
Другі дзень дыяцэзіяльных Дзён моладзі, якія праходзяць пры парафіі св. Арханёла Міхала ў Смаргоні, пачаўся майстар-класамі. Дні моладзі адбываюцца з 1 па 3 мая, у іх удзельнічаюць маладыя людзі з Гродзенскай і іншых дыяцэзій Касцёла на Беларусі.
У агульнай колькасці ў праграме было 22 майстар-класа рознай тэматыкі – ад пытанняў веры да бытавых уменняў. Іх праводзілі духоўныя і свецкія асобы, спецыялісты і аматары. Кожны ўдзельнік мог выбраць адзін з майстар-класаў.
Можна было, напрыклад, пазнаёміцца з сакрэтамі натуральнага макіяжу ці паўдзельнічаць у стварэнні кветкавых дэкарацый. Адзін з майстар-класаў быў прысвечаны тэме “Ролі, патэнцыял, лідарства – як рэалізавацца ў жыцці, знайсці цэласнасць і раскрыць свой патэнцыял; ролі і планаванне як інструмент для жыццёвага дызайну”. Для тых, хто цікавіцца сучаснымі тэхналогіямі, была магчымасць даведацца, як працуюць сацсеткі, і павучыцца выкарыстоўваць штучны інтэлект як магутнага памочніка для стварэння кантэнту. Іншы майстар-клас прысвячаўся тэме евангелізацыі ў сацсетках – тлумачылася, як у іх казаць пра веру.

Былі майстар-класы, прысвечаныя актуальным для многіх маладых людзей тэмам – сям’і, каханню, будаўніцтву здаровых адносін. У тых, хто любіць музыку, была магчымасць з дапамогай спецыялістаў стварыць “з нуля” песню ў гонар Бога, а таксама паразважаць над пытаннем: “Дзе заканчваецца музыка і пачынаецца нешта большае?” Свае здольнасці можна было праявіць таксама праз танец ці тэатральную пастаноўку. Адзін з майстар-класаў прапаноўваў “адкрыць для сябе радасць Божага слова і зразумець, чаму яно такое важнае для кожнага хрысціяніна”. Можна было пазнаёміцца са старадаўняй методыкай чытання Бібліі “Lectio Divina”, дзякуючы якой не адзін святы паглыбіў сваю веру і адносіны з Богам. Яшчэ адзін майстар-клас быў прысвечаны спорту, у яго межах былы прафесійны футбаліст бр. Сяргей Гусар OFMCap падзяліўся досведам таго, як можна праз спорт адкрываць Бога. У межах іншага майстар-класу на тэму, як служыць супольнасці сваімі талентамі, распавядалася пра стварэнне гаража, прысвечанага святому Юзафу.
“Было, сапраўды, як ніколі шмат такіх тэматычных груп, маладыя людзі маглі выбраць найбольш блізкае для сябе, тое, што яны любяць, ці тое, пра што хацелі б падрабязней даведацца, – адзначаюць удзельнікі. – Усё гэта паказвала, што кожны з гэтых маладых людзей па-свойму адметны, арыгінальны, непаўторны, у кожнага свае здольнасці і таленты, а злучае ўсіх іх вера ў Бога і жаданне жыць Евангеллем – як і гаворыцца ў дэвізе гэтых Дзён моладзі”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






