16 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Воранаве (Радунскі дэканат). На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых парафіян.
Ва ўрачыстай літургіі ўдзельнічала вялікая колькасць вернікаў воранаўскай парафіі.
У гаміліі біскуп нагадаў, што ў сакрамэнце канфірмацыі “Дух Святы прыходзіць, каб нанова дакрануцца да чалавечага сэрца, умацаваць яго сваёй ласкай, асвяціць яго сваёй прысутнасцю і зрабіць чалавека здольным жыць не толькі паводле чалавечай логікі, а перадусім паводле логікі Евангелля, логікі любові, вернасці, мужнасці і святасці”.
Гэты сакрамэнт, адзначыў іерарх, “вельмі часта называюць сакрамэнтам хрысціянскай сталасці, але ён не азначае заканчэння веры, не азначае таго, што чалавек ужо ўсё атрымаў і цяпер можа адпачыць ад духоўнага жыцця, а азначае, што Бог яшчэ глыбей уваходзіць у жыццё чалавека і яшчэ мацней давярае яму адказнасцьза веру, за Касцёл, за Евангелле і за тое святло, якое чалавек павінен несці ў сучасны свет”.
“Мы жывём у вельмі няпростыя часы, калі чалавеку ўсё цяжэй слухаць Бога, усё цяжэй захоўваць чыстае сэрца, усё цяжэй абараняць праўду, усё цяжэй быць верным Евангеллю, таму што сучасны свет вельмі часта прапануе чалавеку жыццё без Бога, шчасце без любові, свабоду без адказнасці і поспех без сумлення. Менавіта таму сёння Дух Святы хоча ўмацаваць вас, каб вы не згубіліся ў гэтым свеце, каб вы не страцілі сваю душу, каб вы не забыліся, кім вы з’яўляецеся перад Богам”, – сказаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі вернікам, якія прыступалі да канфірмацыі.
“Бог дае Духа Святога для місіі. Бог намашчае чалавека, каб той стаў сведкам. Бог напаўняе чалавека сваёй сілай, каб той умеў любіць там, дзе сёння нянавісць; умеў прабачаць там, дзе людзі помсцяць; умеў быць чыстым там, дзе свет смяецца з чысціні; умеў маліцца там, дзе многія ўжо забыліся, што такое малітва”, – звярнуў увагу біскуп.
“Што я раблю са сваёй верай? Што я раблю са сваім часам? Што я раблю са сваім сэрцам? Што я раблю са сваімі здольнасцямі? Што я раблю з тым жыццём, якое Бог мне падарыў? – гэтыя пытанні біскуп назваў важнымі для кожнага верніка. – Бо можна ўсё жыццё пражыць толькі для сябе, толькі дзеля выгод, задавальненняў і ўласнага камфорту, але напрыканцы аказацца духоўна пустым чалавекам, які страціў самае галоўнае – сувязь з Богам”.
“Сакрамэнт канфірмацыі – момант, калі Бог асабліва моцна пытаецца ў чалавека: «Ці хочаш ты сапраўды ісці са Мною? Ці хочаш ты жыць як хрысціянін не толькі ў касцёле, але і ў штодзённасці?» Бо сёння вельмі лёгка быць веруючым на словах і вельмі цяжка быць веруючым у жыцці. Лёгка сказаць: «Я веру». Цяжэй жыць паводле веры”, – заўважыў іерарх.

“Касцёл будзе маліцца, каб Дух Святы напоўніў вас сваімі дарамі: дарам мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. Але гэтыя дары не дзейнічаюць магічна, – дадаў біскуп. – Сёння Хрыстус хоча сказаць кожнаму з вас: «Не бойся быць чалавекам веры. Не бойся быць іншым. Не бойся быць чыстым. Не бойся бараніць праўду. Не бойся ісці супраць плыні». Бо свет вельмі часта смяецца са святасці, але менавіта святыя людзі змяняюць гісторыю. Не багатыя. Не папулярныя. Не тыя, каго ўсе хвалілі. А тыя, хто меў у сэрцы Бога”.
Фрагмент Евангелля з літургічных чытанняў гэтага дня біскуп растлумачыў так: “Слуга, які закапаў свой талент, не быў чалавекам злым у звычайным разуменні гэтага слова. Ён нічога не скраў, нікога не забіў, не зрабіў вялікага зла. Яго праблема была ў іншым – ён нічога не зрабіў з тым дабром, якое атрымаў. І гэта вельмі сур’ёзнае папярэджанне для кожнага з нас. Бо можна пражыць жыццё вельмі спакойна, вельмі зручна, вельмі «нармальна», але так і не стацьчалавекам, які прынёс плён для Бога. А Дух Святы сёння прыходзіць менавіта для таго, каб абудзіць чалавека, каб распаліць у ім агонь веры, каб зрабіць яго чалавекам жывога сэрца. Таму сёння, дарагая моладзь, калі будзеце падыходзіць да сакрамэнту канфірмацыі, адкрыйце Богу сэрца па-сапраўднаму”.
“І тады Дух Святы сапраўды будзе дзейнічаць у вашым жыцці. Тады вера стане не толькі абавязкам, а сустрэчай. Малітва стане не толькі словамі, а размовай з Богам. Касцёлстане не толькі будынкам, а домам. А жыццё стане не проста існаваннем, а дарогай да святасці і вечнасці”, – сказаў іерарх.
У канцы літургіі пробашч парафіі кс. Уладзімір Буклярэвіч SAC падзякаваў біскупу за цэлебрацыю Імшы і ўдзяленне сакрамэнту. Канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць біскупу, а таксама сваім бацькам і катэхетам – за старанні, прыкладзеныя для таго, каб маладыя людзі маглі свядома прыняць гэты сакрамэнт і ўзяць на сябе абавязак абвяшчаць сваім жыццём Евангелле.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






