
З 15 мая запушчана мабільная прылада “Ласка”. Гэтая новая праграма прапануе штодзённыя разважанні над фрагментам літургічнага чытання з Евангелля.
Спампаваць мабільную прыладу можна на афіцыйным сайце.
Галоўная ідэя гэтай праграмы — падарыць карыстальнікам невялікую, але моцную “іскру Божай ласкі”, здольную перайначыць увесь іх дзень. Штодзённыя разважанні над урыўкам з Евангелля падаюцца ў выглядзе аўдыё і тэксту, падрыхтаваныя беларускімі святарамі, апрацаваныя рэдактарамі і скіраваныя на тое, каб дапамагчы глыбей прасякнуцца сэнсам Евангелля. Кожныя два тыдні над кантэнтам працуе іншы святар, што забяспечвае свежы погляд і разнастайнасць падыходаў.
“Ласка” распрацаваная для платформ iOS і Android і забяспечвае імгненны доступ да кантэнту ў любы час. Інтэрфейс праграмы максімальна просты і інтуітыўна зразумелы: для разважання над Божым словам патрэбны два клікі. Разважанні даступныя на беларускай і рускай мовах, у будучыні плануецца дадаць англійскую, іспанскую і мовы тых краін, дзе існуе зацікаўленасць у падобных праектах сярод каталіцкай аўдыторыі.
У праграме забяспечаны бясплатны доступ і падтрымка: усім асноўным кантэнтам можна карыстацца бясплатна. Развіццё і падтрымка высокай якасці праграмы будуць ажыццяўляцца за кошт дабравольных ахвяраванняў і данатаў.
Праграма створана так, каб натхняць карыстальнікаў на “распаўсюджванне Божай ласкі”: можа дапамагчы ў вядзенні асабістых блогаў, дзяленні сваімі адкрыццямі ў сацыяльных сетках ці святарам у падрыхтоўцы казання. У перспектыве “Ласка” будзе пашыраць кантэнт.
“У нашым свеце, дзе так цяжка знайсці час для духоўнага ўзрастання, гэтая праграма паклікана стаць пуцяводнай зоркай для ўсіх, хто шукае штодзённага суцяшэння і глыбокага роздуму над Божым словам, – адзначаюць прадстаўнікі каманды мабільнай прылады. – Мабільны дадатак “Ласка” — гэта не проста праграма, гэта крыніца натхнення. Сем хвілінаў штодзённага разважання — нібыта напіцца з калодзежа, які спатоліць духоўную прагу, дапаможа стаць больш свядомым чалавекам і ў рэшце рэшт больш якасна пражыць сваё жыццё. Пры карыстанні гэтай праграмай чалавек дакладна нічога не страціць, а атрымае неймаверна шмат. Мы марым, што гэтая праграма зробіць шлях для Божай ласкі як мага больш шырокім у жыцці кожнага чалавека і дапаможа людзям наблізіцца да Пана, пазнаёміцца бліжэй з асобай Хрыста, што ў выніку можа паўплываць на выратаванне душы. Далучайцеся да “Ласкі» і дазвольце гэтай невялічкай іскры напоўніць ваш дзень новым сэнсам!”
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






