27 мая ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) адбылася Імша ў інтэнцыі памерлага дзесяць гадоў таму арцыбіскупа Пятра Мальчука, ардынарыя Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.
Украінскі іерарх прыбыў тады на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які праходзіў у Гродне і быў спалучаны са святкаваннем срэбранага юбілею Гродзенскай дыяцэзіі. Ён неспадзявана памёр у ноч на 27 мая 2016 г. у жалудоцкай парафіі, наведваючы яе пробашча, свайго былога аднакурсніка па семінарыі кс. каноніка Яна Рэйшаля.
У цэлебрацыі Імшы ў інтэнцыі спачылага ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, духавенства Шчучынскага і іншых дэканатаў. Прысутнічалі вернікі жалудоцкай парафіі, якія ведалі арцыбіскупа Пятра, паколькі ён неаднаразова цэлебраваў там літургію.
Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі адзначыў, што зямное жыццё “вельмі кароткае, крохкае і вельмі хутка мінае” і што “мы ўсведамляем гэтую праўду кожны раз, калі ўзгадваем нашых памерлых блізкіх”. “Мы са страхам і няпэўнасцю набліжаемся да таго таямнічага парога, за якім чакае нас вечнасць. Нашыя памерлыя ўжо там; для іх вечнасць перастала быць таямніцай — яна стала фактам, рэальнасцю. Нам здаецца, што яны памерлі, але яны жывуць сапраўдным жыццём, якое не ведае канца. Мы ж, наадварот, думаем і гаворым пра сябе, што жывём, а ў сапраўднасці з кожным днём паміраем”, – заўважыў біскуп.
“Тут, на плябаніі ў Жалудку, яго вялікае, поўнае любові і дабрыні, але разам з тым стомленае і хворае пастырскае сэрца перастала біцца”, – сказаў іерарх, узгадваючы пра арцыбіскупа Пятра. Біскуп дадаў, што зямное жыццё спачылага было “вельмі інтэнсіўным, багатым, напоўненым дабром, якое ён здзяйсняў, і адзначаным верным, ахвярным служэннем Богу, Касцёлу і людзям”.
Біскуп прыгадаў жыццёвы шлях спачылага, сярод іншага тое, што ён паходзіў з невялікай вёскі ў Малдове, з вельмі веруючай сям’і, пасля вайсковай службы паступіў у семінарыю ў Рызе, потым у Ордэн Братоў Меншых (францішканаў), вучыўся ў Рыме, пасля быў ва Украіне першым настаяцелем новаўтворанай францішканскай правінцыі, затым узначаліў Кіева-Жытомірскую дыяцэзію. Тое, што яму, “нягледзячы на малады ўзрост, даручаліся такія важныя і адказныя функцыі”, біскуп Гродзенскі назваў доказам “яго вялікіх пастырскіх талентаў і арганізацыйных здольнасцяў”.
“Для вернікаў жа і для простых людзей — яго знаёмых, калегаў і сяброў — значна важнейшымі былі яго асабістыя цноты і чалавечыя якасці. Усе любілі і паважалі яго ціхі, спакойны характар, далікатнасць, прастату, дабрыню, чуллівасць і павагу да кожнага чалавека, якога ён сустракаў, – сказаў біскуп. – На пахавальнай Імшы ў Кіеве арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі падкрэсліваў, што спачылы быў вялікім экуменістам: да яго гарнуліся людзі розных веравызнанняў, бо ён ніколі не дзяліў людзей на лепшых і горшых, сваіх і чужых. Кожны быў яму блізкі, кожнага ён паважаў, у кожным умеў заўважыць і ацаніць нейкае дабро. Такое стаўленне да людзей ён вынес з роднага дому ў Малдове, дзе побач жылі людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў”.
Разважаючы над фрагментам Евангелля ў літургічных чытаннях гэтага дня, дзе Езус Хрыстус заклікае апосталаў: “Хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 42–45), біскуп патлумачыў: “Валадарства Хрыста кіруецца іншай логікай, чым тая, якая пануе ў гэтым свеце. Калі сыны гэтага свету спаборнічаюць паміж сабой за ўладу, першынство і ўплывы, сыны Валадарства павінны жыць іншымі каштоўнасцямі і імкнуцца да зусім іншых мэтаў.
Першым і вялікім у Божым Валадарстве з’яўляецца той, хто ўмее служыць”. “Дзякуйма сёння за прыгожае і натхняльнае жыццё спачылага арцыбіскупа Пятра, якое было прыкладам ахвярнага, бескарыслівага і пакорнага служэння іншым”, – сказаў іерарх.
Паколькі арцыбіскуп адышоў у вечнасць пасля кангрэсу, прысвечанага тэме Эўхарыстыі, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў: “Эўхарыстыя – школа любові, пакоры і служэння (…) Спачылы арцыбіскуп быў чалавекам Эўхарыстыі. Ён жыў штодзённа ідэаламі любові, пакоры і служэння, якія палюбіў і зрабіў сваімі ў малітве”.
“Няхай Эўхарыстычная Ахвяра, якую сёння цэлебруем, успамінаючы такога выдатнага біскупа, святара і чалавека, выпрасіць яму радасць неба, каб ён мог праз усю вечнасць сузіраць тварам у твар Таго, Каго палюбіў усім сэрцам і Каму так верна служыў”, – пажадаў біскуп Гродзенскі.

Арцыбіскуп Пётр Мальчук нарадзіўся 17 ліпеня 1965 года ў Слабодзе-Рашкаве ў Малдове.
Пасля заканчэння сярэдняй школы і тэрміновай вайсковай службы паступіў у 1986 г. у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе. 3 студзеня 1989 г. уступіў у Ордэн Братоў Меншых (францішканаў), 7 чэрвеня 1992 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 1992-1998 гг. вучыўся ў Рыме ў Папскім універсітэце Antonianum, дзе атрымаў ступень доктора тэалогіі.
У 1998-1999 гг. быў вікарыем парафіі св. Ганны ў Палонным, у 1999-2004 гг. – кусташам Братоў Меншых ва Украіне, у 2004-2007 гг. – настаяцелем правінцыі Братоў Меншых ва Украіне, у 2007-2008 гг. – эканомам правінцыі.
29 сакавіка 2008 г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў яго дапаможным біскупам Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі, 15 чэрвеня 2011 г. – ардынарыем Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, надаўшы яму тытул арцыбіскупа ad personam.
Адышоў у вечнасць 27 мая 2016 г.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






