13 чэрвеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафію св. Ганны ў Лунне (Мастоўскі дэканат). У гэты дзень парафія адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага, які шануецца ў гэтай супольнасці шмат гадоў.
Пробашч кс. Алег Яновіч, вітаючы прысутных, падкрэсліў, што святы Антоні вельмі папулярны сярод мясцовых вернікаў, яны звяртаюцца да яго ў сваіх патрэбах.
Біскуп у гаміліі адзначыў, што гэты святы “настолькі дазволіў Богу дзейнічаць у сваім жыцці, што сам стаў празрыстым люстэркам Божай прысутнасці ў свеце, а яго жыццё, прапаведванне, малітва і святасць да сённяшняга дня працягваюць весці людзей да Хрыста”.
“Ён стаў чалавекам, цалкам аддадзеным справе абвяшчэння Божага Валадарства і настолькі адкрытым на дзеянне Святога Духа, што яго слова кранала сэрцы людзей значна мацней, чым самыя пераканаўчыя чалавечыя аргументы, – сказаў біскуп. – У трынаццатым стагоддзі, калі ён жыў, час вялікіх выклікаў для Касцёла, калі многія гублялі сапраўднае разуменне веры, калі распаўсюджваліся памылковыя вучэнні, калі не бракавала тых, хто імкнуўся пабудаваць жыццё без Бога або паводле ўласнай праўды, Пан узняў гэтага пакорнага францішканіна, каб праз яго паказаць, што найбольшай сілай Касцёла заўсёды было не багацце, не ўплывы, не чалавечая мудрасць, а святыя людзі, якія цалкам даверылі сваё жыццё Хрысту”.
“Свет, у якім жывём мы, хоць і вельмі адрозніваецца ад тых часоў, усё ж мае тыя ж духоўныя праблемы, бо і сёння многія шукаюць шчасця там, дзе яго няма, шукаюць праўды без Бога, свабоды без адказнасці, любові без ахвярнасці і будучыні без надзеі, якая грунтуецца на Евангеллі, – адзначыў біскуп. – Гэты вялікі святы вучыць нас перадусім таму, што сапраўдная сіла чалавека не ў яго адукацыі, талентах або чалавечых здольнасцях, хоць усё гэта таксама мае вартасць, а ў тым, наколькі ён дазваляе Богу дзейнічаць праз сябе”. “Сёння, калі мы маем доступ да Бібліі ў кожным доме, у кожным тэлефоне і на кожнай электроннай прыладзе, узнікае вельмі сур’ёзнае пытанне: ці сапраўды мы слухаем Божае слова, ці дазваляем яму перамяняць нашае жыццё, ці знаходзім для яго час?” – дадаў іерарх.

Таксама, па яго словах, Антоні вучыць сапраўднай святасці: “Антоні вельмі добра разумеў, што сапраўдная святасць пачынаецца не з вялікіх цудаў і не з надзвычайных подзвігаў, а з вернасці Богу ў штодзённасці жыцця, сумленнай малітвы, барацьбы з грахом, любові да бліжняга, умення прабачаць і мужнасці ісці за Хрыстом нават калі гэта патрабуе ахвяры”.
“Магчыма, найбольш актуальны яго ўрок для сучаснага чалавека ў тым, каб не баяцца поўнасцю даверыць сваё жыццё Богу, бо толькі тады чалавек адкрывае сапраўдны сэнс існавання, знаходзіць сапраўдны супакой сэрца і пачынае разумець, што найвялікшым поспехам жыцця з’яўляецца не тое, колькі сабраў зямных скарбаў, а тое, наколькі навучыўся любіць Бога і людзей”, – сказаў біскуп.
Па яго словах, прапаведванне святога Антонія было такім плённым таму, што “людзі перадусім бачылі яго жыццё, а жыццё, якое цалкам належыць Богу, заўсёды становіцца найбольш пераканаўчай пропаведдзю, значна больш моцнай за самыя прыгожыя прамовы і самыя дасканалыя аргументы”.
“Сёння чалавецтва вельмі часта пакутуе ад вялікай колькасці інфармацыі і адначасова ад недахопу мудрасці, бо чалавек ведае шмат, але не заўсёды разумее, як правільна жыць; мае доступ да незлічоных крыніц ведаў, але ўсё часцей губляе здольнасць адрозніваць праўду ад хлусні; можа размаўляць з чалавекам на іншым канцы свету, але нярэдка не ўмее паразумецца з тымі, хто жыве побач з ім пад адным дахам, – заўважыў біскуп. – Постаць святога Антонія нагадвае нам, што сапраўдная мудрасць заўсёды пачынаецца з Божага слова, бо менавіта яно асвятляе розум, ачышчае сэрца і дапамагае правільна распазнаваць Божую волю сярод мноства жыццёвых дарог і рашэнняў”.
Біскуп прапанаваў задумацца над пытаннямі: “Ці знаходжу я час для Божага слова? Ці адкрываю Святое Пісанне не толькі тады, калі прыходжу ў касцёл, але і дома? Ці дазваляю Богу звяртацца да майго сэрца?” “Небяспека сучаснага чалавека часта заключаецца ў тым, што ён можа ведаць пра Бога вельмі шмат, але жыць так, быццам Бога няма; можа ўдзельнічаць у рэлігійных абрадах, але не дазваляць Божай ласцы сапраўды перамяняць сваё жыццё”, – адзначыў іерарх.
“Святы Антоні нагадвае нам, што сапраўдная вера заўсёды вядзе да перамены жыцця, да навяртання, да большай любові і большай адказнасці за ўласнае пакліканне, бо ніхто з нас не быў пакліканы Богам выпадкова, але кожны атрымаў ад Яго асаблівую місію, якую павінен выканаць у гэтым свеце, – сказаў біскуп. – Можа, гэты святы застаецца сёння такім блізкім простым людзям таму, што ў яго асобе яны бачаць не недасягальнага героя, а чалавека, які ішоў той самай дарогай, што і мы, сустракаў цяжкасці і выпрабаванні, мусіў прымаць складаныя рашэнні, перажываў духоўную барацьбу, але ва ўсіх абставінах жыцця імкнуўся найперш шукаць Бога і давяраць Яму больш, чым самому сабе”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






