30 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў у лідскай парафіі Святой Сям’і цэлебрацыю Эўхарыстыі, на якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
На святой Імшы сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прысутнічалі святары дэканату.
Пробашч парафіі кс. Руслан Мазан прывітаў усіх прысутных і заахвоціў маліцца за кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту.
У гаміліі іерарх заахвоціў маладых людзей, якія прыступалі да канфірмацыі – сакрамэнту хрысціянскай сталасці – дазволіць праявіцца ў іх жыцці Духу Святому, які, паводле вучэння Касцёла, сыходзіць на верніка ў гэтым сакрамэнце.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў парафіянам быць людзьмі веры і любові ў Духу Святым і адважна абвяшчаць Евангелле ўваскрослага Хрыста ўсюды, куды Ён іх пасылае.
У канцы Эўхарыстыі канфірмаваныя падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, падзякавалі ўсім, хто падрыхтаваў іх да гэтай падзеі, і выказалі перад Богам абяцанне, што будуць працягваць узрастаць у Яго ласцы і клапаціцца пра развіццё сваёй веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






