Skip to main content

Матэрыялы на сінадальную нядзелю

photo 2026 03 04 18 02 07 1

У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю красавіка. Гэтыя матэрыялы знаёмяць з працай сінадальных камісій па справах новай евангелізацыі і па справах экуменізму і еднасці Касцёла.

Камісія па справах новай евангелізацыі

Камісія Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі па справах новай евангелізацыі звяртае ўвагу на значэнне выразу “новая евангелізацыя”. Свае меркаванні камісія, у склад якой уваходзяць як духоўныя, так і свецкія асобы, засноўвае на фундаменце сучаснага магістэрыума Касцёла, а асабліва на вучэнні апошніх Рымскіх Пап.
Тэму новай евангелізацыі (а гэта сумесны клопат пра перадачу веры з новым дынамізмам і выкарыстаннем новых сродкаў) упершыню ўзняў святы Папа Павел VI у апостальскай адгартацыі “Evangelii Nuntiandi”, прысвечанай евангелізацыі ў сучасным свеце.

Новая евангелізацыя была адным з дэвізаў пантыфікату святога Папы Яна Паўла II. Яе прыярытэт у місіянерскай дзейнасці Касцёла быў, бадай, найбольш выразна сфармуляваны Янам Паўлам II у энцыкліцы “Redemptoris Missio”.

Пра прыярытэт новай евангелізацыі з падобным запалам гаварыў пераемнік Яна Паўла II Папа Бэнэдыкт XVI. У час свайго пантыфікату ён склікаў Генеральную асамблею Сіноду Біскупаў пад дэвізам “Nova evangelizatio ad christianam fidem tradendam” (“Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры”), якая адбылася ў Рыме ў кастрычніку 2012 года.

Пераемнік Бэнэдыкта XVI Папа Францішак па выніках працы асамблеі абвясціў апостальскую адгартацыю пра новую евангелізацыю ў Касцёле “Evangelii Gaudium”.

У гэтым дакуменце Папа Францішак сцвярджае: мы больш не можам проста чакаць, пакуль людзі прыйдуць да нас; мы павінны актыўна выходзіць за межы касцёльных будынкаў і шукаць людзей паўсюль.

Папа Францішак назваў новую евангелізацыю пастырскім навяртаннем. Ідэя заключаецца ў тым, каб звярнуцца з Евангеллем да тых, хто “адышоў” ад Касцёла.

Такім чынам, сёння ідэя новай евангелізацыі заключаецца ў тым, каб ісці з Евангеллем не да тых, хто ніколі яго не чуў, а да тых, хто перастаў яго слухаць. Ідэя ў тым, каб не асуджаць ці ацэньваць гэтых людзей якімсьці чынам, а дапамагчы ім зразумець, што яны перажываюць, і паспрабаваць звярнуцца да іх з Добрай Навіной.

Новая евангелізацыя – тое ж самае Евангелле Хрыста, якое сёння распаўсюджваецца па-новаму, адаптаванае да сённяшняй сітуацыі і асобных людзей.

Евангелізацыя грунтуецца на асабістай сустрэчы з Уваскрослым Езусам, якая вядзе да навяртання сэрца. Плёнам гэтай сустрэчы з’яўляецца жаданне перадаць радасць веры іншым. Сэнс новай евангелізацыі ў тым, каб абвяшчаць Добрую Навіну на мове, зразумелай кожнаму, да каго яна звернута.

Мэта новай евангелізацыі – каб хрысціяне аднавілі сваю адказнасць за пасланне Евангелля і былі гатовыя сапраўды звярнуцца з Евангеллем да іншых, каб зрабіць хрысціянства больш дынамічным і адкрытым на пошук людзей, якія “адышлі” ад Касцёла або жывуць без сувязі з Касцёлам.

Сінадальная камісія па справах новай евангелізацыі разважае пра неабходнасць прыцягнення ўсіх да да абвяшчэння Добрай Навіны, каб і свецкія людзі адчувалі сваю адказнасць за гэта.

Усе вернікі, а таксама евангелізацыйныя рухі і асацыяцыі, якія дзейнічаюць у Гродзенскай дыяцэзіі, пакліканы, натхнёныя Святым Духам, шукаць і развіваць ініцыятывы для абвяшчэння Добрай Навіны з дапамогай новых евангелізацыйных сродкаў, якія будуць найбольш зразумелыя сучаснаму чалавеку.

Новая евангелізацыя ў дыяцэзіі сёння ажыццяўляецца асобнымі людзьмі, а таксама праз новыя рухі і асацыяцыі, якія бяруць на сябе задачу ўласным сведчаннем жыцця і абвяшчэннем Евангелля набліжаць кожнага чалавека да сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.

Такім чынам, евангелізацыйныя рухі і асацыяцыі сёння павінны стаць у дыяцэзіі лабараторыямі для новых метадаў евангелізацыі. Адсюль розныя віды евангелізацыйнай дзейнасці, якія яны арганізоўваюць: напрыклад, евангелізацыйныя рэкалекцыі, малітоўныя семінары, пілігрымкі, евангелізацыйныя курсы і розныя сустрэчы.

Пытанні для разважання:

Якім можа быць асабісты ўдзел вернікаў у справе новай евангелізацыі?

 Як кожная свецкая асоба можа паспрыяць новай евангелізацыі ў нашай дыяцэзіі?

Камісія па справах экуменізму і еднасці Касцёла

Адна з асноўных мэтаў Другога Ватыканскага Сабору – аднаўленне еднасці ўсіх хрысціянаў. Сабор выразна адзначае: “Хрыстус Пан заснаваў адзін і адзіны Касцёл, хоць многія хрысціянскія супольнасці прадстаўляюцца перад людьмі сапраўднымі спадкаемцамі Езуса Хрыста. Адсутнасць еднасці між хрысціянамі выразна супярэчыць волі Хрыста і з’яўляецца спакусай для свету, пры гэтым прычыняе шкоду справе абвяшчэння Евангелля ўсякаму стварэнню” (UR 1).

У сувязі з гэтым Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі лічыць неабходным прапанаваць вернікам каталіцкага веравызнання сродкі, шляхі і спосабы, якія могуць ім дапамагчы ў будаванні справы еднасці паміж усімі хрысціянамі.

У першую чаргу трэба зазначыць, што на тэрыторыі Гродзенскай вобласці пасля Другой сусветнай вайны адбыўся абмен хрысціянскага насельніцтва рознай канфесійнай прыналежнасці, што матывуе нас да выпрацоўкі пэўных крокаў практычнага экуменізму, якія выражаюцца ў клопаце і павазе да культурнай і сакральнай спадчыны хрысціян іншай канфесіі. Сінод заклікае духавенства і свецкіх людзей да вывучэння гісторыі асобных касцёльных супольнасцей, іх дактрыны і духоўнасці.

Па-другое, неабходныя падтрымка ўзаемных адносін і братэрскіх сувязей з Праваслаўнай Царквой, а таксама наладжванне пастаяннага дыялогу з іншымі хрысціянскімі канфесіямі. У сувязі з гэтым, улічваючы абставіны, неабходна весці пастаянны дыялог з вернікамі Праваслаўнай Царквы, шукаючы супольныя рашэнні пры ўдзяленні святых сакрамэнтаў вернікам з каталіцка-праваслаўных сем’яў.

Іншай формай экуменічнага дыялогу, да якой заклікае Сінод, выступае малітва, якая з’яўляецца душой экуменізму і фарміруе экуменічную духоўнасць у міжканфесійных адносінах. Важна практыкаваць экуменічную малітву як у тых населеных пунктах, дзе ёсць парафіі розных хрысціянскіх супольнасцей, так і ў тых, дзе няма некаталіцкіх супольнасцей.

Па-трэцяе, важным з’яўляецца экуменічнае супрацоўніцтва, асабліва перад абліччам антыхрысціянскай культуры, якая сёння ўзмоцнена прапагандуецца. Неабходна падтрымліваць узаемадзеянне хрысціян у стварэнні і распаўсюджванні хрысціянскай культуры. Нагодай для міжканфесійных сустрэч павінны стаць культурныя мерапрыемствы, такія, як канцэрты музыкі ці рэлігійнай песні, а таксама ініцыятывы, звязаныя з паўсядзённым жыццём мясцовых супольнасцей.

У міжканфесійным асяроддзі добрай нагодай для сустрэчы і знаёмства могуць стаць касцёльныя і дзяржаўныя ўрачыстасці. Цэлебрацыі, звязаныя з удзяленнем сакрамэнту шлюбу і адпраўленнем хрысціянскіх пахаванняў, таксама з’яўляюцца нагодай для сустрэчы вернікаў розных канфесій і няверуючых. Душпастыры павінны старацца так цэлебраваць літургію і прамаўляць гамілію, каб лепш адлюстроўваць праўду адзінства веры ў Хрыста.

Падсумоўваючы, трэба зазначыць, што еднасць – плён малітвы Хрыста, якая пераўзыходзіць чалавечыя сілы. Аднак дасягаецца яна праз пакорлівае навяртанне сэрца і адпаведныя ініцыятывы, прадстаўленыя ў тым ліку і на Сінодзе Гродзенскай дыяцэзіі.

Пытанні для разважання:

 Якія выклікі існуюць сёння перад намі, каб пераадолець раздзяленне і падзел між хрысціянскімі канфесіямі ў нашых парафіях і каталіцкіх супольнасцях?

Як сёння мы можам паклапаціцца пра справу адзінства хрысціян?