З 12 па 14 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі знаходзіўся абраз Маці Божай Вастрабрамскай у межах яго перэгрынацыі, якая праводзіцца з нагоды 35-й гадавіны заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Абраз прывіталі ў парафіі прадстаўнікі малітоўных груп, дзеці, моладзь. Каб ушанаваць Маці Божую ў гэтым абразе, падрыхтавалі дыван з кветак, на якім змясцілі заклік “Ave Maria” і выяву ружанца.
13 чэрвеня, калі ў парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага, абраз пранеслі вакол касцёла ў эўхарыстычнай працэсіі.
На працягу трох дзён перад абразом праходзілі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітва на ружанцы, гучалі спевы ў гонар Маці Божай.
Завяршылася перэгрынацыя Імшой з удзелам дзяцей. Затым абраз быў перададзены вернікам Ашмянскага дэканату.
Перэгрынацыя абраза Маці Божай Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, пачалася 18 красавіка, завяршэнне адбудзецца ва ўрачыстасць у Яе гонар – 16 лістапада. Плануецца, што за час перэгрынацыі абраз пабывае ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэзіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






