Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай

photo 2026 05 29 15 32 4925 мая, у свята Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне (Сапоцкінскі дэканат).

Канфірмацыя адбылася на святой Імшы, якую першы ардынарый дыяцэзіі цэлебраваў у часовай капліцы, побач з якой будуецца касцёл гэтай маладой парафіі. Прысутнічалі шматлікія парафіяне і госці, у тым ліку духавенства на чале з дэканам Сапоцкінскага дэканату кс. Уладзімірам Аксенцьевым. Сакрамэнт прынялі 22 чалавекі, атрымаўшы такім чынам, паводле вучэння Касцёла, дары Духа Святога і абавязаўшыся быць сведкамі Уваскрослага Езуса Хрыста.

Пробашч кс. канонік Юрый Марціновіч прывітаў прысутных і падкрэсліў, што гэты дзень, калі група маладых парафіян, прыступаючы да канфірмацыі, абавязваецца мужна вызнаваць сваю веру і жыць згодна з ёю, вельмі важны для парафіяльнай супольнасці.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, што кожны ахрышчаны павінен удзельнічаць у ажыўленні Касцёла і што чалавек, напоўнены дарамі Духа Святога, можа адказваць на ўсе выклікі, якія перад ім ставіць свет.

photo 2026 05 29 15 32 51

Канфірмаваным іерарх пажадаў, каб Дух Святы ўчыніў кожнага з іх “мацнейшым у веры, больш адкрытым на праўду і дабро, здольным супраціўляцца злу і фальшы, якія, на жаль, заўсёды атакуюць вучняў Хрыста”. Таксама ён заахвоціў іх быць блізкімі да Езуса, ісці шляхам Евангелля, Божых загадаў, любові і прабачэння, служэння Богу і бліжняму.

“З дапамогай Духа Святога адважна ідзіце за Уваскрослым Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам, дазвольце Суцяшыцелю весці вас, каб прыняць Божае слова і даваць аб ім сведчанне сваім жыццём”, – сказаў біскуп.

У канцы Імшы канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць іерарху, свайму душпастыру, катэхетам і ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі гэтай падзеі.

Біскуп удзяліў выпускнікам навучальных устаноў благаслаўленне на новы этап жыцця. Ён папрасіў маладых людзей аберагаць тыя каштоўнасці, якія яны атрымалі праз выхаванне сваіх бацькоў і настаўнікаў.

Таксама біскуп пажадаў маладым парафіянам быць адкрытымі на натхненні Духа Святога, паколькі Ён заўсёды дапамагае зрабіць правільны жыццёвы выбар.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч