У нядзелю 31 мая хрысціянскі рух “Gloriosa Trinità”, які дзейнічае ў лідскай парафіі Святой Сям’і, адзначыў свой 20-гадовы юбілей.
У гэты дзень адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, назва руху “Gloriosa Trinità” перакладаецца як “Слаўная Тройца”.
“У жыцці кожнай духоўнай супольнасці ёсць этапы, якія дазваляюць азірнуцца назад, убачыць пройдзены шлях і падзякаваць Пану за кожны крок. Для хрысціянскага руху “Gloriosa Trinità” у Беларусі гэты год стаў асаблівым. Мы святкуем юбілей — 20 гадоў з моманту, калі першыя зярняты гэтага служэння былі пасеяны на беларускай зямлі”, – кажуць удзельнікі руху.
Гісторыя руху ў Беларусі пачалася ў 2006 годзе, на яго пачатку стаяў кс. Юзаф Ганьчыц. “Цудоўны чалавек, які, маючы гарачае сэрца і глыбокую веру, змог аб’яднаць вакол сябе людзей, якія шукаюць жывых адносін з Богам, – адзначаюць прадстаўнікі “Gloriosa Trinità”. – Ён стаў сапраўдным духоўным бацькам для першых удзельнікаў нашага руху, уклаў душу ў тое, каб аб’яднаць вернікаў у адну духоўную сям’ю. Сёння ксяндза Юзафа ўжо няма з намі, ён пакліканы ў дом Айца, але яго спадчына жыве. Агонь веры, які ён запаліў у сэрцах людзей у 2006 годзе, працягвае гарэць і саграваць тысячы душ. Гады малітваў, сустрэч і вернага служэння прынеслі свае плады”.
Новай важнай вехай для руху “Gloriosa Trinità” стаў 2013 год, калі ён атрымаў афіцыйны статус у Беларусі. Афіцыйнае прызнанне, па словах удзельнікаў, адкрыла новыя дарогі для місіі і ўмацавала фундамент гэтай супольнасці, а сёння яна працягвае ўпэўнена развівацца пад мудрым духоўным кіраўніцтвам пробашча лідскай парафіі кс. Руслана Мазана.
“Пераняўшы клопат пра вернікаў, ксёндз Руслан акуратна захоўвае традыцыі, закладзеныя заснавальнікамі, і накіроўвае супольнасць да новых духоўных вяршыняў. Пад яго пастырскім клопатам “Gloriosa Trinità” у Беларусі застаецца моцнай духоўнай сям’ёй, дзе кожны знаходзіць падтрымку; глыбокай малітвай, якая праслаўляе Найсвяцейшую Тройцу; евангелізацыйнай дзейнасцю, якая нясе святло Хрыста ў сучасны свет; дапамогай бліжнім, заснаванай на хрысціянскай любові, – распавядаюць удзельнікі “Gloriosa Trinità”. – Дваццаць гадоў — гэта час сталасці. Рух даказаў, што заснаваны на трывалым фундаменце веры, паслухмянасці Касцёлу і шчырай любові да Бога”.
Удзельнікі руху выказваюць пажаданне, каб прыклад заснавальнікаў і светлая памяць пра ксяндза Юзафа натхнялі іх на новае апостальскае служэнне, а Найсвяцейшая Тройца – Айцец, Сын і Святы Дух – няспынна спасылалі свае шчодрыя дары на гэтую супольнасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






