ў мужнасці слухаць, любіць і весці дыялог. Той, хто суправаджае, не навязвае сваіх пытанняў, а стараецца пачуць пытанні і ўбачыць цяжкасці маладога чалавека, якія датычаць яго будучыні.
Дапамагаць у распазнанні паклікання – гэта значыць вучыць маладых людзей малітве, бо менавіта яна з’яўляецца месцам распазнання паклікання. Вучні з Эмаўса прамаўляюць адну з самых выдатных просьбаў чалавечага сэрца: “Застанься з намі, бо вечар ужо надышоў і дзень ужо схіліўся” (Лк 24, 29). Гэта просьба таго, хто ведае, што без Хрыста ў жыцці надыходзіць ноч, што без Яго слова настае цемра неразумення, што без Езуса чалавек не разумее ўласнай таямніцы і можа нанесці шкоду самому сабе. Ускліканне вучняў з Эмаўса перадае просьбу таго, хто, магчыма, яшчэ не адкрыў свой шлях, але ўжо адчувае, што, знаходзячыся побач з Хрыстом, ён зразумее сябе і адкрые сваё пакліканне. Малітва – натуральны шлях і месца адкрыцця паклікання. Таму неабходныя тыя, хто моліцца, хто вучыць маладых людзей малітве і хто выхоўвае да малітвы.
Канчатковай мэтай педагогікі паклікання з’яўляецца фарміраванне маладых людзей па ўзоры Хрыста, каб асноўнай формай іх жыцця стала перайманне Яго слоў і дзеянняў. Гэта дапамагае маладым людзям пазнаць і зразумець таямніцу Хрыста. І гэта робіцца найбольш поўна “пры ламанні хлеба”. Пакліканне дасягае сваёй эфектыўнасці, калі ўводзіць маладых людзей у духоўнае жыццё з дапамогай Эўхарыстыі. Адкрываючы ім тут Хрыста і Яго шлях ахвярнай любові, маладым людзям трэба паказаць, што і яны былі адораны жыццём, каб у Хрысце стаць бескарыслівым дарам для іншых.
Важным этапам ў распазнанні і ўзрастанні паклікання да святарства з’яўляецца духоўная семінарыя.
Задача семінарыі – даць магчымасць пераняць тое вучэнне, якое Езус пакінуў сваім вучням. Яе мэта – фармаваць пакліканых да святарства кандыдатаў па ўзоры Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра, каб яны сталі добрымі душпастырамі, належным чынам падрыхтаванымі да служэння, асвячэння і кіравання Божым народам (пар. Pastores dabo vobis 61).
Духоўная семінарыя – адно з самых важных і неабходных асяроддзяў фармацыі і падрыхтоўкі да святарства кандыдатаў, якія адчулі ў сваім сэрцы голас паклікання і жаданне служыць Богу і людзям у Хрыстовым Касцёле. Задача семінарыі – уключыць кандыдата ў адносіны з Хрыстом, падобныя да тых, што існавалі паміж супольнасцю дванаццаці апосталаў і Збаўцам, а таксама дапамагчы гэтаму кандыдату яшчэ глыбей зразумець Божы план адносна свайго жыцця.
Семінарыя – гэта касцёльная супольнасць мадэратараў, выхавацеляў і іншых працаўнікоў, якія служаць чалавечаму, духоўнаму, інтэлектуальнаму і пастырскаму фармаванню семінарыстаў у іерархічнай суполцы Касцёла на Гродзеншчыне. Чалавечае выхаванне з’яўляецца асновай усёй фармацыі да святарства. Духоўная фармацыя служыць яднанню з Богам праз глыбокую сувязь з Езусам Хрыстом. Задача інтэлектуальнай фармацыі – разуменне веры. Пастырская фармацыя ўяўляе сабой усебаковае фармаванне кандыдатаў да святарства і заключаецца ў тым, каб падрыхтаваць іх асаблівым чынам да ўдзелу ў любові Хрыста Добрага Пастыра (пар. Pastores dabo vobis 43-59).
Сінод звяртае ўвагу, што для адпаведнага існавання і выканання сваёй місіі і задачы семінарыя патрабуе матэрыяльнай дапамогі. Таму Сінод падкрэслівае, што ўсе святары і свецкія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі закліканы падтрымліваць семінарыю малітвай і клапаціцца пра яе матэрыяльны стан. Клопат пра матэрыяльны быт семінарыі ўключае ў сябе выдзяленне сродкаў, неабходных для яе правільнага функцыянавання і забеспячэння яе будучыні.
Таму, згодна з распараджэннем Гродзенскага біскупа, вызначаны адпаведныя дні, калі збіраюцца ахвяраванні на ўтрыманне семінарыі: урачыстасць Хрыста Валадара, урачыстасць Аб’яўлення Пана, Пальмовая нядзеля.
Сінадальная камісія па справах душпастырства пакліканняў да святарства і фарміравання прэзбітэрату мае на мэце нагадаць нашаму лакальнаму Касцёлу праўду аб тым, што святарскае пакліканне – Божы дар, дадзены ўсяму Касцёлу. І задача для ўсіх нас – аберагаць і цаніць гэты дар. Усе мы як вернікі Гродзенскай дыяцэзіі нясём таксама адказнасць за нараджэнне і станаўленне святарскіх пакліканняў.
“Жніво сапраўды вялікае, але работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё” (Лк 10, 2).
Камісія па справах моладзі
Нядзельная гамілія (ХIІ Звычайная нядзеля, Год А)
Сёння Святы Касцёл прапануе нашай увазе ўрывак з Евангелля, дзе Хрыстус, пасылаючы вучняў на пропаведзь, тройчы паўтарае: “Не бойцеся” (Мц 10:26, 28, 31).
Бог ведае, як лёгка чалавек паддаецца страху. Мы баімся страціць працу, баімся меркавання іншых людзей, баімся, што нашыя дзеці могуць сысці з добрай дарогі, баімся старасці і хваробы. Але ёсць у нашым жыцці асаблівы страх, пра які кажа сёння Евангелле: страх вызнаць сваю веру перад людзьмі. Менавіта гэты страх нярэдка паралізуе нават самых шчырых хрысціян. А асабліва — маладое пакаленне, якое шукае сваё месца ў свеце і мае вострую патрэбу ў падтрымцы Касцёла.
І сёння між іншым мы паразважаем аб тым, як словы Хрыста дапамагаюць зразумець місію сінадальнай камісіі па справах моладзі ў нашай дыяцэзіі і як кожны з нас можа стаць удзельнікам гэтага важнага служэння.
“Няма нічога схаванага, што б не адкрылася” (Мц 10, 26)
Першы страх, які апосталы адчувалі тады, а многія хрысціяне — цяпер: боязь таго, што таемнае стане яўным. Але Пан кажа гэтыя словы не як пагрозу, а як вызваленне. Таму што рана ці позна праўда пра нашу веру ўсё роўна выйдзе вонкі. І лепш, калі яна выйдзе праз наша добраахвотнае вызнанне, а не праз знешні прымус.
Хто найбольш пакутуе ад падвойнага жыцця? Вядома, маладыя людзі. Многія з іх жывуць у двух вымярэннях: у касцёле — веруючыя, у школе ці ўніверсітэце — “як усе”. Яны хаваюць крыжык пад адзеннем, маўчаць, калі чуюць блюзнерства, не адважваюцца вызнаваць сваю веру сярод іншых.
Святая Кацярына Сіенская, якая ў маладосці цярпела насмешкі сваёй сям’і за пабожнасць, пісала: “Хай свет смяецца з праўды — той, хто смяецца разам са светам, губляе Бога. Мы ж, якія спазналі праўду, павінны вызнаваць яе і словам, і ўчынкамі, бо тое, што свет называе сорамам за Хрыста, для любячай душы становіцца найвялікшай славай”.
Што робіць сінадальная камісія па справах моладзі? Яна стварае для маладых людзей бяспечную прастору, дзе яны могуць перастаць хаваць сваю веру. У малітоўных групах, на рэкалекцыях, у пілігрымках юныя хрысціяне бачаць, што яны не адзінокія. Там яны ўпершыню адважваюцца сказаць уголас: “Я малюся”, “Я прагну быць святым”, “Я баюся, але веру”. Камісія дапамагае ім скінуць маску падвойнага жыцця і пачаць шлях да цэласнасці. А задача ўсёй супольнасці — падтрымліваць гэтыя групы, прымаць маладых людзей з разуменнем і радавацца, што яны шукаюць праўду.
“Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах” (Мц 10, 27)
Бог паказвае парадак: спачатку — “у цемры”, у цішыні асабістай малітвы, у сакрамэнце пакаяння, у паглыбленым чытанні Пісання. Ён кажа нам на вуха — ціха, даверліва, як сябар. А потым — “пры святле” і на “дахах” — самых бачных месцах. Многія, на жаль, змяняюць парадак: спачатку лезуць на “дах” (у сацыяльныя сеткі, у розныя рэлігійныя дыскусіі) з гучнымі словамі пра веру, але пры гэтым у іх няма “цемры” — асабістага малітоўнага жыцця. Іх пропаведзь становіцца пустым гукам.
Як гэта датычыцца моладзі? Сучасныя маладыя людзі жывуць у свеце, дзе “дах” — гэта перш за ўсё лічбавая прастора: сацыяльныя сеткі, месэнджары, форумы. Яны праводзяць там гадзіны. І Касцёл не можа ігнараваць гэтую рэальнасць. Сінадальная камісія дапамагае юным хрысціянам навучыцца абвяшчаць з лічбавых “дахаў” — не агрэсіўна, а сведчачы сваім жыццём, добрымі пастамі ў сацыяльных сетках, шчырымі каментарыямі, малітвай у адкрытым доступе.
Цудоўны прыклад для моладзі пакінуў святы Карло Акуціс, які ў свае 15 гадоў ствараў сайты пра Эўхарыстыю і між іншым казаў: “Усе людзі нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як фотакопіі”. Ён не аддзяляў сваю веру ад лічбавага свету — ён рабіў яго месцам распаўсюджвання Евангелля.
Але перш чым навучыць моладзь, увесь Касцёл павінен успомніць пра “цемру”. Святая Тэрэза з Лізье, якая ў 15 гадоў уступіла ў кармэліцкі кляштар, пісала: “У цішыні маёй келлі я гавару з Езусам як сябар з сябрам. А ў свеце я стараюся, каб мае справы казалі гучней за словы”.
Сёння ў большасці краін хрысціян не забіваюць фізічна, але існуе “мяккае ганенне”: насмешкі, ізаляцыя, выключэнне з “нармальнага” грамадства за веру. Асабліва востра гэта перажываюць маладыя людзі. У школе ці ўніверсітэце адкрытае вызнанне веры можа каштаваць страты сяброў, насмешак настаўнікаў альбо аднагодкаў.
“Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць” (Мц 10, 28)
Святы Ян Боско, які працаваў з самымі цяжкімі падлеткамі Турына, вучыў іх: “Смеласць – гэта браня маладога хрысціяніна. Смейцеся над д’яблам, бо ён можа крануць ваша цела, але калі вы не аддасце душу — вы перамаглі”.
Што ў гэтай сітуацыі робіць сінадальная камісія? Яна дапамагае юным хрысціянам не баяцца насмешкі. Яны вучацца адказваць на агрэсію не агрэсіяй, а любоўю; на насмешку — малітвай; на ізаляцыю — яшчэ большай еднасцю адзін з адным.
Таксама душпастырства моладзі арганізоўвае для маладых людзей рэальныя справы, дзе вера становіцца бачнай: наведванне дамоў састарэлых, дапамога бяздомным, праца на тэрыторыі касцёла, удзел у касцёльных святах. Такім чынам моладзь праяўляе сваю веру ўчынкамі і вучыцца не саромецца яе.
Дарагія браты і сёстры, сённяшняе Евангелле заклікае нас не заставацца абыякавымі. Маладыя людзі нашай дыяцэзіі — гэта не “заўтрашні” Касцёл, а яго жывое сёння. Яны робяць першыя, часам няўпэўненыя крокі да смелага вызнання веры. Яны могуць памыляцца, яны могуць чагосьці не ведаць, але іх сэрцы гараць. Таму не адварочвайцеся ад ініцыятыў, якія звязаны з душпастырствам моладзі ў нашай дыяцэзіі, а падтрымлівайце іх, як толькі можаце, бо мы верым, што нашае служэнне прынясе багаты плён у будучыні нашай краіны.






