Skip to main content

Паўлін з Гродзенскай дыяцэзіі прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Чэнстахове

9 123 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у базыліцы Адшукання Святога Крыжа і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча) прыняў пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату дыякан Уладзімір Лопух з парафіі св. Ганны ў Варончы (Навагрудскі дэканат).

Ён належыць да Ордэна святога Паўла, Першага пустэльніка (паўліны). У гісторыі сваёй роднай парафіі ён першы, хто атрымаў пакліканне да святарскага і манаскага жыцця.

Разам з ім пасвячэнне прынялі шасцёра дыяканаў з той жа манаскай супольнасці: чацвёра палякаў, камерунец і славак. Удзяліў пасвячэнне Мітрапаліт Катавіцкі арцыбіскуп Анджэй Пшыбыльскі. У літургіі, на якой яно адбылося, удзельнічалi айцы паўліны, у тым ліку з Беларусі, разам з нядаўна выбраным генеральным настаяцелем ордэна а. Бэньямінам Банкоўскім OSPPE, блізкія і знаёмыя новых святароў.

Новапасвячаныя накіраваны на служэнне ў розныя часткі свету, дэкрэты аб прызначэнні ім уручыў у гэты дзень генеральны настаяцель. Айцец Уладзімір Лопух OSPPE атрымаў прызначэнне на служэнне ў польскім горадзе Свідніца.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі