24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат) цэлебраваў прыміцыйную Імшу кс. Дзмітрый Роўны, які прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне днём раней. Гэта яго родная парафія.
На Імшы ў гістарычнай парафіяльнай святыні прысутнічалі блізкія маладога святара, вернікі парафіі, госці. Неапрэзбітэр цэлебраваў літургію ў інтэнцыі ўсіх, хто падтрымліваў яго малітвай на шляху да алтара.
У гаміліі пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве кс. Андрэй Лішко засяродзіў увагу на значэнні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога і значэнні гэтай трэцяй Асобы Святой Тройцы для хрысціяніна. Ён адзначыў, што Дух дае чалавеку свае дары, якія належыць развіваць і памнажаць у штодзённым жыцці.
Святар дадаў, што парафія ў Новым Двары багатая на пакліканні да служэння ў Касцёле і што гэта магчыма дзякуючы малітве мясцовых вернікаў, адкрытых на дзеянне Духа Святога.
У канцы Імшы неапрэзбітэр выказаў падзяку ўсім, хто прысутны ў яго жыцці, папрасіў аб далейшым малітоўным суправаджэнні, удзяліў сабраным прыміцыйнае благаслаўленне і ўручыў памятныя абразы.
Ксёндз Дзмітрый Роўны прызначаны вікарыем парафіі Святога Духа ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






