
8 мая парафія ў Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад) святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна – св. Станіслава, біскупа і мучаніка, чый літургічны ўспамін адзначаўся ў гэты дзень.
На Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, група маладых вернікаў парафіі прыняла сакрамэнт канфірмацыі. Літургія цэлебравалася ў інтэнцыі ўсёй гэтай парафіяльнай супольнасці, якая будуе касцёл пад тытулам св. Максімільяна Кольбэ і св. Станіслава.
У гаміліі біскуп назваў сімвалічным тое, што гэтая канфірмацыя здзяйсняецца ва ўспамін святога Станіслава, “чалавека вялікай мужнасці, непахіснага сумлення і вернасці Хрысту”. “Гэты вялікі сведка веры праз усё сваё жыццё паказваў, што сапраўднае хрысціянства ніколі не было лёгкай дарогай чалавечага камфорту, а заўсёды было шляхам вернасці Богу, сумленню і праўдзе”, – сказаў іерарх. Па яго словах, у часы жыцця гэтага святога “значна прасцей было маўчаць, чым абараняць Божы закон; значна бяспечней падпарадкавацца логіцы свету, чым застацца верным Евангеллю”, – але святы Станіслаў “разумеў, што чалавек, які сапраўды належыць Хрысту, не можа маўчаць там, дзе зневажаецца праўда, дзе грэх пачынаюць называць нормай, а зло – неабходнасцю”, таму стаў мучанікам.
Біскуп заўважыў, што і сучасны свет “часта хоча прымусіць чалавека маўчаць пра Бога”, “чалавеку пастаянна гавораць пра поспех, пра кар’еру, пра грошы, пра задавальненні, пра прыгожае жыццё, але вельмі рэдка – пра тое, што чалавечая душа таксама мае патрэбу ў святле, праўдзе, малітве і любові Бога”. “Таму мы ўсё часцей бачым людзей, якія маюць вельмі многа матэрыяльнага, але пры гэтым носяць унутры неспакой, страх і пустату. Бо чалавек быў створаны не толькі для зямлі. Чалавек быў створаны для неба”, – дадаў іерарх.
Словы Езуса Хрыста з Евангелля “Ойча Святы, захавай іх у імя Тваё” і “Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога” біскуп патлумачыў так: “Езус моліцца не толькі за апосталаў таго часу. Ён моліцца за кожнага чалавека. (…) Асабліва важна тое, што Хрыстус не просіць Айца, каб вучні былі забраныя са свету. Ён кажа: «Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога». Гэта азначае, што хрысціянін не ўцякае ад жыцця і не хаваецца ад сучаснасці, а павінен жыць у гэтым свеце так, каб не страціць Бога”. Такое жыццё, адзначыў біскуп, патрабуе вялікай унутранай сілы, і яе чалавек атрымлівае ў сакрамэнце канфірмацыі.

У канфірмацыі, дадаў ён, удзяляюцца дары Духа Святога, каб “не баяцца быць людзьмі веры ў сучасным свеце”. “Гэта сакрамэнт духоўнай сталасці, праз які Бог хоча зрабіць вас мужнымі сведкамі Евангелля, – нагадаў іерарх маладым людзям. – Вера заўсёды з’яўляецца асабістым выбарам чалавека. Ніхто не можа верыць замест нас. І таму сёння Дух Святы хоча ўвайсці ў ваша жыццё не як сімвал або прыгожы абрад, а як жывая Божая прысутнасць, якая будзе вас весці, асвячаць, умацоўваць і дапамагаць вам у хвіліны жыццёвых выпрабаванняў”.
Біскуп падкрэсліў, што “без малітвы чалавек пачынае губляць унутраны супакой, і таму сёння свет мае так многа разгубленасці, трывогі, залежнасцяў, адзіноты і страху, бо чалавек навучыўся будаваць вялікія гарады, але ўсё цяжэй будуе сваё ўнутранае жыццё”.
“Не дазвольце свету забраць у вас Бога, – заахвоціў іерарх. – Сёння вельмі лёгка страціць веру не праз вялікае зло, а праз духоўную абыякавасць, калі чалавек паступова перастае маліцца, усё радзей жыве Эўхарыстыяй, усё менш адкрывае Божае слова і пачынае жыць так, быццам Бог ужо не патрэбны. Але чалавек без Бога ніколі не будзе сапраўды шчаслівым”. Біскуп дадаў, што “Бог ніколі не перастае любіць чалавека, нават тады, калі той слабне, калі памыляецца”.
Бацькам канфірмаваных біскуп нагадаў, наколькі важна маладому чалавеку бачыць веру ў сваім доме, бачыць, што бацькі ставяць Бога на першае месца. Моладзь ён заклікаў: “Не бойцеся святасці. Свет можа прапанаваць чалавеку многае, але толькі Бог можа напоўніць чалавечае сэрца сапраўдным супакоем і сапраўднай радасцю”. Пастыр дыяцэзіі пажадаў парафіянам, каб святы Станіслаў вучыў іх мужнасці і вернасці праўдзе, а другі нябесны апякун, святы Максімільян Марыя Кольбэ, – любові, ахвярнасці і поўнаму даверу Богу.
Пробашч парафіі кс. Ян Рушніцкі падзякаваў біскупу за наведванне парафіі ў дзень успаміну яе апекуна. Канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а свайму душпастыру і сястры Магдаліне Кулай CSCII – за падрыхтоўку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай






