14 чэрвеня парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад) адзначыла сваё 400-годдзе.
Гісторыя парафіі бярэ пачатак 2 лютага 1626 г., калі літоўскі надворны маршалак Кшыштаф Весялоўскі, які распараджаўся сталовай эканоміяй на Гродзеншчыне, выдаў фундацыйны дакумент на будаўніцтва ў Квасоўцы касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Цяперашні касцёл – трэці ў гісторыі парафіі.
Імшу падзякі Богу за 400-гадовае існаванне парафіі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі шматлікія вернікі і госці, прадстаўнікі духавенства дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Віктарам Мыслюком, прадстаўнікі мясцовай праваслаўнай супольнасці і мясцовых уладаў.
Пробашч кс. Тадэвуш Крыштопік, вітаючы прысутных, назваў гэты дзень вельмі важным для парафіі і заклікаў да малітвы за ўсе пакаленні вернікаў, якія на працягу чатырох стагоддзяў стваралі і працягваюць ствараць гэтую супольнасць, знаходзячы ў ёй свой шлях да Бога.
У гаміліі біскуп сказаў: “Гісторыя гэтай парафіі – гэта перш за ўсё гісторыя людзей. Гэта гісторыя бацькоў і маці, якія вучылі сваіх дзяцей знаку крыжа, гісторыя святароў, якія верна служылі Божаму народу, гісторыя людзей, якія ахвяроўвалі свой час, працу, сродкі і сілы дзеля захавання веры, старэйшых людзей, якія ў часы пераследу захоўвалі малітву ў сваіх дамах, моладзі, якая адкрывала для сябе Божае пакліканне”.
Па словах іерарха, святкаванне чатырохсотгоддзя парафіі павінна стаць “момантам духоўнага рахунку сумлення і пытання пра тое, чым была гэтая парафія для нашых продкаў, чым яна застаецца сёння для нас і якой мы пакінем яе тым, хто прыйдзе пасля нас, і адказаць на гэтыя пытанні зможам тады, калі ў пакоры адкрыем праўду, што Бог верны свайму народу”.

“На працягу чатырохсот гадоў Бог сапраўды нёс гэтую супольнасць на сваіх крылах. Ён быў побач у часы росквіту і ў часы выпрабаванняў, не пакінуў сваіх дзяцей нават тады, калі здавалася, што ўсё губляецца, абараняў, падтрымліваў, натхняў і вёў, – дадаў біскуп. – Гісторыя Касцёла вучыць нас вельмі важнай праўдзе: калі чалавечымі вачыма глядзець на шматлікія цяжкасці, можна было б зрабіць выснову, што Касцёл павінен быў ужо даўно знікнуць. Але ён існуе і будзе існаваць да канца свету не таму, што людзі настолькі моцныя, а таму, што сам Хрыстус застаецца яго Галавою”.
Біскуп падкрэсліў, што “ў цэнтры гісторыі кожнай парафіі стаіць не чалавек, а Хрыстус”: “Парафія – жывая супольнасць вучняў Хрыста, сям’я Божых дзяцей”. Тлумачачы літургічнае чытанне гэтага дня, іерарх адзначыў: “Хрыстус бачыць боль чалавека, яго страхі, грахі і раны, яго духоўны голад. І таму кажа сваім вучням: «Жніво вялікае, а работнікаў мала». Гэтыя словы асабліва актуальныя і сёння. Будучыня парафіі будуецца сёння. (…) Яна будуецца ў кожным чалавеку, які разумее, што Касцёл – гэта мы самі”.
“Маці Божая суправаджала вашых продкаў, падтрымлівала іх у цяжкасцях, дапамагала захоўваць веру, вучыла даверу Богу. І сёння Яна працягвае казаць кожнаму з нас тыя ж словы, якія калісьці сказала слугам у Кане Галілейскай: «Зрабіце ўсё, што Ён (Езус Хрыстус) вам скажа». Калі гэтыя словы стануць праграмай жыцця нашай парафіі, нашых сем’яў і кожнага з нас, будучыня Касцёла будзе бяспечнай”, – звярнуў увагу біскуп. Ён заахвоціў прысутных маліцца аб тым, каб у гэтай парафіі “людзі знаходзілі суцяшэнне і надзею, каб на гэтай зямлі не бракавала святых сем’яў, добрых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця”.
У канцы літургіі парафіяне выказалі Богу ўдзячнасць за сваю супольнасць, парафіяльны касцёл, усіх душпастыраў, якія служылі і служаць там. Таксама яны падзякавалі біскупу, свайму пробашчу, гасцям, паабяцалі клапаціцца аб сваёй святыні і выказалі спадзяванне, што іх парафія застанецца месцам, дзе кожны заўсёды зможа знайсці падтрымку ў іншым чалавеку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






