31 мая біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч наведаў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат).
На святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп, быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на важнасць канфірмацыі – сакрамэнту хрысціянскай сталасці, у якім, паводле вучэння Касцёла, вернік атрымлівае сем дароў Духа Святога. Ён адзначыў, што гэты сакрамэнт умацоўвае чалавека ў вызнаванні веры.
Біскуп заахвоціў тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, быць сведкамі Езуса Хрыста, “абвяшчаць Евангелле любові”, радавацца атрыманым дарам Духа і дзяліцца імі з іншымі.
У канцы літургіі парафіяне павіншавалі іерарха з 50-й гадавінай з часу прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння і 35-й з часу прыняцця сакры. Яны падзякавалі яму за шматгадовае кіраўніцтва Касцёлам на Гродзеншчыне, пажадаўшы шчодрых Божых дароў на доўгія гады.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






