13 чэрвеня ў парафіі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) у межах адпустовай урачыстасці ў гонар св. Антонія Падуанскага святкаваліся юбілеі арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які сёлета адзначае сваё 80-годдзе і 45-годдзе святарства, і пробашча гэтай парафіі кс. каноніка Віктара Мыслюка, які адзначае 25-годдзе святарства.
Святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, для якога адэльская парафія з’яўляецца роднай. У літургіі ўдзельнічала каля 30 святароў, сярод іх Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і аднакурснікі пробашча, якія таксама адзначаюць сёлета срэбраны юбілей святарства.
Вітаючы іерархаў, парафіяне падкрэслілі, што для іх супольнасці, у якой доўгі час шануюць святога Антонія, гэты дзень вельмі важны.
Арцыбіскуп у гаміліі звярнуў увагу на значэнне асобы святога Антонія для людзей ХХІ стагоддзя. Іерарх адзначыў, што падобнае да сённяшняга часу, калі “ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе, і ставіць на Яго месца саміх сябе, у выніку чаго свет перажывае цунамі рэлігійнай абыякавасці і матэрыялістычнага атэізму”, было і ў часы святога Антонія, калі “дух свецкасці негатыўна ўплываў на жыццё свету і Касцёла”. Тады, па словах арцыбіскупа, Бог паклікаў Антонія, выдатнага прапаведніка, абвяшчаць Яго слова, і ў хуткім часе ён стаў вельмі аўтарытэтным, людзі яго ахвотна слухалі, яго абвяшчэнне Евангелля было моцным і пераконваючым.
“Тэндэнцыі секулярызацыі і маральнага рэлятывізму вядуць да аслаблення веры і скажэння аб’яўленай Богам праўды. Мы хочам Бога міласэрнага, але не патрабавальнага. У выніку ў свеце праяўляюцца тэндэнцыі змены праўдаў веры ў адпаведнасці з культурнымі зменамі. Але як нязменныя законы прыроды, так нязменны і Божы закон. Евангелле дадзена нам не для таго, каб яго змяніць, а каб яно змяніла нас. Гэта пасланне святога Антонія нам, людзям дваццаць першага стагоддзя. Менавіта па гэтай прычыне Ян Павел II заклікаў да новай евангелізацыі, адаптаванай да патрэбаў нашага часу, і такая евангелізацыя з’яўляецца таксама галоўнай задачай святара”, – сказаў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што “святар – самы шчодры дар і скарб, які Бог даў чалавецтву і які існуе на зямлі”, што “Бог слухаецца святара, па яго слову Хрыстус сыходзіць з нябёсаў на зямлю ў невялікай гостыі”, выказаў удзячнасць усім, хто дапамог яму і пробашчу адэльскай парафіі ксяндзу Віктару распазнаць пакліканне, падрыхтавацца да святарства і рэалізоўваць гэтае служэнне ва ўмовах пераследу і адраджэння веры. Іерарх папрасіў прабачэння за памылкі, папрасіў аб далейшай малітоўнай дапамозе.
“Езус назваў апосталаў сваімі сябрамі, бо адкрыў ім усё, што пачуў ад свайго Айца. Праз пакліканне да святарства і сакрамэнт пасвячэння Ён называе сваімі сябрамі таксама прэзбітэраў. Гэта азначае, што Езус цалкам давярае ім, таму прапануе дасканалае пазнанне сябе і Айца, – сказаў арцыбіскуп. – Езус надзяляе святара ўладай абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей праз цэлебрацыю Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў і кіраваць Божым народам у духу служэння. Святар робіць гэта не ад свайго імя, а ад імя Хрыста і Яго сілай. Менавіта таму мы называем святара Alter Christus – “Другі Хрыстус”. Якая вялікая адказнасць!” Іерарх назваў гэта “вельмі важным у часы крызісу пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця”, падкрэсліў, што “пакліканні паходзяць з сем’яў і касцёльных супольнасцяў”.
Арцыбіскуп заахвоціў “заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню”, “не адракацца ад крыжа, якім бы цяжкім ён ні быў, бо ў ім надзея і збаўленне”, маліцца аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. Духавенства ён заахвоціў “паўтарыць перад Першасвятаром Езусам словы, падобныя сказаным у час пасвячэння: прысутнічаю, каб працягваць служыць Богу, Касцёлу і людзям з мэтай дапамагчы знайсці страчаную веру”.
Вернікі парафіі выказалі віншаванні арцыбіскупу, пробашчу і яго аднакурснікам, падзякавалі маці ксяндза Віктара Аліне за выхаванне сына. Павіншавалі ксяндза Віктара таксама вернікі тых парафій, дзе ён служыў раней.

Біскуп Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што “Бог здзяйсняе вялікія справы ў жыцці чалавека, калі той з даверам адгукаецца на Яго пакліканне”. Іерарх параўнаў з “прыгожымі старонкамі адной гісторыі вернасці Хрысту і Яго Касцёлу” тры юбілеі святарства, якія адзначаюць сёлета біскуп Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч адэльскай парафіі.
“На працягу пяцідзесяці гадоў святарскага служэння біскупа Аляксандра Кашкевіча Хрыстус дзейнічаў праз свайго слугу, каб будаваць Касцёл, абвяшчаць Евангелле і весці людзей да збаўлення. Для нас, вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, гэтая дата мае яшчэ больш глыбокае значэнне, бо менавіта біскуп Аляксандр стаў першым пастырам нашай дыяцэзіі і на многія гады звязаў сваё жыццё з яе гісторыяй. Сорак пяць гадоў святарства арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча нагадваюць пра сілу Божай ласкі, якая здольная выводзіць чалавека далёка за межы таго, што ён сам мог бы ўявіць. Асаблівую радасць сёння перажывае Адэльск, бо менавіта тут знаходзяцца карані яго паклікання, тут ён вучыўся першым малітвам, тут нараджалася яго любоў да Бога і Касцёла. Гэта вялікі гонар для ўсёй парафіі і жывы напамін пра тое, што Бог выбірае сваіх слугаў сярод простых людзей і вядзе іх шляхамі, вядомымі толькі Яму. Дваццаць пяць гадоў святарскага служэння ксяндза каноніка Віктара Мыслюка – ужо не толькі прыгожы юбілей, але і сведчанне, што маладосць святарскага сэрца вымяраецца не колькасцю гадоў, а здольнасцю штодзённа аднаўляць сваю любоў да Хрыста і Яго народа”, – сказаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп падзякаваў юбілярам “за вернасць у цяжкія хвіліны, мужнасць у выпрабаваннях, адданасць у штодзённай працы”, пажадаў, каб Бог заставаўся крыніцай іх радасці, каб у іх не згасала святло паклікання, а кожны дзень прыносіў супакой і ўпэўненасць, што Хрыстус заўсёды побач. Парафіянам іерарх падзякаваў за “веру, любоў да Касцёла, клопат пра сваю святыню і захаванне жывой спадчыны сваіх бацькоў і дзядоў на працягу жыцця ўжо многіх пакаленняў”. “Няхай святы Антоній Падуанскі будзе вашым нястомным апекуном, выпрошвае для вашых сем’яў згоду і любоў, для моладзі – вернасць Божаму пакліканню, для дзяцей – благаслаўлёнае ўзрастанне, а для старэйшых – супакой і надзею”, – пажадаў біскуп.

Ад імя беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча павіншаваў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, звярнуўшы ўвагу на яго “апостальскі запал” і заслугі ў адраджэнні Касцёла ў Беларусі і Расіі. Канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які сёлета таксама святкуе срэбраны юбілей святарства, перадаў апостальскае благаслаўленне Папы Льва XIV пробашчу і вернікам адэльскай парафіі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч з нагоды свайго 80-годдзя і 45-годдзя святарства перадаў адэльскай парафіі вотумы ў выглядзе сэрца для цудадзейных абразоў Маці Божай і святога Антонія.
Завяршылася святкаванне працэсіяй да фігуры святога Антонія, якая знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Адэльска. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў благаслаўленне хлеба святога Антонія, які затым удзельнікі святкавання мелі магчымасць ўзяць з сабой.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Юрый Чупрэта






