Skip to main content

Другі дзень дыяцэзіяльных Дзён моладзі: тэатральная пастаноўка, адарацыя і канцэрт

photo 2026 05 02 23 31 54

Праграма другога дня дыяцэзіяльных Дзён моладзі ўключала тэатральную пастаноўку, канферэнцыю, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і канцэрт. Дні моладзі праходзяць з 1 па 3 мая пры смаргонскай парафіі св. Арханёла Міхала.

Тэатральная пастаноўка мела назву “Жыць Евангеллем” – сугучна дэвізу гэтых Дзён моладзі. Пастаноўку падрыхтавалі маладыя вернікі смаргонскай парафіі, у ёй паказвалася прыгажосць жыцця, згоднага з Евангеллем, – жыцця, у якім Бог не абмяжоўвае чалавека, дае яму свабоду, а разам з тым робіць яго жыццё плённым і цудоўным.

Пасля была канферэнцыя, з якой выступіў а. Яўген Голуб OFM Conv. Ён заахвоціў маладых людзей ахвяраваць сваё жыццё Богу, адзначыў, што Пан хоча шчасця для кожнага, “бачыць тое, чаго не ведае і не бачыць ніхто з нас”.

photo 2026 05 02 23 29 41

Адарацыя давала ўдзельнікам Дзён моладзі магчымасць паяднацца з Богам, адчуць Яго блізкасць. Можна было прыступіць да споведзі.

Канцэрт праслаўлення, з якім выступіў моладзевы гурт з Гродна, стаў завяршэннем гэтага дня і яркім акцэнтам сустрэчы. Начлег маладым людзям прапанавалі смаргонскія жыхары. “Гэтыя гасцінныя гаспадары не толькі адчынілі свае дзверы, але і адкрылі свае сэрцы”, – кажуць удзельнікі Дзён моладзі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі