24 мая ў лідскім фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа сабраўся вялікі натоўп людзей з нагоды прыміцыйнай Імшы кс. Аляксея Ціхана, які паходзіць з гэтай парафіі і прыняў пасвячэнне днём раней.
Ад плябаніі да касцёла, дзе яго чакаў пробашч парафіі кс. Віталій Сідорка, неапрэзбітэра праводзілі святары, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якую ён скончыў, прадстаўнікі літургічнай службы і большасць вернікаў.
Гамілію прамовіў пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Анджэй Ядкоўскі CSsR. “Калі я толькі пераступіў парог семінарыі, на пачатку фармацыі запытаў свайго духоўнага айца: “Як стаць святым святаром?” На што быў адказ: “Заўсёды шукай позірку Езуса”, – узгадаў айцец Анджэй. Ён пажадаў неапрэзбітэру жыць гэтымі словамі.
Вельмі сімвалічным айцец Анджэй назваў цэлебрацыю гэтай прыміцыйнай Імшы ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, якая адзначалася ў гэты дзень. “Толькі тады ты будзеш сапраўдным святаром, калі будзеш напаўняцца моцай Духа Святога”, – сказаў ён, звяртаючыся да неапрэзбітэра. Святар дадаў, што ў служэнні ксяндза Аляксея “будзе многа момантаў радасці, але таксама смутку”, і заахвоціў: “Аднак заўсёды памятай, што з табой заўсёды Езус, Ён цябе выбраў”.
Прысутным айцец Анджэй сказаў: “Вы ў адказе за гэтага маладога святара, каб маліцца за яго, бо ён моліцца за вас”. “Маліцеся за нас, святароў, каб яны былі святымі, каб ксёндз Аляксей быў святым”, – заклікаў ён.
Перад благаслаўленнем прыміцыянт пачуў шмат цёплых слоў у віншаваннях ад пробашча і вернікаў парафіі. Ён выказаў падзяку бацькам, пробашчу і іншым святарам, парафіянам, семінарыстам.
Ксёндз Аляксей Ціхан прызначаны вікарыем парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






