
26 красавіка, у Чацвёртую велікодную нядзелю, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Святога Духа.
Да канфірмацыі прыступілі маладыя вернікі парафіі – у агульнай колькасці 87 чалавек.
Чацвёртая велікодная нядзеля называецца нядзеляй Добрага Пастыра. У гаміліі біскуп нагадаў, што гэтая назва паходзіць з выкарыстанага Езусам Хрыстом у Евангеллі вобразу пастыра і авечак і што ў гэтым вобразе паказана любоў Езуса да людзей і клопат аб іх збаўленні.
“Людзям ХХІ стагоддзя вобраз пастыра і авечак можа здавацца далёкім і ўстарэлым, але для слухачоў Езуса ён быў вельмі блізкі, – адзначыў біскуп. – У Старым Запавеце дастаткова тэкстаў, якія прадстаўляюць Пана Бога як Пастыра свайго народу. Ізраэльцяне называлі Бога Пастырам, бо Ён вызваліў іх з егіпецкай няволі і бяспечна правёў праз пустыню ў Абяцаную зямлю. Таксама ў іншыя цяжкія моманты гісторыі выбраны народ маліўся Богу як Пастыру, падкрэсліваючы, што давярае Яго міласэрнай апецы і клопату”.
Па словах іерарха, Езус, называючы сябе Пастырам, “падкрэслівае, што пастыр стаіць на чале авечак, а яны ідуць за ім”: “Пастыр не ідзе за авечкамі, каб іх паганяць, і не дазваляе авечкам ісці туды, куды яны хочуць, а ідзе перад імі і паказвае правільны, бяспечны шлях”. “Авечкі ведаюць, што пастыр жадае іх дабра, што не звядзе іх з належнага шляху, прывядзе не да гібелі і знішчэння, а да добрай, ураджайнай пашы. Пастыр жа, ідучы на чале авечак, спадзяецца, што авечкі будуць за ім ісці, будуць слухаць яго голас”, – дадаў біскуп.
Ён прапанаваў падумаць над пытаннем: “Ці ведаюць хрысціяне ў нашы часы Езуса, свайго Добрага Пастыра, і ці слухаюць Яго голас?” Іерарх прыгадаў словы кардынала Ёзафа Ратцынгера (пазней Папы Бэнэдыкта XVI), што многія хрысціяне ўспрымаюць веру як краму самаабслугоўвання, дзе на паліцах раскладзены розныя тавары і кожны пакупнік выбірае з гэтага мноства рэчаў толькі тыя, якія хоча.

“Ёсць хрысціяне, якія прызнаюцца ў прыналежнасці Хрысту і ва ўласнай веры, але адначасова кажуць, што не з усім згаджаюцца, што не ўсе маральныя і этычныя патрабаванні лічаць абавязковымі. Аднак вера – гэта не паліца з таварам, з якой можна ўзяць тое, што нам падабаецца, а астатняе пакінуць. Хрысціянства – запрашэнне ісці за Хрыстом цяжкім шляхам Евангелля. За намі рашэнне, ісці гэтым шляхам, прымаючы ўсе цяжкасці і нязручнасці падарожжа, ці проста адмовіцца ад гэтага і жыць па-свойму, паводле ўласнай, але ўжо не Божай, сістэмы каштоўнасцяў”, – сказаў біскуп.
Ён дадаў, што акрамя голасу Езуса Хрыста вакол хрысціяніна гучыць у свеце “мноства іншых, фальшывых галасоў”, якія “абяцаюць шчасце танным коштам”, і што “заўсёды ёсць людзі, якія дазваляюць, каб гэтыя галасы імі кіравалі”, прытым “для дасягнення сваіх фальшывых, эгаістычных мэтаў дапускаюць несправядлівасць, ламаюць уласнае ці чужое сумленне, паступаюць дрэнна”.
Біскуп падкрэсліў, што “толькі Езус, і ніхто іншы, з’яўляецца Добрым Пастырам” і што “Яго збаўчая мука, смерць і ўваскрасенне – доказ таго, як моцна Ён нас палюбіў”.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, іерарх засяродзіў увагу на тэме сталасці (паколькі канфірмацыя называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці) і мужнасці – аднаго з дароў Духа Святога, якія атрымлівае чалавек у канфірмацыі. Кажучы пра мужнасць, біскуп заўважыў: “У кожнага з нас былі ў жыцці сітуацыі, калі нам было цяжка прызнацца ў прыналежнасці Хрысту. Нярэдка мы баімся публічна зрабіць знак крыжа, абараняць хрысціянскія каштоўнасці, якія высмейваюцца, прызнацца перад іншымі ў тым, што мы молімся і ходзім у касцёл. Яшчэ цяжэй жыць паводле веры”.

Разважаючы аб сталасці, біскуп сказаў, што сталы чалавек – гэта той, якога не трэба кантраляваць, напрыклад, у справах наведвання святыні і прыняцця сакрамэнтаў, “такі чалавек сам ведае, што для яго важнае і каштоўнае”, “ён не баіцца высілкаў, не ўхіляецца ад складаных рэчаў, умее быць да сябе патрабавальным нават тады, калі ніхто нічога ад яго не патрабуе”.
Сталым хрысціянінам, па словах біскупа, можна назваць таго, хто “любіць Хрыста, давярае Яму і хоча быць побач з Ім, бо ведае, што толькі Хрыстус – сапраўдны Добры Пастыр”. Біскуп пажадаў канфірмаваным, каб Дух Святы дапамог ім заўсёды слухаць голас Хрыста.
У канцы літургіі пробашч кс. канонік Павел Салабуда падзякаваў іерарху за візіт, удзяленне сакрамэнту і пастырскае слова. Вернікі, якія прыступілі да канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць усім, хто рыхтаваў іх да прыняцця сакрамэнту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай






