30 мая ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў межах святкавання 50-й гадавіны прэзбітэрскага пасвячэння і 35-й гадавіны сакры біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча адбылася прэзентацыя яго жыццярысу.
Гэтай прэзентацыяй жыццёвага шляху першага ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі, які ўзначальваў яе 33 гады, распачалося святкаванне юбілею. Прадставіў прэзентацыю канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які шмат гадоў быў найбліжэйшым супрацоўнікам біскупа.
Біяграфія іерарха была прадстаўлена з моманту яго нараджэння, асаблівая ўвага звярталася на доўгі і найбольш вядомы многім перыяд яго дзейнасці як біскупа Гродзенскага.
Канцлер курыі адзначыў, што пералічыць усе справы і заслугі біскупа Аляксандра для мясцовага Касцёла немагчыма нават скарочана, “кожная такая спроба была б выбарачнай, фрагментарнай і суб’ектыўнай, тым больш што ў святле веры найвялікшае дабро здзяйсняецца ў глыбіні чалавечых сэрцаў, а гэта рэальнасць няўлоўная, якая не паддаецца аб’ектыўнай ацэнцы”.
Ксёндз Аляксандр прыгадаў некаторыя з найважнейшых падзей Касцёла на Гродзеншчыне і прывёў статыстычныя дадзеныя, каб можна было зразумець, наколькі гэты Касцёл удзячны руплівасці і трывалай працы юбіляра. Канцлер курыі нагадаў, што за ўсе гады, у якія біскуп Кашкевіч узначальваў дыяцэзію, было пабудавана і асвячана 13 касцёлаў і 25 капліц, адноўлена, адрамантавана, адрэстаўравана ці пераўтворана з іншых будынкаў 58 касцёлаў і 51 капліца, таксама адкрыта 8 шпітальных капліц. У цэлым атрыманы для Божага культу 163 сакральныя аб’екты. Заснавана 9 санктуарыяў, 8 дамоў пілігрыма, рэкалекцыйных дамоў і іншых падобных аб’ектаў. Пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату біскуп Аляксандр удзяліў 186 чалавекам, у тым ліку 32 з манаскіх супольнасцяў, у ступені дыяканату – 193, у тым ліку 19 з манаскіх супольнасцяў. Больш чым 85 тысячам чалавек ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
Канцлер адзначыў, што дыяцэзія мае густую парафіяльную сетку, добра забяспечаную душпастырамі, тут паспяхова дзейнічае дэканальная структура, ёсць тры рэгіянальныя вікарыяты. Біскупу Гродзенскаму дапамагаюць у працы курыя і касцёльны суд. У дыяцэзіі дзейнічаюць семінарыя, тэалагічны каледж, курсы сямейнага жыцця, дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas”, сродкі масавай інфармацыі, шмат спецыяльных душпастырстваў, малітоўныя групы, таварыствы вернікаў. Гэта толькі некаторыя факты, якія сведчаць, наколькі дынамічным і плённым было 33-гадовае пастырскае служэнне біскупа Кашкевіча ў дыяцэзіі, дадаў ксёндз Аляксандр.
Таксама ён прадставіў кнігу “Езу, давяраю Табе”, якая выдадзена з нагоды залатого юбілею святарства біскупа і з’яўляецца выразам удзячнасці за яго служэнне.
“Езу, давяраю Табе” – біскупскі дэвіз іерарха. Эпіграф кнігі кажа: “Удзячнасць – памяць сэрца”. У першай частцы кнігі змешчаны віншаванні біскупу з нагоды юбілею святарства, дасланыя іерархамі з Беларусі і Польшчы, настаяцелямі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і яго сябрамі з Польшчы і Літвы. У другой частцы – успаміны і водгукі тых, хто ведаў яго ў розныя перыяды жыцця: у дзяцінстве і маладосці, праведзеных у родных Эйшышках, у час вайсковай службы ў Барысаве і Бабруйску, у гады вучобы ў семінарыі ў Каўнасе, служэння ў Панявежысе і Вільні, біскупскага служэння на Гродзеншчыне.
Акрамя таго, у кнізе змешчаны інтэрв’ю, дадзеныя біскупам у розны час. Гэтая частка кнігі багата ілюстраваная: тут больш за 180 здымкаў, у тым ліку шмат унікальных, якія дагэтуль не публікаваліся. Мэта гэтых выяваў – прадставіць перад чытачом насычанае і цікавае жыццё юбіляра і яго ахвярнае служэнне ў мясцовым Касцёле.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская






