16 мая ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне цэлебравалася Імша для супольнасці семінарыі ў інтэнцыі святой памяці кс. Яна Сарэлы.
Ксёндз Ян шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці семінарыі, адышоў у вечнасць 15 мая пасля цяжкай хваробы.
Літургія, цэлебрацыю якой узначаліў рэктар семінарыі кс. Ян Раманоўскі, стала часам супольнай малітвы, успаміну і ўдзячнасці Богу за жыццё і служэнне спачылага святара, а таксама магчымасцю даручыць яго душу Божай міласэрнасці. “Праз сваё служэнне, малітву і сведчанне веры ксёндз Ян Сарэла рупліва фармаваў сэрцы будучых святароў”, – адзначаюць удзельнікі літургіі.
Пасля Імшы пачалося малітоўнае чуванне каля цела спачылага. На чуванні семінарыйная супольнасць разам з вернікамі і сябрамі вымольвала для яго дар вечнага жыцця і супакою ў доме Нябеснага Айца.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






