
У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю мая. Гэтыя матэрыялы знаёмяць з працай сінадальнай камісіі па справах літургічнага душпастырства і сакрамэнтальнага жыцця.
Сінадальная камісія па справах літургічнага душпастырства і сакрамэнтальнага жыцця паставіла сабе за мэту паказаць, што парафіяльная супольнасць – гэта не проста супольнасць людзей, сабраных у сакральным будынку, якія займаюцца дабрачыннымі ініцыятывамі. Перш за ўсё сінадальная камісія імкнецца паказаць, што сэрцам кожнай парафіяльнай супольнасці, яе пульсуючай крыніцай жыцця з’яўляюцца літургія і сакрамэнты. Літургічнае душпастырства – гэта не толькі клопат пра прыгажосць літургічных набажэнстваў, але і дбайнасць пра тое, каб кожны з нас мог сапраўды і свядома сустрэцца з жывым Богам.
Літургічнае і сакрамэнтальнае душпастырства з’яўляецца самім сэрцам місіі Касцёла. Згодна з Канстытуцыяй аб Святой Літургіі Sacrosanctum Concilium, літургія – гэта “вяршыня, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніца, з якой выцякае ўся ягоная сіла” (SC 10). Першапачатковая мэта літургічнага душпастырства – паказаць, што толькі Бог з’яўляецца галоўнай дзеючай Асобай у Касцёле. Мы прыходзім сюды не для таго, каб паглядзець на спектакль, а для таго, каб удзельнічаць у дыялогу любові, каб весці вернікаў да свядомага, актыўнага і плённага ўдзелу ў збаўчых таямніцах Хрыста. Калі літургічнае душпастырства функцыянуе эфектыўна праз прыгожую музыку, годнае служэнне каля алтара і вымоўнае абвяшчэнне Божага слова, то нам становіцца лягчэй пераключыць увагу са знешніх рэчаў на Таямніцу Бога.
Сакрамэнтальнае душпастырства – гэта шлях суправаджэння чалавека ў яго найважнейшыя моманты жыцця: ад хросту і праз споведзь да намашчэння хворых. Сакрамэнты – не пустыя сімвалы ці традыцыі, якія «павінны быць выкананы». Гэта канкрэтныя інструменты, праз якія Езус дакранаецца да нашых ран, сілкуе і ўмацоўвае нас. Мы павінны заўсёды памятаць, што літургія – гэта не проста набор рытуалаў, а аб’яўленне справы збаўлення. У душпастырстве вельмі важна разумець, што Хрыстус – галоўны цэлебрант. Ён сам хрысціць, вучыць і ахвяруе Сябе ў супольнасці. Літургія будуе Касцёл як Містычнае Цела Хрыста. Кожная цэлебрацыя – гэта прадчуванне нябеснай гасціны, да якой мы рыхтуемся на працягу зямнога жыцця. І ў гэтай падрыхтоўцы нам дапамагаюць сем знакаў ласкі – сем сакрамэнтаў, якія суправаджаюць нас праз усё наша жыццё. І мы павінны разумець, што гэтыя знакі ласкі праяўляецца не як фармальныя абрады, а як вялікі дар ад Бога.
Вось яны:
Сакрамэнт хросту: мы павінны перайсці ад “звычайнай” мадэлі – значыць ад паняцця сакрамэнту як простай традыцыі або абароны ад зла – да евангелізацыйнага душпастырства. Хрост – першы сакрамэнт, які ўключае нас у Містычнае Цела Хрыста. Гэты сакрамэнт заклікае бацькоў, хросных і самога ахрышчанага да вялікай адказнасці.
Сакрамэнт канфірмацыі: ён яшчэ больш звязвае чалавека з Касцёлам, удзяляючы яму асаблівую сілу і дары Святога Духа. Менавіта таму гэты сакрамэнт яшчэ больш абавязвае быць сапраўдным сведкам Хрыста і распаўсюджваць веру праз слова і жыццё.
Эўхарыстыя: па волі Хрыста Пана, найвышэйшая форма пакланення Эўхарыстыі праяўляецца ў яе цэлебрацыі і спажыванні. Эўхарыстыя – цэнтр жыцця кожнага хрысціяніна і вяршыня ягонага праслаўлення Бога, бо без яе душпастырства было б проста сацыяльнай дзейнасцю.
Сакрамэнт пакаяння і паяднання: гэта душпастырства міласэрнасці, дзе чалавек аднаўляе годнасць дзіцяці Божага і дакранаецца да Божай любові.
Сакрамэнт хворых: чалавечыя пакуты і хваробы – адны з самых складаных пытанняў, якія заўсёды турбавалі чалавецтва. Выражаючы свой клопат пра хворых, Касцёл служыць самому Хрысту ў пакутуючых членах Містычнага Цела. Такім чынам Касцёл выконвае наказ Пана Езуса клапаціцца пра хворых (Мк 16, 18) і наследуе Яго прыклад у служэнні хворым.
Сакрамэнт сужанства: праз гэты сакрамэнт хрысціянскія сужэнцы выражаюць адзінства і ўдзельнічаюць у таямніцы плённай любові Хрыста і Касцёла. Таму яны падтрымліваюць адно аднаго ў імкненні да святасці ў шлюбным жыцці, а таксама ў прыняцці і выхаванні дзяцей. У Божым народзе яны маюць сваё месца і асаблівы дар.
Сакрамэнт пасвячэння: ён служыць будаванню супольнасці вернікаў праз апостальскае служэнне. Праз гэты сакрамэнт святары становяцца распарадчыкамі Божай ласкі, якую яны ўдзяляюць усім вернікам.
Сакрамэнталіі таксама дапамагаюць чалавеку на шляху да адзінства з Богам. Яны не перадаюць ласку Святога Духа гэтак жа, як сакрамэнты, але з’яўляюцца важнай дапамогай у падрыхтоўцы душы да яе прыняцця. Сакрамэнталіі – гэта святыя знакі, устаноўленыя Касцёдам, якія, як і сакрамэнты, азначаюць і вядуць да прыняцця Божай ласкі. Іх галоўная задача – асвячаць розныя абставіны хрысціянскага жыцця і рыхтаваць вернікаў да атрымання сакрамэнтальнай ласкі.
Камісія па справах літургічнага душпастырства і сакрамэнтальнага жыцця звярнула асаблівую ўвагу на ролю літургічнага года, мэта якога – зрабіць больш вымоўным святкаванне ўсёй гісторыі збаўлення, сканцэнтраванай на асобе Езуса Хрыста, у межах аднаго каляндарнага года. На працягу кожнага літургічнага перыяду вернікі пакліканы разважаць над этапамі жыцця Езуса: ад чакання Яго прышэсця (Адвэнту), праз Яго нараджэнне, служэнне і навучанне да Яго пакут, смерці, уваскрасення і ўнебаўшэсця.
Праз удзел у літургіі і сакрамэнтах вернікі пакліканы яднацца з Богам і духоўна расці, чэрпаючы Божую ласку з “багаццяў збаўчых спраў Пана”. Важна таксама памятаць пра асвячэнне часу праз Літургію гадзін і іншыя набажэнствы. Гэтая афіцыйная публічная малітва Божага народа з’яўляецца падмуркам духоўнага жыцця Касцёла і заклікана выконваць наказ Хрыста “заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18, 1), распаўсюджваючы плады Эўхарыстыі на ўвесь дзень.
Сённяшні ўрывак з Евангелля паводле святога Яна, вядомы як фрагмент Першасвятарскай малітвы, з’яўляецца выдатнай асновай для разважанняў пра душпастырства літургічнага і сакрамэнтальнага жыцця. Езус, узняўшы вочы да неба, здзяйсняе дзеянне, якое з’яўляецца сутнасцю кожнай літургіі: Ён, як Сын Божы, праслаўляе Айца праз ахвяру з Самога Сябе.
Езус моліцца: “Ойча, прыйшла гадзіна”. У літургічным душпастырстве мы павінны памятаць, што кожнае сакрамэнтальнае дзеянне і цэлебрацыя кожнага сакрамэнту – не проста ўспамін пра мінулае, але і рэальнае праяўленне гэтай канкрэтнай “гадзіны”. Сакрамэнтальнае жыццё – прастора, дзе чалавечы час сустракаецца з вечнасцю Бога. Наша агульная задача – клапаціцца пра тое, каб літургія цэлебравалася з такой годнасцю, каб усе адчувалі вялікую каштоўнасць гэтай сустрэчы, у якой “зямное яднаецца з нябесным”.
“А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага, праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста” (Ян 17, 3). У святых сакрамэнтах “пазнанне” азначае не тэарэтычныя веды, а біблейскі досвед блізкасці з Богам (communio). Літургічнае душпастырства павінна імкнуцца ўвесці чалавека ў таямніцу асабістых адносін з Хрыстом, пачынаючы ад знешняга знака (вада, хлеб, алей) да ўнутранай рэчаіснасці жыцця ў Божай ласцы. Сакрамэнты – гэта інструменты, праз якія Хрыстус аб’яўляе нам імя Айца.
Езус моліцца за тых, каго Айцец даў Яму. Гэта напамін для ўсіх святароў як распарадчыкаў Божай ласкі і для ўсёй літургічнай службы, што мы не здзяйсняем нейкае сваё “ўласнае” рэлігійнае дзеянне, а ўдзельнічаем у пасрэдніцтве Хрыста, які ўдзяляе нам Свае ласкі. Літургія прызначана для таго, каб будаваць адзінства, “каб усе былі адно” (Ян 17, 23), а не быць полем для індывідуальнай самадэманстрацыі або ўласных злоўжыванняў. Прыгажосць цэлебрацыі літургіі (ars celebrandi) служыць таму, каб “свет паверыў”, калі бачыць супольнасць, сабраную вакол адзінага Пана.
“Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце” (Ян 17, 11). Сакрамэнтальнае жыццё – гэта “забеспячэнне” на зямным шляху. Літургічнае душпастырства не можа абмяжоўвацца толькі мурамі касцёла. Яно павінна фармаваць вернікаў такім чынам, каб яны, пакідаючы касцёл і ідучы ў сваё штодзённае жыццё, самі станавіліся “жывой літургіяй” – людзьмі, якія будуць абвяшчаць Божую славу, аб’яўленую ў святых сакрамэнтах.
Падводзячы вынікі, можна сказаць, што сённяшні фрагмент Евангелля заклікае нас да больш свядомага ўдзелу ў малітве Хрыста. Кожны літургічны жэст і кожны вернік павінны рэалізоўваць словы Хрыста: “Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына Свайго, каб і Сын уславіў Цябе” (Ян 17, 1.5).
Старшыня камісіі – кс. канонік Ян Кучынскі.






