23 мая ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) адзначыў 25-годдзе з часу прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння пробашч гэтай парафіі кс. Ігар Анісімаў.
Пасвячэнне яму ўдзяліў у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя 19 мая 2001 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Імшу падзякі Богу за служэнне юбіляра цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй з удзелам дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі, самога ксяндза Ігара і іншых святароў. Прысутнічала вялікая колькасць парафіян, родныя юбіляра, у тым ліку яго маці.
Гамілію прамовіў кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, пробашч лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – адной з першых, дзе служыў ксёндз Ігар пасля пасвячэння.
У канцы літургіі біскупы выказалі юбіляру віншаванні, падзякаваўшы за ахвярнае служэнне Хрыстоваму Касцёлу, якое ён ажыццяўляў спачатку ў Лідзе, потым у Першамайску і Слоніме.
Падзяку свайму душпастыру выказалі таксама парафіяне – за штодзённы прыклад святарскага служэння і за прабыванне сярод іх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Людміла Віхаценка






