Skip to main content

Ксёндз Віктар Мыслюк адзначыў у сваёй роднай парафіі срэбраны юбілей святарства

IMG 0819 artguru31 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у парафіі ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) адзначалася 25-годдзе святарства кс. каноніка Віктара Мыслюка.

Парафія ў Росі, якая носіць тытул Найсвяцейшай Тройцы, святкавала ў гэты дзень адпустовую ўрачыстасць. Гэта родная парафія ксяндза Віктара.

Імшу падзякі Богу за дары і ласкі, якія спасылаліся юбіляру ў служэнні, цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які вучыўся на адным курсе з ім у семінарыі.

На літургіі прысутнічала вялікая колькасць вернікаў, у тым ліку родныя ксяндза Віктара.

Юбіляр выказаў падзяку вернікам сваёй роднай парафіі на чале з пробашчам кс. канонікам Чэславам Паўлюкевічам за аказаную дабрыню, а найперш за малітоўную падтрымку, якую, па яго словах, адчувае штодзень.

Прэзбітэрскае пасвячэнне ксёндз Віктар прыняў 19 мая 2001 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, удзяліў яго біскуп Аляксандр Кашкевіч. Святар з’яўляецца дэканам дэканату Гродна-Захад і пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Юрый Чупрэта