Skip to main content

Кармэліты з Гудагая ўзялі ўдзел у капітулярным кангрэсе рэгіянальнага вікарыяту свайго ордэна

photo 1 2026 05 26 20 38 1426 мая ў Мядзелі распачаў працу III Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (кармэлітаў босых) у Беларусі. У сустрэчы ўзялі ўдзел таксама кармэліты з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі – з Гудагая.

Такі кангрэс склікаецца рэгулярна раз у тры гады і збірае разам кармэлітаў босых з усіх супольнасцяў краіны.

Першы дзень сустрэчы меў выключна малітоўны характар. Браты цалкам прысвяцілі час медытацыі і духоўным разважанням. Дзень засяроджання правёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі – на працягу дня ён выступіў з дзвюма канферэнцыямі, а таксама цэлебраваў святую Імшу і звярнуўся да прысутных з казаннем.

У межах першай канферэнцыі біскуп засяродзіў увагу на супольным жыцці, звяртаючыся да настаўленняў святых айцоў Касцёла – Базыля Вялікага, Аўгустына і Пахомія. Ён адзначыў, што манаская супольнасць – прастора пераадолення эгаізму, пошуку супольнага дабра і еднасці ў любові. У такім жыцці браты становяцца люстэркам для ўласных паводдзін, а размеркаванне матэрыяльных дабротаў адбываецца паводле патрэбаў кожнага.

Спасылаючыся на вопыт егіпецкага пустэльніка святога Яна Касіяна і старца Макарыя, біскуп нагадаў пра важнасць паслухмянасці, адрачэння ад свету, памірання для ўласных жаданняў і поўнага даверу волі настаяцеляў. Асобна была падкрэслена неабходнасць і важнасць духоўнага кіраўніцтва.
Аналізуючы актуальны стан манаскага жыцця, біскуп акрэсліў сучасныя выклікі часу, сярод якіх – імклівыя змены ў грамадстве, унікненне змешаных манаскіх інстытутаў, новыя экуменічныя тэндэнцыі, уплыў тэхналогій і інтэрнэта. Іерарх заклікаў прысутных шукаць унутраны баланс у лічбавай сферы, звяртаць увагу на годнасць чалавечай асобы і пры патрэбе звяртацца па псіхалагічную падтрымку. Па яго словах, гэта дапаможа не страціць уласную харызму і ідэнтычнасць, каб быць «не з гэтага свету», але заставацца зразумелымі і адкрытымі для людзей.

Цэнтрам дня стала Эўхарыстыя, якую цэлебраваў біскуп Юрый Касабуцкі. На ёй браты асаблівым чынам маліліся з нагоды 35-й гадавіны прэзбітэрскага пасвячэння настаяцеля правінцыі іх ордэна айца Лукаша і выказалі падзяку за служэнне вікарыю айцу Пятру.

У гаміліі, разважаючы над словамі Святога Пісання «Радуйцеся ў Пану... Лагоднасць ваша хай будзе вядомая ўсім людзям» і «Каб яны былі адно... Каб паверыў свет», біскуп адзначыў, што заклік да хрысціянскай радасці звернуты да кожнага чалавека. Іерарх адкрыта закрануў праблемы канфліктаў, выгарання ў супольнасцях, розніцы паміж пакаленнямі і ізаляцыі праз «віртуальныя ўцёкі». Сапраўднымі лекамі ад гэтых небяспек ён назваў супольную Літургію гадзінаў і як супольную, так і асабістую малітву – яны, па словах іерарха, заўсёды важнейшыя за працу і актывізм, – а таксама шчырасць, адкрытасць, любоў і сумесны адпачынак. Біскуп падзякаваў кармэлітам босым за іх сведчанне ў Беларусі і заахвоціў да далейшай вернасці.

Пасля абеду біскуп прадставіў другую канферэнцыю, прысвечаную будучым выбарам новага кіраўніцтва вікарыяту і іншых настаяцеляў. Спасылаючыся на словы святога Аўгустына, што Дух Святы з’яўляецца для Касцёла тым, чым душа для цела, іерарх адзначыў, што манаскае жыццё і капітул – гэта цалкам вынік дзеяння Духа Святога, які непасрэдна кіруе прыняццем рашэнняў.

Біскуп падкрэсліў, што улада ў Касцёле – не сродак рэалізацыі ўласных амбіцый, а дыяконія (служэнне), канал Божай любові і гатоўнасць аддаць жыццё за бліжніх. Абапіраючыся на пасланні апостала Паўла, які заклікаў дбаць пра сябе і пра даручаны статак, і на правілы святога Базыля Вялікага, ён нагадаў крытэрыі выбару настаяцеля. У адпаведнасці з гэтым, выбар у Касцёле павінен быць распазнаннем Божай волі праз малітву, цішыню і пост, як вучыў святы Ігнацый Лаёла, інакш рызыкуе ператварыцца ў галасаванне паводле чалавечых сімпатый. Біскуп перасцярог ад падзелаў і стварэння груповак, якія сее д’ябал, і заклікаў прыняць вынік выбараў у духу вернасці і паслухмянасці, бо Бог кіруе супольнасцю нават праз абмежаваных людзей.

У канцы разважанняў біскуп прапанаваў братам тры пытанні: ці ўмеюць яны суцішыць свае эмоцыі, каб пачуць Духа Святога; чаго менавіта яны шукаюць у кандыдатах на настаяцеляў; як яны могуць падтрымаць новых настаяцеляў супольна і кожны асабіста.

photo 4 2026 05 26 20 38 14

Насычаны малітоўны дзень завяршыўся сумеснай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, ціхай медытацыяй, Нешпарамі і Камплетай. Таксама на працягу гэтага часу браты збіраліся разам за супольным сталом.

У далейшай праграме кангрэса – распачацце працоўнай часткі. Пасля Ютрані і ватыўнай Імшы да Духа Святога, якую будзе цэлебраваць настаяцель правінцыі, запланавана першая працоўная сесія з афіцыйным адкрыццём кангрэса, выбарам сакратара, прадстаўленнем справаздач за мінулае трохгоддзе рэгіянальнага вікарыя, эканома і настаяцеляў супольнасцяў, дыскусія. Галоўнай падзеяй другой сесіі будзе выбар новага рэгіянальнага вікарыя і зацвярджэнне выбару настаяцелем правінцыі. На наступны дзень, пасля Ютрані, Імшы і медытацыі, запланавана трэцяя сесія з выбарам дарадчыкаў рэгіянальнага вікарыяту і супольнай працай у групах. На чацвёртай сесіі плануецца абраць настаяцеляў асобных супольнасцей кармэлітаў босых у Беларусі і зацвердзіць прынятыя рашэнні, пасля – разгледзець бягучыя справы і зацвердзіць выніковы пратакол. Удзельнікі просяць аб малітоўнай падтрымцы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: а. Аркадзь Куляха OCD