22 мая ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне шасцёра дыяканаў урачыста прынеслі сведчанне веры, патрэбнае перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння. Гэта апошні этап падрыхтоўкі да прэзбітэрскага пасвячэння.
Згодна з прадпісаннямі кананічнага права, перад прыняццем пасвячэння кандыдат павінен даць і падпісаць вызнанне веры, асабістую дэкларацыю аб сваёй свабодзе ў прыняцці пасвячэння і аб усведамленні абавязкаў і патрабаванняў, якія ўскладаюцца на яго праз пасвячэнне на ўсё жыццё.
Звяртаючыся да дыяканаў, якія на наступны дзень прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй падкрэсліў, што святарства павінна быць служэннем чалавеку, асабліва таму, якому патрэбна падтрымка – канкрэтным словам і ўчынкам.
Іерарх пажадаў, каб кандыдаты кожны дзень з вялікай руплівасцю прымалі гэтае заданне – служыць братам і сёстрам, да якіх будуць пасланы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






