12 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў асвячэнне новых алтароў у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат).
На Імшы, у межах якой адбылося асвячэнне, прысутнічалі святары дэканату, шматлікія парафіяне і госці. Пробашч кс. Юрый Фядук, вітаючы прысутных, назваў гэтую падзею вельмі важнай для парафіяльнай супольнасці.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ў Сэрцы Езуса “адкрываецца ўся праўда пра Бога і пра чалавека”, “гэтае Сэрца палюбіла чалавека ад пачатку свету” і “працягвае быць крыніцай жыцця, міласэрнасці і надзеі для ўсяго чалавецтва”.
Па словах іерарха, “алтар у святыні ніколі не быў толькі ўпрыгожваннем інтэр’еру, ён заўсёды паказвае на нешта большае, указвае на прысутнасць Бога сярод свайго народа”. Паколькі адзін з двух новых алтароў парафіі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а другі – Маці Божай Шкаплернай, біскуп сказаў: “Няма большай святыні любові, чым Сэрца Збаўцы, большай крыніцы міласэрнасці, чым прабітае дзідай Сэрца Хрыста, і большай надзеі для чалавека, чым упэўненасць у тым, што Бог любіць яго любоўю бязмежнай, вернай і вечнай. А Маці Божая, як добрая Маці, заўсёды вядзе сваіх дзяцей да Сына і вучыць іх даверу, паслухмянасці і вернасці Богу”.

Тлумачачы літургічныя чытанні гэтага дня, біскуп адзначыў: “Бог любіць чалавека не таму, што чалавек добры. Бог любіць чалавека, каб ён стаў добрым. Бог любіць чалавека не таму, што ён святы. Бог любіць чалавека, каб зрабіць яго святым. Бог любіць чалавека не таму, што ён дасканалы. Бог любіць чалавека нават тады, калі той далёкі ад дасканаласці. У гэтым і ёсць таямніца Найсвяцейшага Сэрца. Гэта Сэрца, якое не любіць толькі праведнікаў. Гэта Сэрца, якое шукае грэшнікаў. (…) Менавіта таму культ Сэрца Езуса стаў адным з самых дарагіх для хрысціянскага народа. Бо чалавек прагне быць любімым. Прагне ведаць, што хтосьці яго разумее і ніколі не асуджае. Чалавек заўсёды прагне жыць праўдай, што хтосьці яго чакае. Што хтосьці здольны прабачыць. І ўсё гэта чалавек знаходзіць у Сэрцы Езуса”.
“Тое, што Бог ёсць любоў, значыць, што любоў не з’яўляецца адной з Божых якасцяў. Яна складае самую сутнасць Бога. Таму ўсё, што Бог робіць, выходзіць з любові. З любові Ён стварыў свет. З любові паклікаў чалавека да жыцця. З любові паслаў свайго Сына. З любові дазволіў прыбіць Яго да крыжа. З любові пакінуў нам Эўхарыстыю. З любові дае нам Касцёл. З любові прабачае нас у сакрамэнце пакаяння. З любові чакае нас у вечнасці.
І калі мы сапраўды паверым у гэтую праўду, то наша жыццё пачне змяняцца. Бо галоўная праблема сучаснага чалавека часта заключаецца не ў тым, што ён не верыць у існаванне Бога. Галоўная праблема ў тым, што ён не верыць у Божую любоў”, – заўважыў біскуп.
Словы Езуса Хрыста ў Евангеллі: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” іерарх патлумачыў так: “Езус запрашае адпачыць. Не ўцячы ад жыцця. Не забыцца пра праблемы. Не заглушыць боль. А знайсці сапраўдны супакой у Ім. Сёння вельмі шмат людзей жыве са стомленым сэрцам – стомленым ад войнаў і нянавісці, ад падзелаў і ад жыццёвай няпэўнасці, ад страху за заўтрашні дзень. І вось Езус адкрывае перад намі сваё Сэрца і кажа: «Прыйдзіце да Мяне». Не да якойсьці ідэі. Не да чалавечай мудрасці. Не да зямной магутнасці. А да Мяне. Бо толькі Божая любоў здольная аздаравіць чалавечае сэрца”.
Біскуп прапанаваў прысутным падумаць над пытаннем: “Ці ёсць у маім сэрцы месца для Бога?” Ён дадаў, што “сапраўдны алтар, які Бог хоча асвяціць сёння, знаходзіцца ўнутры чалавека, гэта чалавечае сэрца, і калі яно адкрываецца для Бога, тады пачынаецца сапраўднае навяртанне, сапраўдная святасць, сапраўдная радасць”. Іерарх заахвоціў прасіць Сэрца Езуса “навучыць нас любіць: любіць Бога больш за ўсё, любіць Касцёл, любіць свае сем’і, любіць нават тых, каго цяжка любіць”.
Парафіяне падзякавалі біскупу за візіт, за здзейснены абрад асвячэння і за клопат аб іх супольнасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






