
У праграме другога дня Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі была святая Імша, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Дні моладзі праходзяць з 1 па 3 мая пры смаргонскай парафіі св. Арханёла Міхала.
Біскуп адзначыў, што цэлебруе гэтую Імшу за ўдзельнікаў Дзён моладзі і ў інтэнцыі таго, каб яны маглі распазнаць сваё пакліканне. На літургіі спяваў моладзевы хор з Мінска “Пілігрымы надзеі”.
У гаміліі біскуп выказаў думку, што быць з Богам не азначае заўсёды смяяцца і радавацца. Ён дадаў, што прабываць з Богам цяжка, бо свет прапануе шмат усяго для маладога чалавека і паўстае пытанне, як сярод гэтай разнастайнасці застацца да канца верным Богу.
Біскуп падкрэсліў, што рашэнне, якое прапануе Касцёл і ў цяжкіх, і ў добрых абставінах – жыць Евангеллем, Радаснай Навіной (так гучыць і дэвіз гэтых Дзён моладзі). “У вашым жыцці ёсць Бог”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што важна ўсведамляць гэтую прысутнасць Бога і тое, што Ён дзейнічае і працягвае чыніць цуды ў сучасным свеце.

Біскуп звярнуў увагу таксама на тое, што ніколі не трэба губляць надзеі, трэба шукаць рашэння ў кожнай сітуацыі і памятаць, што “нават калі сто разоў не атрымаецца – атрымаецца ў сто першы”.
Біскуп, які, дарэчы, з’яўляецца наймалодшым з беларускіх каталіцкіх іерархаў, прызнаўся, што заўсёды з радасцю і энтузіязмам глядзіць на маладых людзей – будучыню Касцёла і краіны. “Шукайце і ніколі не бойцеся, што Бог ад вас адвернецца”, – заахвоціў ён удзельнікаў Дзён моладзі.
У канцы літургіі душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Яўген Амасёнак падзякаваў біскупу за прыбыццё на гэтае мерапрыемства, за пастырскае слова і благаслаўленне – удзеленае для таго, каб у маладых людзей было больш адвагі абвяшчаць сваім жыццём Евангелле.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






