Skip to main content

Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў адзначыла ў Смаргоні сваё 150-годдзе

img 791415-16 мая ў Смаргоні прайшлі святкаванні 150-годдзя Асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў – свецкіх вернікаў, якія ў духу заснавальніка салезіянскай супольнасці святога Яна Боско нясуць салезіянскую харызму ў сем’і, моладзевае асяроддзе, працу, штодзённае жыццё.

Як паведамляе sdb.by, святкаванні былі нагодай не толькі ўзгадаць гісторыю асацыяцыі, але і падзякаваць Богу за салезіянаў-супрацоўнікаў; прысутнічалі члены асацыяцыі, моладзь парафій, дзе служаць салезіяне, святары, законныя сёстры, аніматары, якія працуюць разам з салезіянамі, шматлікія госці з розных месцаў Беларусі. 

Першы дзень святкаванняў у араторыі пры смаргонскай парафіі, дзе служаць салезіяне, быў часам для размоў, успамінаў, прэзентацыі фотаздымкаў з гісторыі салезіянскай прысутнасці і жыцця супольнасцяў. Дырэктар рэлігійнай місіі “Таварыства святога Францішка Сальскага” (салезіяне) кс. канонік Віктар Гайдукевіч SDB узначаліў нешпары на пачатак святкавання. На малітве была выказана падзяка Богу за ўсе гады існавання асацыяцыі, за пакліканне свецкіх людзей жыць салезіянскай харызмай у сучасным свеце і быць прысутнасцю Касцёла там, дзе асабліва патрэбныя надзея, падтрымка і сведчанне веры.

Цэнтральнай падзеяй першай паловы наступнага дня стаў гістарычны сімпозіум “ASSCC — учора, сёння, заўтра”. Даклады ў яго межах далі магчымасць глыбей пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення асацыяцыі, развіццём салезіянскай сям’і ў Беларусі і сучаснай місіяй салезіянаў-супрацоўнікаў. Таксама ў праграме быў аповед пра дзейнасць супольнасцяў, разважанні пра ролю свецкіх вернікаў у Касцёле і пра адказнасць за перадачу харызмы новым пакаленням.

У другой палове дня на тэрыторыі каля смаргонскага касцёла праходзіла забаўляльная праграма (гульні, музычная праграма, фотазоны, кніга пажаданняў).

Прысутнічалі дзеці, моладзь, сем’і – тыя, дзеля каго існуе салезіянская харызма.

12124

Кульмінацыяй святкаванняў была Імша, якую цэлебраваў генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі іерарх, які таксама з’яўляецца салезіянінам, падкрэсліў асаблівую місію салезіянаў-супрацоўнікаў у свеце.

Біскуп адзначыў, што словы Евангелля: “Вы — соль зямлі… Вы — святло свету” асаблівым чынам датычаць свецкіх людзей, якія жывуць хрысціянствам у штодзённасці: “Свецкі вернік — святло там, дзе святар ніколі не будзе ў сваім штодзённым дзеянні: у офісе, у сям’і, у школе, у інтэрнэце, у грамадстве”.
Іерарх нагадаў, што пакліканне салезіянаў-супрацоўнікаў — быць прысутнасцю Хрыста ў свеце, захоўваючы вернасць духу ксяндза Боско: “Вы — не “памочнікі” салезіянаў. Вы — салезіяне ў свеце. Вы — сэрца ксяндза Боско там, дзе ён сам не можа быць фізічна”.

Біскуп падкрэсліў, што святасць свецкага чалавека здзяйсняецца праз вернасць у простых штодзённых рэчах — сям’і, працы, служэнні і любові да моладзі. Ён заахвоціў не баяцца свайго паклікання і дазволіць Богу дзейнічаць праз чалавека: “Сёння Бог пытаецца: “Ці дазволіш ты Мне гарэць у табе?” І калі ты скажаш Яму “так” — нават маленькае, нават слабое, нават нясмелае — Бог памножыць яго”.

На літургіі салезіяне-супрацоўнікі аднавілі абяцанні жыць згодна з правіламі апостальскага жыцця і несці салезіянскую харызму ўсім, асабліва моладзі.

Некаторым салезіянам-супрацоўнікам біскуп уручыў падзячныя граматы за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё гэтай асацыяцыі ў Беларусі.

Пасля завяршэння Імшы кс. Віктар Гайдукевіч ад імя сабратоў-салезіянаў павіншаваў салезіянаў-супрацоўнікаў. Ён сказаў, што гэты юбілей стаў асаблівай нагодай падзякаваць Богу за прысутнасць кожнага салезіяніна-супрацоўніка, за служэнне, якое яны ўжо шмат гадоў нясуць на беларускай зямлі, і дадаў, што вельмі радуецца святу, якое атрымалася сапраўды сямейным, жывым і напоўненым духам ксяндза Боско.

Ксёндз Віктар адзначыў, што салезіяне-супрацоўнікі, як самі яны часта кажуць, не выбіраюць адзін аднаго, але іх аб’ядноўвае дух ксяндза Боско і сэрца, якое гарыць салезіянскай харызмай. Менавіта таму, паводле яго слоў, яны нагадваюць добра зладжаную футбольную каманду, у якой кожны ведае сваю ролю, місію і агульную мэту. У якасці сімвалічнага падарунка святар уручыў асацыяцыі скарбонку ў выглядзе футбольнага мяча – каб яны працягваць “збіраць” у яе сілы, натхненне і магчымасці для новых выклікаў, служэння і будучых юбілеяў, а таксама пажадаўшы Божага благаслаўлення, вернасці пакліканню, апекі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Віншаванні выказалі таксама сёстры салезіянкі, прадстаўнікі ADMA, аніматары.

Каардынатар правінцыі салезіянаў-супрацоўнікаў Віталій Арцёменка ASSCC падзякаваў у першую чаргу біскупу Аляксандру Яшэўскаму, сказаўшы, што той добра ведае салезіянскую сям’ю і значна прычыніўся да фарміравання супольнасці салезіянаў-супрацоўнікаў у Беларусі і выхавання ў іх сапраўднага салезіянскага духу.

Падзяку ён выказаў і ксяндзу Віктару разам з іншымі салезіянамі-святарамі – за падтрымку, падрыхтоўку святкавання і мудрае кіраўніцтва; сёстрам салезіянкам – за тое, што прыклалі шмат сіл, каб яно прайшло на высокім узроўні. Прысутнасць ADMA Віталій Арцёменка назваў прыгожым і выразным сведчаннем адзінства салезіянскай сям’і, узаемнай павагі і любові адзін да аднаго ў духу св. Яна Боско. Падзяка была выказана аніматарам і маладым людзям – першым адрасатам служэння салезіянаў-супрацоўнікаў, дзеля каго была заснавана асацыяцыя. Галоўным для салезіяніна-супрацоўніка каардынатар правінцыі назваў не пасады, а служэнне, якое нараджаецца з любові да Бога і моладзі.

img 1078

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў канцы святкавання адзначыў, што без салезіянаў-супрацоўнікаў харызма Яна Боско ў Беларусі не была б поўнай. Іерарх дадаў, што спачатку гэты святы не планаваў засноўваць трэцюю галіну салезіянскай супольнасці ў выглядзе супольнасці свецкіх вернікаў, аднак, рэалізуючы сваё пакліканне дзеля збаўлення моладзі, убачыў, што без свецкіх людзей немагчыма цалкам ажыццяўляць салезіянскую місію і несці яе ў штодзённае жыццё.

Біскуп пажадаў салезіянам-супрацоўнікам працягваць узрастаць у веры, развівацца ў духу харызмы ксяндза Боско і быць жывым сведчаннем Евангелля для моладзі і сучаснага грамадства. Ён заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях, асабліва да святарскага і манаскага жыцця.

Святкаванне завяршылася супольнай малітвай і братэрскай сустрэчай. “Юбілей стаў не толькі ўспамінам пра мінулае, але і моцным сведчаннем таго, што харызма святога Яна Боско працягвае жыць у сэрцах людзей і сёння. Як прагучала падчас святкавання, 150 гадоў — гэта не завяршэнне гісторыі, а пачатак новага этапу місіі:

“Успамінаць — значыць вярнуцца да каранёў і мары ксяндза Боско. Абнаўляць — значыць пераасэнсаваць сваё пакліканне ў сучасным свеце. Перадаваць далей — значыць смела несці харызму моладзі заўтрашняга дня”, – адзначаецца на sdb.by.