Skip to main content

Вернікі Гродна развіталіся са спачылым кс. Янам Сарэлам

IMG 1890

17 мая на нядзельнай Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа вернікі Гродна развіталіся са святой памяці ксяндзом Янам Сарэлам, які адышоў у вечнасць двума днямі раней.

Літургію цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у інтэнцыі спачылага. Прысутнічала духавенства, свецкія вернікі, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У супольнай малітве дзякавалі Богу за дар жыцця, святарскага служэння і руплівай душпастырскай працы ксяндза Яна на карысць Касцёла ў Беларусі, а асабліва за вялікі ўклад у фармаванне будучых пастыраў – паколькі ён шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці гродзенскай семінарыі.

Пасля Імшы цела святара накіравалі ў яго родныя мясціны, дзе зямны шлях ксяндза Яна знойдзе сваё завяршэнне на парафіяльных могілках санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі